Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ДЭПУТАТ ДЗЯРЖДУМЫ РАСЕІ БОНДАР: ЭЛІТЫ РАСЕІ НЕ ЗАДАВОЛЕНЫЯ ЛУКАШЭНКАМ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сёньня Менск на запрашэньне беларускай апазыцыі наведала дэлегацыя дэпутатаў расейскай Дзярждумы на чале з намесьнікам камісіі ў справах мясцовага самакіраваньня Вадзімам Бондарам. Ён прадстаўляе Саюз правых сілаў, які актыўна супрацоўнічае зь беларускай дэмакратычнай апазыцыяй, найперш з Аб’яднанай грамадзянскай партыяй.

Пасьля сустрэчаў з шэрагам беларускіх палітыкаў Вадзім Бондар даў інтэрвію Радыё Свабода, якое збольшага тычылася прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.

Дэпутат заявіў, што расейскія эліты, у тым ліку бізнэсоўцы, не задаволеныя вынікамі сямігадовага кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі, таму шукаюць яму замену.

(Бондар: ) "Палітычныя эліты ў Расеі хацелі б падтрымаць адзінага дэмакратычнага кандыдата — зразумела, у той ступені, як гэта магчыма, бо выбары — гэта ўнутраная беларуская справа, і мы гэтае права паважаем".

Між тым, Вадзім Бондар ацэньвае шанцы Аляксандра Лукашэнкі на перамогу як дастаткова вялікія, найперш таму, што дэмакратам дагэтуль не ўдалося вылучыць адзінага кандыдата. На думку спадара Бондара, гэта трэба зрабіць неадкладна. Праўда, расейскі палітык, зыходзячы з уласнага палітычнага досьведу, ня верыць, што ўсе прэтэндэнты стрымаюць сваё абяцаньне саступіць найбольш удаламу.

Прадстаўнік Саюзу правых сілаў Расеі заявіў пра сваё бачаньне беларуска-расейскага саюзу. На ягоную думку, гэта мусіць быць эканамічны саюз дзьвюх роўных правамі краінаў, на ўзор Эўразьвязу.

Але пакуль і гэткая мадэль інтэграцыі немагчымая, на думку Вадзіма Бондара, бо беларускі рэжым антыдэмакратычны і першыя гэта адчуваюць расейскія бізнэсоўцы, якія баяцца супрацоўнічаць зь Беларусьсю. Саюз Беларусі й Расеі ў сёньняшнім выглядзе дэпутат назваў "дэмагагічным".

На думку Вадзіма Бондара, расейскі прэзыдэнт Пуцін і ягоная адміністрацыя зоймуць на 100 адсоткаў прагматычную пазыцыю адносна беларускага кандыдата на прэзыдэнта. "Уладзімер Пуцін будзе падтрымліваць таго, хто мае больш шанцаў", — перакананы расейскі дэпутат Бондар.

Адзінаму беларускаму кандыдату ад апазыцыі расейскі дэпутат дае рэцэпт, як стаць наймацнейшым — у перадвыбарчай барацьбе шырока выкарыстоўваць тэзыс пра эканамічную інтэграцыю з Расеяй і прапаноўваць канкрэтныя законапраекты ды праграмы, якія дапамогуць людзям самім гаспадарыць і наладжваць жыцьцё.

(Бондар: ) "Дэмакратыя павінна быць сапраўднай, а ня лёзунгавай. З гэтым, на жаль, вялікія праблемы ў Беларусі", — лічыць дэпутат расейскай Думы Вадзім Бондар.
XS
SM
MD
LG