Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГАЛАДОЎКА АЛЕНЫ ЗАХОЖАЙ У БАБРУЙСКУ ДАСЯГНУЛА МЭТЫ


Міхал Сэльмак, Бабруйск

З Аленай Захожай я сустрэўся сёньня ў хірургічным аддзяленьні бабруйскага шпіталю. Загадчык аддзяленьня Мікалай Сольскі вызначыў ейны стан як задавальняючы. Паводле ягоных словаў, спадарыня Захожая праходзіць курс рэабілітацыі пасьля галадоўкі. Старшыня Незалежнага прафсаюзу камбінату сёньня паведаміла, што насамрэч з учорашняга дня прыпыніла акцыю пратэсту. Вось як яна патлумачыла сваё рашэньне:

(Захожая: ) “На гэты момант патрабаваньне аб выдачы даведкі яшчэ не задаволенае, але намесьнік старшыні гарвыканкаму ад імя старшыні гарвыканкаму даў слова, што гэтае пытаньне будзе вырашанае і даведка будзе не пазьней за панядзелак”.

Гэтае рашэньне было прынятае ўчора ў сьценах шыннага камбінату. Працяглая галадоўка прафсаюзнага лідэра напалохала бабруйскія ўлады – у цэх, дзе яна працуе 16 траўня зьявілася прадстаўнічая дэлегацыя для ўрэгуляваньня канфлікту. Вось якія падрабязнасьці паведаміла Алена Захожая:

(Захожая: ) “Учора да мяне на працоўнае месца прыйшоў намесьнік старшыні гарвыканкаму, дырэктар заводу, намесьнік дырэктара па кадрах і сацыяльным разьвіцьці і віцэ-старшыня майго прафсаюзу Мікалай Зімін, і там гэта было абвешчана намесьнікам старшыні гарвыканкаму Гарбаняевым Віктарам”.

Даведку пра наяўнасьць у прафсаюзу юрыдычнага адрасу мусіць 19 траўня прадаставіць генэральны дырэктар “Белшыны” Дзьмітры Сівіцкі. А між тым, ён зараз знаходзіцца ў замежнай камандыроўцы і ня ведае пра дасягнутае пагадненьне, аднак паводле словаў Захожай, учора ёй было паабяцана, што ў выпадку нэгатыўнай пазыцыі кіраўніка “Белшыны” бабруйскі гарвыканкам знойдзе выйсьце і зарэгіструе суполку дэмакратычнага прафсаюзу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG