Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛЯ РЭСТАРАЦЫІ "МАКДОНАЛЬДЗ" МІЛІЦЫЯНТЫ ЗАТРЫМАЛІ ЛЕНІНА Й ДЗЯРЖЫНСКАГА


Ігар Карней, Менск

Яшчэ да акцыі пляцоўку перад "Макдональдзам", дзе плянаваўся пэрформанс, запоўнілі асобы ў цывільным з рацыямі. Таму зьяўленьне маладафронтаўцаў выклікала "выбух" у эфіры: апэратыўнікаў папярэджвалі, што да іх набліжаецца група падлеткаў.

Павал Севярынец не пасьпеў нават дастаць строй (ён мусіў быў выконваць ролю Дзяржынскага) — яго падхапілі пад рукі й заштурхнулі ў міліцэйскія "Жыгулі". Якраз гэтую карціну мы й назіралі яшчэ з адным пэрсанажам акцыі — "камсамольцам".

(Камсамолец: ) "Забралі Дзяржынскага, мабыць зараз і Леніна замятуць. Ну вось, вы ж самі бачыце, як Паўла Севярынца нейкія паршывыя міліцыянты піхаюць у аўтобус".

(Карэспандэнт: ) "Трэба меркаваць, ваша акцыя прысьвечаная другому "Ўсебеларускаму сходу"?"

(Камсамолец: ) "Так, у Палацы рэспублікі быў адзін вялізны музэй васковых фігураў, і мы таксама хацелі далучыцца да гэтага музэю".

(Карэспандэнт: ) "Вы спадзяваліся, што акцыя атрымаецца?"

(Камсамолец: ) "Дык няўжо яна не атрымалася? Яна ня ўдалася б, калі б мы проста разышліся".

(Карэспандэнт: ) "У вас толькі адна група?"

(Камсамолец: ) "Увесь музэй тут, глядзіце, можа кагосьці яшчэ сустрэнеце…"

Безь Дзяржынскага ролю правадыра ўзяў на сябе Ленін. Але й ягонага выступу хапіла ненадоўга. Праз колькі хвілінаў Ленін заняў месца ў аўтобусе, дзе ўжо сядзела некалькі "піянэраў" з групы антуражу.

(Карэспандэнт: ) "Якія яшчэ таталітарныя вобразы меліся ўдзельнічаць у пэрформансе?"

(Ленін: ) "Павінен быў быць Сталін, але не знайшлі адпаведнай па маштабе фігуры. Але быў Дзяржынскі, Гітлер і група падтрымкі — піянэры".

(Карэспандэнт: ) "А ці павінен быў зьявіцца двайнік Аляксандра Луакашэнкі? Сёньня ж такі дзень!"

(Ленін: ) "Не. Усіх бы захапалі адразу ж".

Літаральна пасьля гэтых словаў апэратыўнікі схапілі Леніна і пацягнулі за вугал.

Потым пачалося паляваньне на іншых удзельнікаў масоўкі. Агульны сэнс акцыі тлумачыць яшчэ адна "камсамолка".

(Камсамолка: ) "Сёньня міжнародны Дзень музэяў. І Малады Фронт вырашыў прывесьці жывых антыгерояў нашай гісторыі і здаць іх у музэй. Плянавалася прайсьці да Кастрычніцкай плошчы, каб паказаць, што і каго мы здаем у музэй".

(Карэспандэнт: ) "Ці чакалі вы такой апэратыўнасьці ад праваахоўчых органаў?"

(Камсамолка: ) "Мы меркавалі, што ўсё скончыцца падобным чынам, але каб так хутка! Усё ж не…"

(Другая камсамолка: ) "Фармат акцыі не прадугледжвае ніякага дазволу ўладаў. Нічога антызаконнага мы не рабілі. Таму мы спадзяваліся, што ўсё пройдзе добра".

Паводле папярэдніх зьвестак, затрыманых удзельнікаў акцыі даставілі ў Цэнтральны райаддзел міліцыі сталіцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG