Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУДЫ Ў СУСЕДНІХ З БЕЛАРУСЬСЮ КРАІНАХ


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Сьледства ў справе Ярузэльскага пачалося ў 90 годзе – праз 12 месяцаў пасьля падзеньня камуністычнага рэжыму ў Польшчы, а судовы працэс у 96-м. Паводле абвінавачаньня, Ярузэльскі, які ў 1970 годзе займаў пасаду міністра абароны Польшчы, аддаў загад страляць у рабочых Гданьску, Гдыні і Шчэціну, якія страйкавалі супраць падвышэньня цэнаў на прадукты харчаваньня. У выніку загінулі 44 чалавекі.

Учора “Бюро былога прэзыдэнта Польскай Рэспублікі Войцэха Ярузэльскага” абнародвала датаваныя 7 траўня сёлета пісьмовыя звароты да суду двух абаронцаў Ярузэльскага з просьбай перадаць справу ў Акруговую пракуратуру ў Гданьску.

Абарона просіць пракуратуру высьветліць, хто канкрэтна вёў агонь і ці не было гэта зроблена ў межах неабходнай самаабароны. Адвакаты патрабуюць выклікаць у пракуратуру ў якасьці сьведкі тагачаснага лідэра прафсаюзнага аб’яднаньня “Салідэрнасьць”, першага посткамуністычнага лідэра Польшчы Леха Валэнсу.

Ад пачатку слуханьні праходзілі ў Гданьску, аднак пазьней, з улікам сталага ўзросту і слабога здароўя Ярузэльскага, суд быў перанесены ў Варшаву. Але і там здароўе былога лідэра неаднаразова прыводзіла да адкладаньня слуханьняў. Разам зь Ярузэльскім пад судом знаходзяцца яшчэ 9 асобаў. Сярод іх тагачасны віцэ-прэм’ер Станіслаў Кацёлак, намесьнік Ярузэльскага Тадэўш Тучапскі і кіраўнікі вайсковых аддзелаў, якія беспасярэдне бралі ўдзел у растрэле.

Ярузэльскі не прызнае сябе вінаватым. Калі ж суд дакажа ягоную віну, апошні камуністычны лідэр Польшчы можа быць засуджаны на 25-гадовае зьняволеньне ў астрозе.

Сёньня Вінсэнт Саляры – швайцарскі адвакат дзяржаўнага сакратара гэтак званага беларуска-расейскага саюзу Паўла Барадзіна паведаміў, што ягоны падабаронны прыедзе ў Жэнэву 16 траўня.

Паводле абаронцы, прызначаны на 17 траўня допыт, які будзе весьці сьледчы жэнэўскай пракуратуры Даніэль Дэво, будзе доўжыцца ўсю першую, а магчыма і другую палову дня. Як паведамляецца, гэтым разам Барадзін едзе за мяжу з дыпляматычным пашпартам.

Сёньня ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны выступіў кіраўнік Сацыялістычнай партыі Аляксандар Мароз, які запатрабаваў ад генэральнай пракуратуры падаць інфармацыю пра сьледзтва ў справе Гангадзе.

Заява ў парлямэнце прагучала пасьля таго, як прэзыдэнт Кучма, у часе інтэрвію расейскаму тэлебачаньню заявіў, што сьледства ў справе зьніклага журналіста практычна выйшла на сьлед забойцаў.

Леанід Кучма сказаў, што ў журналісцкіх колах Гангадзе ня быў вядомы як апазыцыянэр да ўлады і таму з палітычнай вэрсіяй забойства ёсьць шматлікія пытаньні.

Журналіст зьнік леташняй восеньню, а праз нейкі час цела, знойдзенае пад Кіевам, было ідэнтыфікаванае як цела Гангадзе.

Сьмерць журналіста пацягнула за сабой палітычны крызыс на Ўкраіне. Апазыцыя пасьля абнародваньня аўдыёзапісаў, у якіх нібыта ёсьць адпаведныя пацьверджаньні, абвінавачвае Кучму ў датычнасьці да забойства Гангадзе.

Між тым сёньня, нягледзчы на абвінавачаньні з боку апазыцыі, міністар унутраных справаў Украіны Юры Сьмірноў заявіў журналістам, што забойства Гангадзе раскрытае і сьледзтва мае доказы выпадковага характару гэтага злачынства, якое, паводле міністра, мела хуліганскі характар.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG