Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АДМІНІСТРАЦЫЯ “БЕЛШЫНЫ” НЕ ЗЬВЯРТАЕ ЎВАГІ НА ПРАТЭСТ АЛЕНЫ ЗАХОЖАЙ, ЯКАЯ ГАЛАДУЕ ЎЖО 14-Ы ДЗЕНЬ


Міхал Стэльмак, Бабруйск

Сёньня Алена Захожая галадоўку пратэсту трымала на шынным камбінаце:

(Захожая: ) "Прыйшлі зноў мэдыкі, склалі акт, што я ня скарджуся на здароўе і адмаўляюся ад мэдычнай дапамогі ды пайшлі".

Паводле ейных словаў, сёньня ёй нават не давялося прыходзіць на працу, бо ўсю ноч яна правяла на камбінаце. Учора Алена Захожая адмовілася пакінуць вытворчы цэх "Белшыны", дзе працуе.

Спачатку яе ўгаворвала паехаць дадому начальства, потым выклікалі міліцыю. Аднак прафсаюзная лідэрка заявіла, што бяз пашпарту на вуліцу ня выйдзе — бо, маўляў, тыя ж міліцыянты схопяць яе, спаслаўшыся, прыкладам, на тое, што трэба высьветліць ейную асобу. Пашпарт жа ды іншыя асабістыя рэчы Алены Захожай былі, паводле ейных словаў, у прафсаюзным офісе, які напярэдадні гвалтам захапіла адміністрацыя.

Алена Захожая па-ранейшаму настойвае на сваім патрабаваньні — каб адміністрацыя прызнала наяўнасьць юрыдычнага адрасу для рэгістрацыі суполкі Незалежнага прафсаюзу. Але адміністрацыя гэтае патрабаваньне ігнаруе. Гаворыць намесьнік старшыні Беларускага незалежнага прафсаюзу Мікалай Зімін:

(Зімін: ) "Адміністрацыя ігнаруе рабочых, яна ня хоча зь імі нават размаўляць. Калі рабочы Ўсьціновіч папрасіў намесьніка дырэктара Раманоўскага падысьці да рабочых і адказаць на пытаньні, дык той абазваў яго кепскім словам, і ўсё на гэтым скончылася.

Я лічу, што калі падымуцца людзі, падымецца завод — толькі гэтак можна абараніць свае правы. А калі адміністрацыя пабачыць, што супраціў нашых рабочых невялікі, то зрухаў ня будзе. Чалавек можа ў галадоўцы і памерці", — мяркуе Мікалай Зімін.

Між тым, рабочыя пратэсты на "Белшыне" наўрад ці адбудуцца. Першае, у суполцы Незалежнага прафсаюзу прадпрыемства засталося ўсяго 37 сяброў пасьля двух гадоў ціску з боку адміністрацыі. Другое, Алена Захожая катэгарычна забараніла ладзіць несанкцыянаваныя акцыі дзеля ейнай абароны. Паколькі, яна мяркуе, людзей тады чакаюць жорсткія рэпрэсіі, ажно да звальненьня.

Зрэшты, паводле прафсаюзных зьвестак, працяглая галадоўка спадарыні Захожай пачынае непакоіць кіраўнікоў як "Белшыны", так і вышэйшых структураў. Сёньня ў Менск тэрмінова выклікалі Натальлю Васільеву, якая на прадпрыемстве адказвае за прафсаюзныя справы.

Увагу на бабруйскія падзеі зьвярнуўла і кіраўніцтва канцэрну "Белнафтахім", якому падпарадкаваная "Белшына". Мікалай Зімін не выключае, што чыноўнікі раяцца, як паводзіць сябе далей — найперш, каб застрахаваць сябе ад пакараньня ў выпадку драматычных наступстваў галадоўкі на "Белшыне".

Сам жа намесьнік старшыні Беларускага незалежнага прафсаюзу, у які ўваходзіць і бабруйская суполка, сёньня яшчэ раз параіў Алене Захожай не ахвяраваць жыцьцём і здароўем. Алена Захожая аднак не пагадзілася і вырашыла працягваць галадоўку.
XS
SM
MD
LG