Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЭЛЕГАТАМ “УСЕБЕЛАРУСКАГА СХОДУ” У БЕРАСЬЦІ І ПІНСКУ ЎЛАДЫ ЗРАБІЛІ КАШТОЎНЫЯ ПАДАРУНКІ


Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

30-ці вылучэнцам ад Пінску і 15-ці ад Пінскага раёну прэзэнтавалі ў гарвыканкаме сёньня дываны памерам 1 мэтар на 1,5 мэтра.

Напярэдадні дэлегаты двума аўтобусамі езьдзілі ў абласны цэнтар, дзе ім уручылі бытавыя кухонныя машыны "Берасьце". У адной зь пінскіх крамаў мы даведаліся, што такая машына каштуе каля 45 000 рублёў.

Па тэлефоне мы апыталі дэлегатаў: ці атрымалі яны машыну ды дыван. Дэлегаты адказвалі па-рознаму. Адны казалі, што падарункі ўжо атрымалі, некаторыя заявілі, што нічога пра гэта ня ведаюць. Адзін з апытаных заявіў, што падарунак пэўна яшчэ атрымае.

Старшыня Пінскага гарвыканкаму Васіль Шуст пацьвердзіў, што падарункі сапраўды ўручылі, і аплочаныя яны коштам абласнога бюджэту, а горад за гэта плаціць ня будзе.

Цікава, што загадчык аддзелу арганізацыйна-кадравай работы гарвыканкаму Эдуард Лявоцкі, які непасрэдна займаўся гэтай справай і езьдзіў разам з дэлегатамі ў Берасьце, сказаў, што нічога пра падарункі ня ведае.

Гэткае адарэньне дэлегатаў выклікае аналёгіі з савецкім часам, калі ўдзельнікам камуністычных зьездаў таксама ўручалі падарункі.

Уладзімер Рылько, удзельнік дванаццаці зьездаў Камуністычнай партыі Беларусі і чатырох зьездаў КПСС распавёў нашаму радыё, што ў часе гэткіх мерапрыемстваў, асабліва саюзнага ўзроўню, падарункі давалі заўсёды. Найбольш значны, што атрымаў спадар Рылько, — прыймач са зьезду КПСС. Падарункаў з дванаццаці зьездаў беларускіх камуністаў ён не згадаў.
XS
SM
MD
LG