Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“РАСЕЯ ХАВАЕ СЬВЕДЧАНЬНІ ЗЬВЕРСТВАЎ”


Віталь Тарас, Прага

Высокапастаўленыя прадстаўнікі Эўрапейскага Зьвязу і Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў на гэтым тыдні сустрэнуцца з прэзыдэнтам Расеі Уладзімерам Пуціным. У чацьвер адбудзецца таксама сустрэча міністра замежных справаў Расеі Ігара Іванова зь дзяржаўным сакратаром ЗША Колінам Паўэлам у Вашынгтоне.

Праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch заклікала міжнародную супольнасьць аказаць ціск на Расею падчас гэтых сустрэчаў, каб яна правяла новае расьсьледаваньне і выканала рэзалюцыю ААН, прынятую ў мінулым месяцы. У рэзалюцыі асуджаюцца сур’ёзныя парушэньні правоў чалавека з боку расейскіх войскаў у Чачэніі.

Выканаўчы дырэктар аддзелу Human Rights Watch ў Эўропе і Цэнтральнай Азіі Голі Картэр назвала брацкую магілу каля Грознага моцным доказам найжахлівага злачынства, зьдзейсьненага ў Чачэніі. Паводле яе словаў, “гэты тыдзень дае выключную магчымасьць лідэрам (заходніх) краінаў атрымаць адказы расейкага кіраўніцтва на некаторыя пытаньні наконт масавага пахаваньня”.

У лютым г.г. у магіле каля Грознага праваабаронцы знайшлі целы 51 чалавека. 19 зь іх распазналі крэўныя – тамтэйшыя жыхары. Целы яшчэ 32 чалавек былі пасьпешліва перазахаваныя уладамі ў іншым мейсцы праз два тыдні пасьля пачатку сьледзтва, якое не было завершанае.

Расея другі год запар ігнаруе рэзалюцыі Камісіі ААН па правах чалавека ў справе Чачэніі. Таму, на думку Голі Картэр, Эўрапейскі Зьвяз і США мусяць даць ясна зразумець Расеі, што яны настойваюць на выкананьні рэзалюцыі.

Human Rights Watch заклікала кіраўніцтва Расеі правесьці эксгумацыю 32 нераспазнаных целаў, правесьці іх поўнае паталяга-антамічнае абсьледаваньне і пастарацца высьветліць асобы ахвяраў ды прычыны іх сьмерці. Праваабаронцы патрабуюць таксама расьсьледаваць усе абвінавачаньні ў парушэньні правоў чалавека ў Чачэніі, улучна з выпадкамі пазасудовага пакараньня людзей і іх зьнікненьня.
XS
SM
MD
LG