Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІЦЯНКОЎ БАІЦЦА ЗА СВАЁ ЖЫЦЬЦЁ?


Алег Грузьдзіловіч, Менск

"Народная воля" распаўсюдзіла зьвесткі пра канфлікт Аляксандра Лукашэнкі са сваім былым сябрам, кіраўніком справаў Іванам Ціцянковым.

Быццам бы Ціцянкову сталі вядомыя такія пляны адносна будучыні Беларусі, зь якімі ён пагадзіцца ня мог. Як вынік, Ціцянкоў, які ўжо каля двух гадоў жыве й працуе ў Маскве, пачаў атрымліваць зь Менску пагрозы. Паводле газэты, гэтыя пагрозы ідуць з самага "верху", што дае Ціцянкову падставы ўсур’ёз баяцца за сваё жыцьцё.

Газэта нават згадвае лёсы зьніклых палітыкаў — Захаранкі, Ганчара, Красоўскага, праводзячы пэўныя паралелі. Таксама паведамляецца, што Іван Ціцянкоў мае намер сысьці з расейскай газавай кампаніі "Ітэра", дзе ён уладкаваўся пасьля ад’езду зь Менску. Таму, маўляў, што гэтая кампанія ўцягнутая ў рэалізацыю плянаў, супраць якіх выступіў былы загадчык прэзыдэнцкай гаспадаркі.

Сёньня многія ў Беларусі разважаюць — ці праўдзівыя гэтыя зьвесткі. На жаль, пакуль не ўдалося зьвязацца з самім Іванам Ціцянковым і атрымаць ад яго камэнтары.

Аднак рэдактар "Народнай волі" Іосіф Сярэдзіч сьцьвярджае, што інфармацыя на 100% дакладная, бо атрыманая ў Маскве зь першых рук. Спадар Сярэдзіч нават не выключае, што Ціцянкоў неўзабаве далучыцца да апазыцыі. Паводле рэдактара "Народнай волі", Ціцянкоў быў адзіным набліжаным да Лукашэнкі начальнікам, які мог сказаць яму праўду — і пры гэтым між імі былі вялікія супярэчнасьці.

(Сярэдзіч: ) "І зараз, і цягам пяці з паловай гадоў у іх былі гэтыя супярэчнасьці, зь першага дня. Па-рознаму людзі глядзяць на рэчы. Вось адзін зараз цягам трох гадзінаў займаецца дэмагогіяй, а другі хацеў проста працаваць", — гэтак параўноўвае Іосіф Сярэдзіч Лукашэнку зь Ціцянковым.

Паводле інфармацыі "Народнай волі", Ціцянкоў ня толькі атрымлівае ананімныя пагрозы — яго нібыта перасьледуе й пракуратура Беларусі, дзе атрымалі загад падняць усе старыя справы, у якіх фігуравала прозьвішча Ціцянкова.

Аднак у пракуратуры гэтыя зьвесткі абверглі.

(Таранаў: ) "Ня ведаю, у мяне ніякай афіцыйнай інфармацыі на гэты конт няма. Думаю, гэта выдумляюць, гэта чарговыя плёткі", — заявіў Радыё Свабода прэсавы сакратар пракуратуры Аляксей Таранаў.

Ён таксама паведаміў, што ў пракуратуры не заводзілі ніякіх справаў, у якіх бы фігураваў Іван Ціцянкоў.

Тым ня меньш, варта нагадаць, што ў большасьці гучных скандалаў сярэдзіны і канца 1990-х гадоў — такіх, як гандлёвыя махінацыі фірмы "Торгэкспа" ці фонду імя Эсамбаева — фігураваў тагачасны кіраўнік прэзыдэнцкіх справаў Іван Ціцянкоў. Гэта ён забясьпечваў ім добрыя ўмовы працы ў Беларусі.

Назіральнікі ацэньваюць тыя махінацыі ня менш як на мільярд даляраў і заўважаюць, што частку грошай трэба было аддаваць заступнікам пры ўладзе. Ва ўмовах перадвыбарчай барацьбы інфармацыя пра тыя грошы можа быць выкарыстаная, і таму назіральнікі не выключаюць, што пагрозы Ціцянкову — гэта загад маўчаць пра тое, куды пайшлі мільёны даляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG