Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І МЕНСКІ ГАРАДЗКІ СУД АДМОВІЎ ГРАМАДЗЯНАМ У ПРАВЕ АБСКАРДЗІЦЬ ВЫНІКІ ГАЛАСАВАНЬНЯ НА ВЫБАРАХ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сёньня судовая сыстэма Беларусі чарговы раз запаліла чырвонае сьвятло перад незалежнымі назіральнікамі за выбарамі. Калегія па грамадзянскіх справах Менскага гарадзкога суда на чале з судзьдзёй Жупікавай пацьвердзіла ранейшае рашэньне Маскоўскага раённага суда, які пастанавіў, што грамадзяне ня могуць абскарджваць вынікаў галасаваньня праз суд.

Гэтае рашэньне прынялі ў адказ на зварот у суд назіральнікаў Беларускага Гельсынскага камітэту. Яны сабралі шматлікія доказы фальсыфікацыі мінулых выбараў у так званую "палату прадстаўнікоў" і спрабавалі аспрэчыць вынікі па некаторых акругах, у прыватнасьці, па Маладэчанскай.

Аднак спачатку Маскоўскі раённы суд, а цяпер і гарадзкі, адхілілі скаргу назіральнікаў. Больш за тое, яны пастанавілі, што грамадзяне ўвогуле ня маюць права аспрэчваць вынікі, зацьверджаныя Цэнтральнай выбарчай камісіяй.

"Гэта супярэчыць 30-му артыкулу Канстытуцыі", — лічыць намесьнік старшыні БГК Гары Пагаляйла. Ён жа зьвяртае ўвагу на тое, што такое судовае рашэньне будзе небясьпечнае для сёлетніх прэзыдэнцкіх выбараў.

(Паганяйла: ) "Як паказала практыка выбараў у мясцовыя органы і ў "палату прадстаўнікоў", ідзе масавая фальсыфікацыя вынікаў падліку галасоў, масава парушаюцца правы выбарнікаў.

У гэтых умовах адзінай гарантыяй можа быць дзейнасьць назіральнікаў за выбарамі. Але яны павінны мець магчымасьць ня толькі назіраць, але і аспрэчваць тыя вынікі, якія ім падаюцца памылковымі. Адзіны цывілізаваны шлях дзеля гэтага — суд.

Вось чаму мы лічым, што рашэньне судзьдзяў не прымаць гэтых скаргаў да разгляду ёсьць пазбаўленьнем грамадзянаў права кантраляваць уладу. Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў нас наўмысна пазбаўляюць магчымасьці ў судзе абскарджваць вынікі галасаваньня".

Цяпер БГК зьбіраецца апэляваць да Вярхоўнага суда. А калі рашэньня ня зьменяць, БГК думае зьвяртацца ў Канстытуцыйны суд. "Яшчэ ёсьць час абараніць праз закон нашае права не пагаджацца з фальсыфікацыяй выбараў", — заяўляюць назіральнікі з БГК.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG