Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАЎТРА Ў МЕНСКУ ПРОЙДЗЕ НЕКАЛЬКІ АКЦЫЯЎ ПРАТЭСТУ АПАЗЫЦЫІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Найбольш буйная акцыя мусіць адбыцца заўтра на плошчы перад Палацам Рэспублікі, дзе будзе праходзіць скліканы ўладамі "Ўсебеларускі народны сход", плянуюць яе сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ. Яны заклікаюць людзей прыйсьці а 8-й гадзіне раніцы на Кастрычніцкую плошчу, каб выказаць пратэст супраць парушэньня ўладамі Канстытуцыі й здачы незалежнасьці Беларусі. Гаворыць сакратар Сойму партыі Валер Буйвал:

(Буйвал: ) "Адчуваецца ўжо па ўсім, што рэжым разам са сваімі сатрапамі зьбіраецца груба ламаць Канстытуцыю. Вось людзі зьбяруцца з самай раніцы й будуць на плошчы да 20-й вечара, каб выказаць свой пратэст супраць ламаньня Канстытуцыі. Каб запабегнуць здачы нашай дзяржавы ў Расейскую імпэрыю і іншым антызаконным актам, якія могуць быць прынятыя на гэтым антынародным сходзе. Самае галоўнае — выказаць сваю нязгоду з гэтай палітыкай".

Паводле ягоных словаў, дзеля ўдзелу ў акцыі заўтра ў Менск прыедуць людзі з розных рэгіёнаў Беларусі. Акцыя будзе праходзіць несанкцыянавана, паколькі гарадзкія ўлады не далі дазволу на яе правядзеньне ў цэнтры, накіраваўшы ўдзельнікаў на плошчу Бангалёр.

Пры гэтым прадстаўнікі гарадзкой управы міліцыі папярэдзілі арганізатара акцыі, намесьніка старшыні партыі Сяргея Папкова, што, калі ён не адмовіцца ад ранейшых намераў, то яго прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці за арганізацыю шэсьця 26 красавіка. Учора міліцыянты выканалі сваю пагрозу.

Яшчэ адну вулічную акцыю пад назваю "Ланцуг неабыякавых людзей", правядуць заўтра актывісты Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Удзельнікі яе з партрэтамі Юр'я Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага й Зьмітра Завадзкага стануць ланцугом ад плошчы Незалежнасьці да Кастрычніцкай плошчы і ад 18-й да 19-й гадзіны будуць раздаваць мінакам спэцыяльны выпуск газэты "Народная воля" з матэрыяламі пра зьніклых.

Гаворыць адзін з арганізатараў акцыі, старшыня выканкаму АГП Яўген Лабановіч:

(Лабановіч: ) "Мы лічым, што гэта абавязкова трэба зрабіць заўтра, каб паказаць, што ў Менску ёсьць шмат неабыякавых людзей, якіх зусім ня менш чым 2 000 чалавек, якіх Лукашэнка зьбірае на свой гэтак званы "Ўсебеларускі народны сход". І абавязкова гэта павінна прайсьці менавіта ў гэты дзень, калі ён праводзіць свой сход, каб нагадаць пра зьніклых у Беларусі людзей".

Мерапрыемства будзе праходзіць у межах акцыі "Хочам ведаць праўду", арганізаванай Аб’яднанай грамадзянскай партыяй. Як вядома, учора ў розных гарадах Беларусі й Эўропы прайшлі пікеты, прысьвечаныя зьніклым людзям. Паводле Яўгена Лабановіча, акрамя акцыяў у Менску, Слуцку, Салігорску, Брусэлі й Маскве, пікет таксама адбыўся каля амбасады Беларусі ў Таліне. Яго арганізавалі актывісты партыі "Саюз Айчыны".

З нагоды "Ўсебеларускага народнага сходу" палітычны пэрформанс у цэнтры Менску заўтра таксама маюць намер правесьці й актывісты Маладога Фронту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG