Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЖОДЗІНЕ ЗАСУДЗІЛІ УДЗЕЛЬНІКАЎ ПІКЕТУ, ЯКОГА НЕ БЫЛО


Алесь Мікалайчанка, Жодзіна

Судзьдзя Жодзінскага гарсуду Мікалай Самойла вынес падазраваным у правядзеньні недазволенага пікету 23 сакавіка Віктару Юркевічу, Сяргею Мікалаеву і Анатолю Рыбкаўцу папярэджаньні.

На судзе, які доўжыўся тры дні запар, абвінавачаныя паказалі, што насамрэч у раёне дарогі Менск-Ворша вымалі з сумкі нядаўна пашыты бел-чырвона-белы сьцяг, але толькі для таго, каб замерыць вышыню палотнішча, каб пасьля вырабіць для яго адпаведнай даўжыні і таўшчыні цэўка. З гэтым сьцягам Віктар Юркевіч зьбіраўся затым адзначыць Дзень Волі ў Менску.

Таму сёньня былі важнымі паказаньні галоўнага сьведкі – старшага прапаршчыка ДАІ Залужнага, бо гэта ён заўважыў у руках абвінавачаных сьцяг. Інспэктар засьведчыў, што падсудныя трымалі сьцяг над сабой так, як гэта адбываецца падчас пікетаў.

Як пракамэнтавала судовы вырак сябра БГК Іраіда Міско, якая на судзе прадстаўляла інтарэсы падсудных, цяпер на вуліцах Жодзіна гістарычны сьцяг нельга вынуць з сумкі нават па тэхнічных прычынах. Гэта ўсё роўна пагражае чалавеку прыводам у пастарунак, судом і наступным пакараньнем за недазволеную ўладамі акцыю.

Калі падсуднывя выходзілі з будынка суду, на суседнім доме зноў (як і 15 траўня) нехта з жыхароў вывесіў на сваім балконе бел-чырвона-белы сьцяг.
XS
SM
MD
LG