Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПОЛЬШЧА ПАЛІТЫЧНЫХ УЦЕКАЧОЎ ПА СФАБРЫКАВАНЫХ У БЕЛАРУСІ КРЫМІНАЛЬНЫХ СПРАВАХ ВЫДАВАЦЬ НЯ БУДЗЕ


Ігар Карней, Менск

Кіраўнікі адразу двух афіцыйных польскіх ведамстваў падкрэсьлілі, што палітычных уцекачоў, на якіх у Беларусі сфабрыкаваныя справы, перадаваць беларускім уладам ня будуць.

Генэральны пракурор Польшчы (і ён жа адначасна міністар юстыцыі) Лех Качыньскі зазначыў, што ўвогуле прыпыненьне Дамовы аб прававой дапамозе паміж Польшчай і Беларусьсю цяпер ня ёсьць мэтазгодным, але праблема існуе: беларускія ўлады ўсё часьцей выкарыстоўваюць дамову дзеля расправы з палітычнымі апанэнтамі.

Пракамэнтаваць словы Леха Качыньскага, а таксама міністра замежных справаў Уладзіслава Барташэўскага я папрасіў старшыню "Зьвязу беларускіх палітычных уцекачоў у Польшчы" Яна Абадоўскага. На сувязі зь Беластоку спадар Абадоўскі:

(Абадоўскі: ) "Трэба адразу зазначыць: генэральны пракурор зьяўляецца апошняй інстанцыяй, якая падпісвае дакумэнт аб экстрадыцыі. Польскія суды ў Польшчы выказваюць толькі сваё стаўленьне да магчымых варыянтаў разьвіцьця падзеяў".

(Карэспандэнт: ) "Як вы ацэньваеце падобнае выказваньне з боку міністра замежных справаў?"

(Абадоўскі: ) "Ён таксама падкрэсьліў, што прыпыненьне дзейнасьці дамовы было б не патрэбнае, каб беларуская пракуратура так актыўна не фальсыфікавала судовыя справы. МЗС заявіла: польскі суд ня будзе браць пад увагу справы, калі будуць доказы, што гэта справы палітычныя. Як вынік, беларускія палітычныя ўцекачы ня будуць праходзіць па лініі Інтэрполу і іх ня будуць выдаваць назад у Беларусь".

(Карэспандэнт: ) "Такім чынам, польскі бок непакоіцца, што людзі могуць быць пакараныя найперш за палітычную актыўнасьць?"

(Абадоўскі: ) "Толькі так. У заявах двух афіцыйных асобаў Польшчы падкрэсьліваецца: вышэйшае польскае кіраўніцтва падтрымлівае беларускую апазыцыю і не зьбіраецца высылаць у Беларусь апазыцыянэраў".

(Карэспандэнт: ) "Ці ёсьць у вас інфармацыя пра патэнцыйных палітычных уцекачоў зь Беларусі?"

(Абадоўскі: ) "Зьвяртаецца шмат людзей, якія праходзяць па сфабрыкаваных крымінальных справах. Беларуская пракуратура вельмі актывізавала свае дзеяньні тут, у Польшчы. Пераважна йдзе ўціск на беларускіх прадпрымальнікаў, якія дапамагалі апазыцыі. Усе ідуць па нявыплатах крэдытаў альбо па іншых эканамічных справах", — паведаміў па тэлефоне зь Беластоку старшыня "Зьвязу беларускіх уцекачоў у Польшчы" Ян Абадоўскі.

Спадар Абадоўскі таксама дадаў, што сябры Зьвязу актыўна супрацоўнічаюць з палітычнымі партыямі ды дэпутатамі польскага Сэйму, каб ініцыяваць прыпыненьне Дамовы паміж Польшчай і Беларусьсю аб прававой дапамозе, якая была падпісаная ў 1994 годзе.

Зараз, паводле Абадоўскага, гэтая дамова ўжо ня ёсьць спосабам вяртаньня незаконных мігрантаў, але інструмэнт расправы з палітычнымі апанэнтамі рэжыму.
XS
SM
MD
LG