Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗЕЙНЫ СТАРШЫНЯ АБСЭ І АМБАСАДАР ВІК АБМЯРКУЮЦЬ ПАЛІТЫЧНУЮ СЫТУАЦЫЮ Ў БЕЛАРУСІ


Уладзімер Глод, Менск

Паводле амбасадара Віка, сустрэча зь дзейным старшынём АБСЭ, міністрам замежных справаў Румыніі Мірчам Джэанам выкліканая адмоўнай рэакцыяй беларускіх уладаў на ўсе ініцыятывы АБСЭ. Напрыклад, ніводнай прапановы, нават ня вельмі прынцыповай, наконт зьмяненьня рамачных умоваў прэзыдэнцкіх выбараў улады не прынялі.

Адмоўная рэакцыя і на прапанову вядомай міжнароднай арганізацыі зьмяніць у дэкрэце №8 рэгістрацыйны прынцып атрыманьня гуманітарнай дапамогі на паведамляльны.

А самога спадара Віка беларускія ўлады ўсё часьцей абвінавачваюць у тым, што ягоная група нібыта выходзіць за межы мандату АБСЭ.

У Міністэрстве замежных справаў спадару Віку далі зразумець, што ня выключаная сытуацыя, пры якой у яго могуць паўстаць праблемы з уездам у Беларусь. Хаця, як сьведчыць амбасадар Вік, ён мае дыпляматычную візу на шматразовае наведваньне Беларусі да кастрычніка гэтага году.

Гэтыя абставіны таксама патрабуюць кансультацыяў зь дзейным старшынём АБСЭ. "Чаго можна чакаць ад сустрэчы ў Бухарэсьце?" — на гэтае пытаньне адказвае ўдзельнік сёньняшьняга паседжаньня, сябар дэлегацыі Вярхоўнага Савету 13 скліканьня ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Ўладзімер Нісьцюк:

(Нісьцюк: ) "Вельмі шмат памылак зрабіла беларускае кіраўніцтва, што такім чынам паставілася да спадара Віка. Спадар Вік — гэта вельмі аўтарытэтны, вельмі моцны дыплямат, якога ведае ўвесь сьвет, якога ўвесь сьвет паважае за тое, што ён зрабіў у Беларусі. Гэта апошні магчымы мосьцік у перамовах паміж уладамі й апазыцыяй.

Калі зараз спадар Лукашэнка такім чынам будзе працягваць сваю дзейнасьць супраць АБСЭ і супраць спадара Віка, мне бачыцца, што АБСЭ нагадае спадару Лукашэнку Стамбульскі саміт, падпісаныя там дакумэнты, нагадае яму Санкт-Пецярбурскую асмаблею АБСЭ 1999 году і запатрабуе выконваць рэзалюцыі, якія былі там ня толькі прынятыя, але і Стамбульская дэклярацыя, прыкладам, была падпісаная спадаром Лукашэнкам.

Калі ж паўстане пытаньне пра супрацьпастаўленьне Беларусі АБСЭ, дык, мне бачыцца, што гэта можа завершыцца эканамічнымі санкцыямі з боку Захаду, праз Эўрапейскі саюз і іншыя ўплывовыя арганізацыі, што адмоўна адаб'ецца на стане беларускай эканомікі".

Можна меркаваць, што міжнародная супольнасьць будзе і надалей дэманстраваць сваю зацікаўленасьць беларускімі справамі. Пра гэта сьведчыць сэмінар у справе назіраньня за прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі, што мусіць прайсьці пры канцы траўня ў Варшаве, дзе месьціцца Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека — структурнага падразьдзяленьня АБСЭ.

Таксама плянуецца, што да канца траўня Менск наведае Элізабэт Расмусан, якая ўзначальвала групу тэхнічных экспэртаў згаданага Бюро на выбарах у "палату прадстаўнікоў" 2-га скліканьня.
XS
SM
MD
LG