Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“КРОК ДА СВАБОДЫ” ЮР’Я ХАДЫКІ


Віталь Тарас, Прага

(Хадыка:) “Свабода ня можа ні ўспрымацца, ні разумецца ў адрыве ад несвабоды. Толькі тады, калі ёсьць адчуваньне несвабоды, у чалавека складаецца пэўнае ўяўленьне пра тое, што такое свабода”.

Гэтыя словы Юр’я Хадыкі – зь інтэрвію, якое запісала ў яго дома наш карэспандэнт у Менску Любоў Лунёва. Перад гэтым ён правёў некалькіх тыдняў у шпіталі. Юр’я Хадыку напаткала цяжкая хвароба.

Да ягоных выказваньняў аб свабодзе мы зьвернемся крыху пазьней. А зараз – вартая ўвагі дэталь. Як ні дзіўна, прозьвішча аднаго зь лідэраў БНФ няма ў даведніку “Дэмакратычная апазыцыя Беларусі. 1956-1991”. У невялічкую кніжку ўвайшлі біяграфіі з партрэтамі даволі многіх людзей – і вядомых, і малавядомых. Не стае там толькі біяграфіі Юр’я Хадыкі.

Беларускія энцыкляпэдычныя выданьні таксама тут не дапамогуць. Давялося скарыстацца замежнай крыніцай – кнігай “Беларуская думка ХХ стагодзьдзя”, выдадзенай Польскай Акадэміяй Навук у 1998 годзе. У прадмове да артыкулу Юр’я Хадыкі “Беларуская нацыянальная ідэя на мяжы двух стагодзьдзяў” чытаем пра аўтара:

“Нарадзіўся ў 1938-м годзе ў Менску. Скончыў фізычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту ў 1960-м. Абараніў кандыдацкую й доктарскую дысэртацыі. Вядучы навуковы супрацоўнік Інстытуту фізыкі Акадэміі навукаў Беларусі.

У 1980-м за распрацоўку і забесьпячэньне дзейнасьці касьмічнай сыстэмы раньняга папярэджаньня аб ракетным нападзе адзначаны прэміяй Савету Міністраў СССР.

З 60-х гадоў у беларускім нацыянальна-адраджэнцкім руху. Прымаў непасрэдны ўдзел у стварэньні Музэю старажытнабеларускай культуры. Аўтар манаграфіяў па фізыцы, гісторыі мастацтва й паліталёгіі, суаўтар “Гісторыі беларускага мастацтва” ў 6-і тамах”.

У 60-я гады прафэсія фізыка ў Савецкім Саюзе была чымсьці большым як прафэсійны занятак. Нездарма ў тагачасным грамадзтве ўзьнікла дыскусія наконт “фізыкаў” і “лірыкаў”. Але самае істотнае, што з асяродку навуковай інтэлігенцыі, найперш – матэматыкаў і фізыкаў зь іх аналітычным складам розуму і пэўнай незалежнасьцю поглядаў, выйшлі вядомыя дысыдэнты і нонкамфармісты. Дастакова згадаць імя акадэміка Андрэя Сахарава. Зь беларускіх навукоўцаў можна прывесьці імёны фізыка-ядзершчыка Станіслава Шушкевіча, а таксама спэцыяліста ў аптычнай фізыцы Юр’я Хадыку.

Успамінае гісторык, дэпутат Вярхоўнага савету 12-га скліканьня Алег Трусаў:

(Трусаў: ) “Па-першае, гэты чалавек – сапраўдны “шасьцідзесятнік”. Ён быў у ліку тых людзей, зь якіх я, будучы студэнтам, браў прыклад. Калі я быў студэнтам, дык ужо ведаў, што ёсьць такая група фізыкаў на чале з Вольгай Церашчатавай і спадаром Хадыкам, якія стваралі ў той час музэй старажытнай беларускай культуры.

І калі яны ў самы хрушчоўскі разгул “змаганьня з рэлігіяй” езьдзілі па закінутых цэрквах, касьцёлах, ратавалі сьвятыя абразы, скульптуры, прывозілі гэта ў Акадэмію Навук – для мяне гэта было адкрыцьцё. Я ніяк ня мог уцяміць, што салідныя людзі (яны ж ужо былі кандыдаты, многія – дактары навук), не гісторыкі, не мастацтвазнаўцы так пачалі ратаваць нашую Бацькаўшчыну.

Я лічу, што заслуга Хадыкі і ягоных сяброў настолькі велізарная, што мы зразумеем гэтую ролю гадоў праз трыццаць-сорак, калі ўжо будзе пісацца гісторыя Беларусі ХХ стагодзьдзя менавіта з культуралягічнага гледзішча. Можа быць, як палітык Хадыка трошку рамантык, я сказаў бы – чалавек, які трошку адарваны ад жыцьця. А вось як культуроляг, як адраджэнец – гэта Чалавек зь вялікай літары.

Спадар Хадыка заняў тую нішу, якую мог заняць толькі чалавек
са спэцыяльнай адукацыяй. Бо ён, будучы фізыкам, напрыклад, і яго сябры паставілі пытаньне, як дапамагчы рэстаўрацыі нашых абразоў з дапамогай розных радыялягічных мэтадаў, рэнтгенаўскага апраменьнваньня. Мы былі “нулявыя” ў галіне рэстаўрацыі абразоў, і з дапамогай іх занялі першае мейсца ў Савецкім Саюзе! Нашыя рэстаўратары езьдзілі вучыць рэстаўрацыі індзейцаў у Нікарагуа і Гватэмалу… То нічога не было, а тут нейкія беларусы – першыя ў Савецкім Саюзе ў рэстаўрацыі абразоў!”

