Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ Ў ПРАЦЯГУ СЁНЬНЯШНЯГА ДНЯ ЗАТРЫМАЛІ БОЛЬШ ЗА 30 ЧАЛАВЕК. ЁСЬЦЬ ЗЬБІТЫЯ І ПАКАЛЕЧАНЫЯ


Любоў Лунёва, Менск

Уладзімера Плотнікава першым прывезьлі ў Цэнтральны суд зь Ленінскага ўпраўленьня міліцыі. Высьветлілася, што ў міліцыі разам зь ім трымалі дацэнта Політэхнічнай акадэміі Міколу Анцыповіча.

Спадару Анцыповічу пры затрыманьні амонаўцы разьбілі на назе костачку, таму з пастарунку яго завезьлі ў шпіталь, і там некалькі гадзінаў лекары аказвалі яму дапамогу. Цяпер спадар Анцыповіч знаходзіцца дома.

Уладзімера Плотнікава таксама зьбілі. Да таго ж яму пры затрыманьні, якім кіраваў міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў, парвалі вопратку. Уладзімер Плотнікаў пакараны штрафам 20 мінімальных заробкаў.

І Ўладзімера Юхо моцна зьбілі амонаўцы, калі затрымлівалі. Яму зламалі рабро і руку ў двух месцах. У аддзяленьні хірургіі 6-га клінічнага шпіталю спадар Юхо распавёў Радыё Свабода, як гэта адбывалася:

(Юхо: ) "Затрыманьне адбывалася вельмі хутка. Падышоў генэрал Навумаў. Спытаўся, чаму мы прыйшлі і загадаў разысьціся. Потым ён загадаў падагнаць машыны і скамандаваў хапаць.

Загад выконвалі маладыя хлопцы. Яны нявопытныя, стараліся загад выканаць. Адзін схапіў за руку і вывярнуў яе, а другі зьнізу моцна ўдарыў нагой. Вось і вынік: двайны пералом рукі й зламаная рабрына.

Потым Цэнтральны РАУС. Там доўга нешта запісвалі. Нашы хлопцы папрасілі выклікаць "хуткую дапамогу". Міліцыянты праз паўгадзіны выклікалі яе і мяне ўрэшце завезьлі сюды ў 6-ы клінічны шпіталь".

З Цэнтральнага райаддзелу міліцыі прывезьлі сяброў Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Алега Радзюка, Піліпа Рачыцкага і Ўладзімера Івашкевіча. Усіх затрыманых абвінавачваюць у парушэньні правапарадку падчас масавых мерапрыемстваў.

Алега Радзюка абвінавацілі ў тым, што ён крычаў "Жыве Беларусь!" — гэта, маўляў, лёзунг антыўрадавага зьместу. А песьня "Магутны Божа" нібыта ўтрымлівае намёк на антыдэмакратычны характар другога "Ўсебеларускага сходу".

(Радзюк: ) "Калі я сюды ехаў, я ведаў, што будзе неяк сьмешна й недарэчна, мусяць нешта прысудзіць, бо ўлады любяць палохаць. Яны папросту выканаўцы, ім усё загадваюць зьверху, нават той жа Навумаў, што быў на плошчы, глядзеўся як просты выканаўца. Генэрал сам хапаў за рукі людзей — непрыгожа".

Алега Радзюка і Піліпа Рачыцкага пакаралі штрафамі — прысудзілі па 30 мінімальных заробкаў кожнаму, а Ўладзімера Івашкевіча аштрафавалі на 20 мінімальных заробкаў.

Астатніх затрыманых — Віктара Кашэўнікава, Анатоля Лагутова, Уладзімера Раманцова і Валянціну Сучок — павезьлі на вуліцу Старажоўскую да судзьдзі Тацяны Паўлючук. Судзьдзя перанесла разгляд іхных справаў на наступны тыдзень.

Затрыманых маладафронтаўцаў Паўла Севярынца, Алеся Панцялея, Алеся Тарасава, Ягора Куніцу і Алеся Нішчыка, якія ладзілі пэрформанс на праспэкце Францыска Скарыны, амаль чатыры гадзіны трымалі ў міліцэйскіх пастарунках. Павал Севярынец быў у Савецкім аддзеле міліцыі, астатнія — у Цэнтральным. На іх не складалі пратаколаў аб правапарушэньні, таму ніякіх наступстваў ня будзе.

На гэты час у Цэнтральным аддзеле міліцыі трымаюць каля дзясятка чалавек з Жывога ланцуга неабыякавых людзей. Сярод іх сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Генадзь Пляшко, Віктар Туравец і дэпутат Валеры Шчукін. Ён моцна зьбіты — у будынак міліцыянты занесьлі яго, трымаючы за рукі й за ногі. Толькі праз тры гадзіны будзе вядома — каго адпусьцяць на волю, а каго павязуць у спэцпрыёмнік на вуліцу Акрэсьціна чакаць суда.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG