Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ АДКРЫЛАСЯ ВЫСТАВА ЎЗБРАЕНЬНЯЎ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Першымі, хто сустракаў наведнікаў беларускай вайсковай экспазыцыі, былі байцы спэцназу, якія дэманстравалі, як можна расквітацца з ворагам бяз зброі. Аднак гэта было за межамі выстаўнога комплексу, дзе разгарнулі свае стэнды больш за 100 абаронных прадпрыемстваў. Мяркуючы па іхных вырабах, беларускія ўлады маюць вялікія пляны што да гандлю зброяй.

Беларускія афіцыйныя крыніцы ніколі не называлі лічбаў што да беларускага гандлю зброяй, таму экспэртам даводзіцца арыентавацца на неафіцыйныя зьвесткі. Паводле іх, Беларусь 3 гады таму ўвайшла ў дзясятку найбуйнейшых экспартэраў зброі, але ўтрымацца на гэтай пазыцыі ёй зараз вельмі складана.

"Памеры беларускага гандлю зброяй — недзе між 200 мільёнамі і 1 мільярдам даляраў штогод. Гэта адпавядае ўзроўню такіх краінаў як Чэхія ці Польшча", — лічыць намесьнік дырэктара расейскага Цэнтру аналізу стратэгіяў і тэхналёгіяў Максім Падушкін.

Ён мяркуе, што павялічыць экспарт беларускай зброі не дае адсутнасьць самастойных распрацовак, але адзначае, што апошні час зьявіліся нядрэнныя ўзоры арыгінальнай беларускай зброі. У прыватнасьці, экспэрт назваў выведны танк 2Т, распрацаваны прадпрыемствам "Манітор-Сэрвіс".

Валер Грабеншчыкоў, дырэктар прадпрыемства "Манітор-Сэрвіс" у інтэрвію Радыё Свабода не хаваў, што новы танк пакуль не знайшоў спажыўца.

"Да машыны прыглядаюцца шмат у якіх краінах, але падпісаных кантрактаў мы яшчэ ня маем. Такую вайсковую тэхніку можна купіць толькі на бюджэтныя грошы, а гэта азначае, што трэба некалькі гадоў на ўзгадненьне ўмоваў кантракту. Мы гатовыя чакаць", — заявіў дырэктар "Манітор-Сэрвісу".

Ён прызнаўся, што найбольш разьлічвае на краіны арабскага сьвету, для якіх гэтая тэхніка й распрацоўвалася.

На каго арыентуюцца беларускія вытворцы, было зразумела і па жоўтым колеры выведнага танка, і зь відэафільму выпрабаваньняў танка ва ўмовах пустэльні. Дарэчы, дэлегацыя Саудаўскай Арабіі, якая першай з замежнікаў наведала выставу, менавіта перад стэндам з гэтым танкам правяла найбольш часу.

Паводле ж маіх асабістых назіраньняў, найбольшая колькасьць гасьцей на выставе — з Расеі. Як мне патлумачылі, гэта зьвязана ня толькі з тым, што многія беларускія вытворцы працуюць у каапэрацыі з расейцамі.

Таксама важная прычына — прэтэнзіі расейскіх фірмаў-экспартэраў зброі (прыкладам, "Росвооружения") да беларускіх калегаў, якія нярэдка выдаюць чужое за сваё ды яшчэ гандлююць гэтымі вырабамі нядобрасумленна. Згадваюць пастаўку зь Беларусі ў Пэру некамплектных самалётаў МІГ-29 — гэта пацягнула аварыю адной з машын і скампрамэтавала гэную мадэль.

У кулюарах выставы кажуць, што расейскія гандляры зброяй, якія інспэктуюць калегаў зь Беларусі, рыхтуюць ім сур'ёзную размову за зачыненымі дзьвярыма — хочуць абмеркаваць тое, як і чым дазволена гандляваць.
XS
SM
MD
LG