Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІХАІЛ МЯСЬНІКОВІЧ: 18 ТРАЎНЯ МОЖНА БУДЗЕ ГЛЯДЗЕЦЬ І РАСЕЙСКІЯ КАНАЛЫ


Ігар Карней, Менск

Журналістаў найперш цікавіла, ці будзе ў тэлегледачоў 18 траўня магчымасьць глядзець нейкія іншыя каналы апроч БТ — прыгадалі досьвед 5-гадовай даўніны, а таксама нядаўнюю спробу "дэманстрацыі сувэрэнітэту".

У адказ Міхаіл Мясьніковіч паабяцаў, што тэлевізійная альтэрнатыва застанецца. Адначасова параіў за сходам сачыць, бо там будуць вырашаць такія актуальныя пытаньні як, прыкладам, памеры заробкаў, якія да 2005 году, паводле словаў Мясьніковіча, павінны дасягнуць... 250 даляраў ЗША.

Кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі не пажадаў казаць пра выдаткі беларускіх падаткаплатнікаў у сувязі са зьездам.

(Мясьніковіч: ) "Сродкі невялікія, таму што сход будзе адзін толькі дзень. Каштарыс дакладны яшчэ не зацьверджаны, таму адкажу на гэта пытаньне некалькі пазьней".

Дарэчы, гэта была першая й апошняя спроба кіраўніка адміністрацыі размаўляць па-беларуску.

Адно з самых нязручных для высокага чыноўніка пытаньне — чаму на зьезд не дапушчаныя апанэнты цяперашняга рэжыму. Тым больш, што некаторыя партыі (напрыклад, АГП) прапаноўвалі ўладзе сапраўды прадэманстраваць плюралізм. Вось што на гэты конт сказаў Міхаіл Мясьніковіч:

(Мясьніковіч: ) "Калі б іх абралі дэлегатамі — не было б пытаньняў. Што тычыцца "запрашалі-не запрашалі": не, у лік запрошаных яны ня трапілі. Бо на якіх падставах? Затое прадстаўленыя патрыятычны блёк, камуністы, прафсаюзы й шэраг іншых".

Мясьніковіч мяркуе, што гасьцей будзе вельмі шмат, уключаючы акрэдытаваных дыпляматаў і прадстаўнікоў іншых краінаў. Спыталіся й пра тое, хто мае намер прыехаць з Расеі. Міхаіл Мясьніковіч паведаміў, што ў Маскве нібыта ідзе сапраўдная бойка між тымі, хто жадае сюды трапіць.

На сходзе апроч так званых вылучэнцаў фактычна ў 100-адсоткавым складзе будзе ўсё цяперашняе кіраўніцтва. Нават калі нейкі міністар альбо дэпутат "палаты прадстаўнікоў" ня быў адмыслова абраны "зьнізу", ягоная прысутнасьць, паводле словаў Мясьніковіча, абумоўленая "інтарэсамі дзяржавы".
XS
SM
MD
LG