Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КІРАЎНІЦТВА БЕЛАРУСІ ЗАЯВІЛА, ШТО ПАСЛА ВІКА МОГУЦЬ ВЫСЛАЦЬ З КРАІНЫ


Валер Каліноўскі, Менск

Паводле словаў міністра Міхаіла Хвастова, урад Беларусі ня мае пярэчаньняў што да знаходжаньня самой групы АБСЭ ў Менску. Усе прэтэнзіі ўраду — да кіраўніка групы амбасадара Ганса-Георга Віка. Міхаіл Хвастоў і кіраўнік КГБ Леанід Ерын на мінулым тыдні сустракаліся з амбасадарам і папярэдзілі яго пра магчымасьць высылкі.

(Хвастоў: ) "Мы вельмі ясна далі зразумець амбасадару, што больш урад ня будзе цярпець дзейнасьці, накіраванай на кансалідацыю намаганьняў у справе дэстабілізацыі сытуацыі ў краіне. Мы таксама ясна далі зразумець амбасадару Віку, што калі ён будзе працягваць такую дэструкцыйную дзейнасьць, мы разгледзім пытаньне пра ягонае знаходжаньне".

Амбасадар Вік цяпер у Бухарэсьце. Перад ад’ездам ён зазначыў, што ня ўпэўнены, ці здолее вярнуцца ў Беларусь.

Міністар Хвастоў аднак не пацьвердзіў, што спадара Віка, як некалі выканаўчага дырэктара Беларускага Фонду Сораса Пітэра Бэрна, могуць не пусьціць у Беларусь проста ў аэрапорце:

(Хвастоў: ) "Мы ня будзем гуляць у хованкі, мы не вядзем нейкай закрытай гульні з амбасадарам Вікам. Ён чалавек прафэсійны, вельмі падрыхтаваны, і мы гэта цэнім. Але ягоная дзейнасьць ня можа быць дэструкцыйнай для ўраду.

Пытаньне пастаўленае, і калі яно будзе даведзенае да канца, мы проста папросім яго пакінуць тэрыторыю нашай краіны. Папярэдне мы паведамім пра гэта кіраўніцтву АБСЭ і прадаставім адпаведныя матэрыялы, якія сьведчаць, што дзейнасьць кіраўніка групы АБСЭ зьяўляецца дэструкцыйнай для нашай дзяржавы".

Міхаіл Хвастоў назваў дэструкцыйным удзел спадара Віка ў праекце арганізацыі сеткі ўнутраных назіральнікаў для прэзыдэнцкіх выбараў. Спадар Хвастоў лічыць, што група АБСЭ летась аплаціла працу назіральнікаў, якія сачылі за выбарамі ў "палату прадстаўнікоў":

(Хвастоў: ) "Што я бачу дэструкцыйнага ў дзейнасьці амбасадара Віка? Замежнае фінансаваньне".

Міхаіл Хвастоў ізноў казаў, што амбасадар Вік нібыта спрабуе аб’яднаць беларускую апазыцыю ды стаць ейным лідэрам.

Група АБСЭ ў Менску паведаміла, што цяпер амбасадар Вік праводзіць кансультацыі зь дзейным старшынём АБСЭ Мірчам Джэанам і камэнтаваць выказваньні міністра Хвастова да заканчэньня гэтых кансультацыяў ня будзе.

На мінулым тыдні амбасадар Вік у інтэрвію Радыё Свабода адказаў на падобныя заявы Міхаіла Хвастова, што гэта "канфлікт меркаваньняў наконт некаторых дзеяньняў Кансультацыйна-назіральнай групы" і ён гатовы іх абмяркоўваць.

На пытаньне "Ці сапраўды ён выконвае ролю цэнтру, які гуртуе беларускую апазыцыю, у чым яго абвінаваціў міністар Хвастоў?" амбасадар Вік адказаў:

(Вік: ) "Нам ня трэба вэрбаваць ані шпіёнаў, ані ўзброеных назіральнікаў. Мы таксама ня ёсьць цэнтрам апазыцыі. Мы ёсьць групай, якая дае парады ўраду і грамадзянскай супольнасьці, палітычным партыям у адпаведнасьці з Дэклярацыяй саміту АБСЭ, што прайшоў у лістападзе 1999 году, зьмест якой ёсьць унёскам АБСЭ ў працэс дэмакратызацыі.

Мы падтрымліваем кантакты з усімі, хто зацікаўлены ў дэмакратызацыі гэтай краіны".
XS
SM
MD
LG