Алег Трусаў лічыць Юр’я Хадыку рамантыкам у палітыцы. Але ж напрыканцы 80-х, калі ствараўся Беларускі Народны Фронт, рамантычны настрой альбо, хутчэй, вера ў ідэалы ды іх хуткае ажыцьцяўленьне былі характэрныя для ўсёй апазыцыі. І Хадыка стаў адным зь яе бясспрэчных лідэраў.

Зь несвабодай ён, як і большасьць савецкіх людзей, ўпершыню сутыкнуўся ў школе. Гаворыць Юры Хадыка.

(Хадыка: ) “Гэта быў 45-ы год мінулага стагодзьдзя, і клясы былі перапоўненыя. Я памятаю адчуваньне няўтульнасьці. Але, скажам, больш сьвядома несвабоду я адчуў у піянэрскіх лягерах.

Я адношуся да таго пакаленьня, калі дзеці лета праводзілі, галоўным чынам, у арганізаваных піянэрскіх лягерах. Вось тады сутыкненьне паміж асабістымі памкненьнямі і часам незразумелымі абмежаваньнямі ўспрымалася псыхалягічна як несвабода, як адчуваньне канфлікту прыроднай свабодалюбнасьці, уласьцівай любому нармальнаму чалавеку, з тымі абмежаваньнямі, якія накладае на ягоныя паводзіны грамадзтва, соцыюм, калектыў”.

Аб тым, ЯКІЯ абмежаваньні соцыюм можа накласьці на чалавека, што любіць свабоду, Юры Хадыка ведае з уласнага вопыту. У верасьні 1989-га ён упершыню быў асуджаны – за арганізацыю “Чарнобыльскага шляху”. Не аднойчы арыштоўваўся пры Лукашэнку. Пасьля арышту ў 95-м разам зь Вячаславам Сіўчыкам 25 дзён трымаў галадоўку ў турме. Яны былі вызваленыя ў выніку масавых пратэстаў у Беларусі і пад ціскам міжнароднай навуковай грамадзкасьці. Акадэмія Навук Беларусі свайго супрацоўніка не абараняла.

Што ёсьць свабода ў разуменьні Юр’я Хадыкі?

(Хадыка: ) “Так здарылася зараз, што маючы дастакова многа часу, я ўзяў кніжку, якая, можа, даўно мяне прыцягвала – “Філязофію гісторыі” Гегеля. І як гэта ні дзіўна, менавіта там ён (вельмі шматслоўна, праўда, у сваім стылі) абмяркоўвае праблему свабоды. І прыходзіць да выніку, мабыць, парадаксальнага, на першы погляд, але які, скажам так, цяжка і абвергнуць.

Ён сьцьвярджае – канечне, у рэчышчы разважаньняў пра гісторыю, – што свабодай ёсьць дзяржава. Праўда, з тым абмежаваньнем, што гэта нацыянальная дзяржава, якая вынікае як рэалізацыя самасьвядомасьці і фармуляваньня сваіх уласных інтарэсаў для гэтага грамадзтва, у тым ліку, і маральных інтарэсаў, маральных прынцыпаў. І па праўдзе гаворачы, з гэтым можна згадзіцца.

Свабода можа ўспрымацца толькі ў кантэксьце таго, што чалавек абмяжоўвае – добраахвотна, альбо прымусова – свае нейкія памкненьні, інстынкты. І ў тым выпадку, калі гэта робіцца добраахвотна, у адпаведнасьці са сваімі натуральнымі патрэбамі існаваньня ў роднаснай супольнасьці – значыць, гэта ўсё і ёсьць, сапраўды, свабода. Таму вельмі шкада, канечне, што Беларусь такой дзяржавай да сёньняшняга дня ня стала, а таму ня мае і гегелеўскай свабоды. На жаль”.

Шэсьць гадоў таму, у артыкуле “Беларуская нацыянальная ідэя на мяжы двух стагоддзяў” Хадыка напісаў:

“Мы павінны перахапіць прапагандысцкую ініцыятыву “шэрых палкоўнікаў” прэзыдэнта. Мы павінны супрацьпаставіць змрочнаму, злоснаму і тупому шавінізму і расізму, кляўстрафобіі і рэваншызму іх танных агітак наступальны, канструктыўны, ясны, патрыятычны, лёгкі, шчыры і вясёлы нацыяналізм. Ідэя любові заўсёды больш высокая й прыцягальная за ідэю нянавісьці”.

Словы Юрыя Хадыкі шасьцігадовай даўніны гучаць асабліва актуальна цяпер, з набліжэньнем новай прэзыдэнцкай кампаніі.

Дык што, паводле Юрыя Хадыкі, трэба, каб беларусы, нарэшце, адчулі сябе свабоднымі?

(Хадыка:) “Амаль што трывіяльны адказ. Калі Беларусь стане сапраўды сувэрэннай, сапраўды нацыянальнай краінай, краінай для беларусаў – канечне ж, тады беларускі народ атрымае тую гегелеўскую свабоду: свабоду рэалізацыі сваіх патэнцыйных магчымасьцяў.

У сёньняшняй сытуацыі пра свабоду гаварыць няма ніякіх падставаў. І я думаю, што ня толькі нашая апазыцыя, да якой я, безумоўна, сябе заўсёды адношу, але і ўвесь наш народ адчувае гэтую несвабоду, гэтую штучнасьць сёньняшняй беларускай дзяржаўнасьці. Трэба ствараць гэтую сувэрэнную, гэтую нацыянальную дзяржаву, адраджаць самасьвядомасьць беларускага народу, адраджаць нацыянальную духоўнасьць, нацыянальную культуру. Толькі ў гэтым выпадку мы прыйдзем у сьвет той свабоды, якая, сапраўды задаволіць самыя вытанчаныя патрабаваньні да грамадзкага навакольля”.
XS
SM
MD
LG