Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЯРОЗА – ЯК ЖЫВУЦЬ І ШТО ДУМАЮЦЬ ЛЮДЗІ?


Ігар Карней, Менск

Ціхі беларускі горад з рамантычнай назвай Бяроза нечакана гучна, літаральна на ўвесь сьвет "праславіўся" шэсьць гадоў таму. Адзначыўся, дзякуючы вайсковай верталётнай эскадрылі, раскватараванай паблізу суседніх Пружанаў.

У 1995 годзе над небам Бярозы быў расстраляны паветраны шар з амэрыканскімі аэранаўтамі Аланам Фрэнкелем і Джонам Ст'юартам. Інцыдэнт над Бярозай скалануў ня толькі мясцовых, але рэхам абляцеў вакол Зямлі. Ніхто ня мог зразумець, чаму вопытны экіпаж паветраплавальнікаў вольна праляцеў праз усю Эўропу і раптам быў прыняты за шпіёнаў у Беларусі.

Пасьля трагедыі на ўскрайку лесу, у дзясятку мэтраў ад крайняга з гарадзкіх лецішчаў, дзе ўпаў расстраляны балён, актывісты філіі БНФ ўласнымі сіламі збудавалі невялікі помнік. Акуратны валун з высечаным крыжам і адным словам: "Прабачце".

Празь нейкі час адзначылася на свой манер мясцовая вэртыкаль, паклаўшы альтэрнатыўную пліту з гранітнай крошкі ў больш людным месцы, якое павінны былі бачыць ня толькі грыбнікі.

Успамінае ініцыятар ушанаваньня памяці амэрыканскіх падарожнікаў старшыня філіі БНФ Бярозы Сяржук Русецкі:

(Русецкі: ) "Мы ўжо на другі дзень зьезьдзілі на месца здарэньня, сабралі рэшткі каша, іншыя рэчы, закапалі іх тут жа. А сам гэты помнік прымеркавалі да гадавіны трагедыі".

(Карэспандэнт: ) "Цікава, што празь нейкі час побач зьявілася ня вельмі зграбная пліта ад уладаў".

(Русецкі: ) "Інфармацыя пра наш камень была ў бюлетэні "Гістарычная брама", у "Звязьдзе". І ўжо пасьля гэтага зьявіўся афіцыйны помнік".

(Карэспандэнт: ) "Ці прыяжджалі на гэтае месца сваякі загінулых?"

(Русецкі: ) "Колькі я ведаю, у нас адна дзяўчына выйшла замуж за амэрыканскага журналіста, дык ён прыяжджаў, пісаў. А так не".

Па дзіўным зьбегу акалічнасьцяў менавіта з тае пары ў Бярозе штодня наступае "канец сьвету". Так мясцовыя жыхары ахрысьцілі энэргетычную палітыку мясцовага кіраўніцтва. Так званыя "вэерныя адключэньні" пад соўсам татальнай эканоміі нагадваюць суцэльна чорныя ночы шматпакутнага расейскага Прымор’я. Ніхто ня ведае, за якім заняткам можа засьпець жыхароў гораду і раёну няўмольная рука электрыка, што кладзецца на рубільнік прадпрыемства "Бярозадобраўладкаваньне".

Парадокс сытуацыі ў тым, што літаральна за два дзясяткі кілямэтраў знаходзіцца Бярозаўская ГРЭС, другая па магутнасьці ў Беларусі. Але такому рэйтынгу жыхары ня вераць. Як і каровы, якіх трэба даіць — але калі фэрма застаецца без электрычнасьці, працэдура адкладаецца да наступнага ўключэньня сьвятла.

Распавядае Іван Цімошык, дыспэтчар "Бярозаўскіх раённых электрасетак" — арганізацыі, ад якой забралі права нагляду за вуліцамі гораду, але гэта ўсё ж галоўная, так бы мовіць, электрычная кнопка.

(Цімошык: ) "Я цікавіўся ў другіх раёнах, ці ёсьць нешта падобнае. Не, кажуць, нідзе не адключаюць. Што насамрэч? Трашчыць бюджэт; так што ўсё робіцца зь ведама раённых уладаў. Але людзі пакутуюць: што жыць са сьвятлом, а што ў цемры. А дзецям! А распуціца! Адна Бяроза такая…"

Той-сёй часам задумваецца, якога эпітэту заслугоўваюць спэцыялісты "Бярозадобраўладкаваньня". Прыкладам, біёляг Аліна Дзянісюк мяркуе, што сапраўдная назва гэтага прадпрыемства павінна мець нешта агульнае з падрыўной дзейнасьцю. Цяпер на парадку дня гэтай арганізацыі — масавае зьнішчэньне векавых дрэваў.

(Дзянісюк: ) "Рэжуць нас. Напалам! Не, нават не напалам, а пад самы корань. Мне ўжо 70, а я гэтыя дрэвы такімі памятаю зь дзяцінства. Нічога сьвятога".

Ці застанецца ў Бярозе тое, што дало гораду сваю назву, залежыць ад актыўнасьці гараджанаў. Але прыклады бяздумнага барбарства ў Бярозе ўжо ёсьць. Помнік гісторыі й негаспадарлівасьці адначасова — кляштар XVII ст., пабудаваны манахамі ордэну картэзіянцаў. Чатыры стагодзьдзі таму абарыгены згадзіліся на суседзтва з вандроўнымі альпійскімі манахамі й нават падзяліліся назовам з картузамі — так на мясцовым дыялекце называлі манахаў. Як толькі ад кляштара засталася "сьветлая памяць", зьнікла патрэба і ва ўдакладненьні "Картузкая".


(Цалкам тэкст перадачы зьмешчаны ў адпаведным разьдзеле сайту)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG