Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ РАЗЬЛІЧВАЕ ЗРАБІЦЦА НЯСТАЛЫМ СЯБРАМ РАДЫ БЯСЬПЕКІ ААН


Валер Каліноўскі, Менск

Выступаючы з адмысловай лекцыяй у Беларускім дзяржаўным ўнівэрсытэце, міністар замежных справаў Міхаіл Хвастоў паведаміў, што ўрад Беларусі распрацаваў адмысловую праграму дзеля атрыманьня падтрымкі розных дзяржаваў на выбарах нясталага сябра Рады Бясьпекі ААН. Беларусь на гэтых выбарах будзе канкураваць з Баўгарыяй.

Задачу дамагчыся сяброўства ў Радзе Бясьпекі перад МЗС паставіў Аляксандар Лукашэнка. Варта нагадаць, што Беларусь аднаго разу ўжо намагалася стаць сябрам Рады Бясьпекі — калі Вячаслаў Кебіч перад прэзыдэнцкімі выбарамі спрабаваў палепшыць імідж сваёй палітыкі. Вынік тады быў адмоўны. І цяпер Міхаіл Хвастоў ня надта упэўнены ў посьпеху:

(Хвастоў: ) "Што датычыць рэальных магчымасьцяў, то яны дастаткова высокія. Мы сёньня маем падтрымку каля 80 дзяржаваў, прыкладна столькі ж мае і Баўгарыя. Але выбары ў Раду Бясьпекі ААН праходзяць заўсёды складана, пад вялікім ціскам, таму казаць сёньня, ці выйдзем мы пераможцамі пасьля галасаваньня, якое пройдзе ў кастрычніку, я думаю, пакуль заўчасна".

Міністар паведаміў, што, паводле ягонай інфармацыі, большасьць краінаў Азіі, Афрыкі ды Лацінскай Амэрыкі, якія ўваходзяць у Рух недалучэньня, прагаласуе на карысьць Беларусі.

Паводле словаў Міхаіла Хвастова, паколькі доступ Беларусі на эўрапейскія рынкі цяпер абмежаваны, вырастае значэньне дачыненьняў з краінамі Афрыкі, якія калісьці супрацоўнічалі з былым Савецкім Саюзам. Замест Эўрапейскага Зьвязу Беларусь, такім чынам спрабуе разьвіваць свае дачыненьні з Афрыканскім зьвязам, што цяпер фармуецца:

(Хвастоў: ) "Беларусі жыцьцёва неабходна разважліва пераразьмяркоўваць свае рэсурсы і зьнешнія сувязі ў бок краінаў, што разьвіваюцца, у тым ліку афрыканскіх, у вачах якіх нашая краіна была й застаецца надзейным партнэрам".

Тым ня менш, Міхаіл Хвастоў ня змог паведаміць пра магчымасьці нейкіх інвэстыцыяў з афрыканскага кантынэнту, за выключэньнем хіба што абяцанкі лібійскага дыктатара Кадафі пералічыць 300 мільёнаў даляраў на супольную вытворчасьць.

Няма ў Беларусі й ніводнай амбасады краінаў афрыканскага кантынэнту, усе яны дзейнічаюць па сумяшчальніцтве — нягледзячы на тое, што Беларусь мае амбасады ў Эгіпце, Лібіі, Паўднёвай Афрыканскай Рэспубліцы і хутка будзе адкрытая амбасада ў Марока.

Міхаіл Хвастоў таксама лічыць, што Беларусь магла б перагледзець свой няўдзел у міратворчых сілах ААН, у тым ліку на афрыканскім кантынэнце, спачатку пасылаючы туды сваіх тэхнічных спэцыялістаў і мэдыкаў.
XS
SM
MD
LG