Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У КВАТЭРУ НАМЕСЬНІКА СТАРШЫНІ КХП БНФ ПАПКОВА ЎВАРВАЛІСЯ МІЛІЦЫЯНТЫ І ГВАЛТОЎНА ЗАХАПІЛІ ЯГО


Любоў Лунёва, Менск

Учора ўвечары ў кватэру намесьніка старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ уварваліся некалькі супрацоўнікаў міліцыі. Акрамя сваякоў спадара Папкова, там былі сакратар Управы Ўладзімер Раманцоў, Анатоль Крыварот і Алесь Чахольскі. Паміж міліцыянтамі і сябрамі партыі завязалася сапраўдная бойка.

Распавядае Алесь Чахольскі:

(Чахольскі: ) "Бойка адбывалася наступным чынам. Мы прайшлі ў другі пакой, міліцыянты пайшлі за намі. Потым яны выклікалі падмогу. Іх было 6 чалавек. Яны не прадстаўляліся. Адзін зь іх хапаўся за пісталет. Нам выкручвалі рукі. Асабіста мяне трымаў маёр Леановіч. Абадраў мне рукі. Я намагаўся дапамагчы спадару Папкову, бо гэта ж бандыцкі напад. Сяргея Пятровіча моцна зьбілі, парвалі вопратку і босага пацягнулі з кватэры ў машыну".

Сяргея Папкова адвезьлі ў Цэнтральнае ўпраўленьне міліцыі. Там на яго склалі пратакол за ўдзел у апазыцыйнай акцыі 25 сакавіка і за Чарнобыльскі шлях. Пад раніцу спадара Папкова адпусьцілі.

Сёньня намесьнік старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ сам прыйшоў у міліцыю, а потым у суд. У судзе ён запатрабаваў адваката, і судзьдзя Натальля Вайцяховіч прызначыла паседжаньне на 23 траўня. Гаворыць Сяргей Папкоў:

(Папкоў: ) "У нашых кантактах зь міліцыяй быў такі момант. Патэлефанаваў Гірэль з гарадзкога аддзелу і паабяцаў: калі я не адмоўлюся ад правядзеньня акцыі 18 траўня, то на падставе фотаздымкаў з акцыяў 25 сакавіка і 26 красавіка мяне прыцягнуць да судовай адказнасьці. Даслалі б позву, і ніякіх праблемаў. Я б пайшоў у міліцыю. Я лічу, што такі гвалтоўны захоп з удзелам міліцэйскага начальства — перавышэньне службовых паўнамоцтваў".

На думку Сяргея Папкова, бліжэйшыя дні міліцыянты будуць больш пільна сачыць за сябрамі партыі, і могуць адбыцца рэпрэсіі.

(Папкоў: ) "Мы сур’ёзна рыхтуемся да выбарчай кампаніі. Зянон Пазьняк вылучаецца ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнты, калі, канечне, абвесьцяць выбары. Мы працуем з насельніцтвам, ходзім па кватэрах і наогул па ўсёй Беларусі".

Сяргей Папкоў мае намер зафіксаваць пабоі ды зьвярнуцца ў пракуратуру са скаргай на дзеяньні міліцыянтаў, каб прыцягнуць іх да крымінальнай адказнасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG