Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ПРЫВІТАНЬНЕ ІВАНУ ІВАНАВІЧУ”


Агляд падрыхтаваны рэдакцыяй газэты.

Газэта “Рабочы” друкуе фатаздымкі, на якіх можна пабачыць, як гэта адбывалася, і нагадвае Івану Іванавічу, які зьехаў у Расею: “Вы зараз далёка. Але ведайце, што гэты эпізод вашай біяграфіі не забыты ў Беларусі”. Журналісты паведамляюць таксама пра акцыю “Маладога Фронту”, які гадавіну забароны нацыянальнай сымболікі адзначыў вывешваньнем бел-чырвона-белых сьцягоў у больш як 20 гарадах краіны.

“Сувэрэнітэт на трынаццаць гадзін” – так называецца калёнка рэдактара ў рубрыцы “Надзённае”, дзе абмяркоўваецца скандал з адключэньнем расейскіх тэлеканалаў 8-9 мая. “У перадвыбарчай камандзе Лукашэнкі верх канчаткова ўзялі тупыя адстаўныя палітработнікі, якія нічога новага людзям прапанаваць ня могуць і здольныя толькі лапаць тэлевізійны рубільнік ды несьці з экрана тапорную прапагандысцкую лухту,” – лічыць Віктар Івашкевіч.

У матэрыяле “Яны прагнуць яго сьмерці” расказваецца пра 20-дзённую галадоўку вязьня магілёўскай турмы Дзьмітрыя Абадоўскага. Восем дзён 27-гадовы юнак не ўжываў нават вады, і ў цяжкім стане быў зьмешчаны ў лякарню. Гэта ўжо пятая галадоўка, якую Дзьмітры правёў на знак пратэсту супраць незаконнага ўтрыманьня ў турме.

“Хай яна возьме ды памрэ” – гэтак адрэагавалі ўлады Бабруйска на галадоўку Алены Захожай, старшыні Незалежнага прафсаюзу камбінату “Белшына”. 49-гадовая жанчына, інвалід трэцяй групы, ня бачыць іншага выйсьця прымусіць улады зарэгістраваць прафсаюзную арганізацыю. Пра апошнія зьвесткі вакол паўмесячнай галадоўкі прафсаюзнай лідэркі паведамляе карэспандэнт “Рабочага” ў Бабруйску Віктар Качан.

Паразу пацярпела барысаўская пракуратура ў сваіх намаганьнях пакараць мясцовых сацыял-дэмакратаў па новым крымінальным артыкуле – “Зьнявага прэзыдэнта”. Прэцэдэнту ў судовай практыцы Беларусі не адбылося. Аб гэтай “забаўляльнай” гісторыі распавядаецца ў артыкуле “1:0 на карысьць доктара Шчыгельскага”. Не інакш як “кур’ёзнай” нельга назваць і адмову магілёўскіх уладаў зарэгістраваць на прадпрыемствах пярвічкі Свабоднага прафсаюзу – на падставе таго, што яго ініцыятары праводзілі “несанкцыянаваныя” пікетаваньні і распаўсюджвалі ўлёткі, якія, як напісалі ў адказе чыноўнікі, накіраваныя на “дэстабілізацыю маральна-псыхалягічнага клімату”. Аб гэтым матэрыял Ірыны Дубовік.

“Суседняя краіна, якой мы ня ведаем” – так лічыць аўтар Мікалай Лазовіч, які некалькі дзён таму вярнуўся з Латвіі. Сваімі ўражаньнямі ад убачанага ён дзеліцца ў артыкуле “Проста Латвія”.

Газета прапануе таксама інтэрвію Міхаіла Чыгіра аб паездцы ў Маскву і чарговую рубрыку “Кар’ера”, якая распавядае пра платнае навучаньне ў беларускіх ВНУ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG