Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТАВАРЫСТВА ВОЛЬНЫХ ЛІТАРАТАРАЎ ПАЎСТАЛА ЗЬ БЯЗЬВЕР’Я


Міхась Скобла, Менск

Калі ў 1993 годзе на літаратурнай мапе Беларусі зьявілася Таварыства вольных літаратараў, калегі з афіцыйнага Саюзу пісьменьнікаў толькі паціснулі плячыма. Маўляў, усе мы вольныя, а ня толькі новапаўсталая суполка, якой не прарочылі доўгага жыцьця.

Але час ішоў, Таварыства патроху дужэла. Неўзабаве пры ім узьнікла невялікае выдавецтва "Полацкае ляда", а потым і свой пэрыёдык — літаратурна-мастацкі альманах "Калосьсе". Да ажыцьцяўленьня гэтых праектаў спрычыніўся мой сёньняшні суразмоўца, паэт і крытык з Полацку Алесь Аркуш.

(Міхась Скобла: ) "У "Спробе маніхвэсту" Таварыства вольных літаратараў, каардынатарам якога ты зьяўляесься, было запісана літаральна наступнае: "Мы больш ня верым нікому". Што прымусіла вас гэтак татальна зьняверыцца?"

(Алесь Аркуш: ) "У той час зьяўлялася вельмі шмат розных дэклярацыяў. Але я нешта ня памятаю, каб яны спраўджваліся. Таму мы ад пачатку вырашылі гаварыць толькі ад свайго імя і адказваць за свае ўласныя справы.

Наша зьняверанасьць зьявілася ў выніку адвечнага беларускага "плачу". Бо практычна кожная тэза, кожная нота гэтага "плачу" была няпраўдаю.

"Плакальшчыкі" жаліліся, што беларусы ўжо не чытаюць па-беларуску. Але беларускамоўная газэта "Звязда" выходзіць накладам 70 000 асобнікаў! Памножце гэтую лічбу на 2 або на 3, як раяць сацыёлягі, і вы будзеце ведаць, колькі чытачоў амаль штодзень чытаюць па-беларуску. А дзе тая беларускамоўная кніга, якая выйшла б сёньня хоць бы 100-тысячным накладам?

Значыць, прычына не-чытаньня палягае зусім у іншай плашчыні. Магчыма, чытач проста не знаходзіць актуальных, цікавых для сябе тэкстаў. Але скардзіцца на няўвагу і "плакаць" над загубленым лёсам беларускай кнігі заўчасна. Мы ня верым у скон беларускай літаратуры. Наадварот, сёньня на Беларусі самыя спрыяльныя часы для прыгожага пісьменства.

Мы зьвяртаемся да моладзі. Бярыце адказнасьць на сябе. Стварайце літаратурныя суполкі, аб'ядноўвайцеся па эстэтычных, канцэптуальных або якіх іншых схільнасьцях. Стварайце свае выдавецтвы, друкарні. У адной Варшаве каля 500 выдавецтваў.

Мы адмыслова больш нікога не прымаем у ТВЛ. Мы ня хочам ствараць другога "Маладняку". Спаборнічайце з намі. Мы гатовыя ўзгадняць з вамі дзейнасьць, даваць парады і нават дапамагчы з друкаваньнем кніг. Але кнігі гэтыя мусяць стаць адметнымі падзеямі!"

(Скобла: ) "Ты зьяўляесься рэдактарам найбольш доўгатрывалага праекту Таварыства — літаратурна-мастацкага альманаху "Калосьсе". Выйшла ў сьвет ужо 9 нумароў. Альманах выдаецца безь дзяржаўнай падтрымкі й друкуецца за мяжой.

Ці не азначае гэта, што "вольныя літаратары" залічаюць сябе да апазыцыі палітычнаму рэжыму? Ці вы заклапочаныя найперш мастацкім роўнем сваіх твораў? Як выгукнуў стамлёны сацрэалізмам паэт: "Дайце верш, каб зоры зарыдалі!" Над альманахам "Калосьсе" ужо "зоры зарыдалі"?"

(Аркуш: ) "Для нас найважней тое, што мы — сапраўдныя. Мы — шчырыя. Да гэтай пары беларускія літаратары наўрад ці маглі быць шчырыя, паколькі над імі быў Галоўліт, безьліч розных чыноўнічкаў. Таму іхная шчырасьць хавалася ў нейкія беларускія нетры, беларускія балоты. Для нас было вельмі важна знайсьці й выгукнуць гэтую шчырасьць. І сёньня мы такую магчымасьць маем, і ніхто, ніякі рэжым не забароніць нам гэтага зрабіць.

Акрамя альманаху мы выдаем бібліятэку "Калосься". Мы даўно марылі, каб мець магчымасьць выдаваць ня толькі маленькія кнігібкі (мы іх выдаем з пачатку 1990-х), а сур'ёзныя, важкія кнігі прозы, эсэістыкі.

Нарэшце мы зрушылі гэты праект зь месца. Летась выйшла некалькі цікавых кніг. Дарэчы, усе яны былі заўважаныя нашым кволым літаратуразнаўчым друкам. Напрыклад, мы выдалі "Апошнія вершы Леаніда Галубовіча", якому споўнілася 50 гадоў. Вядома ж, паэту, які, мякка кажучы, не ляяльны да сёньняшняй улады, разьлічваць на падтрымку дзяржвыдавецтваў не прыходзілася.

Цяпер мы рыхтуем да друку пісьменьніка з Докшыцаў Івана Фурсевіча, на жаль, нядаўна памерлага. Ён быў сябрам Саюзу Беларускай Моладзі, потым вязьнем сталінскага Гулагу. Пэўна ж, Дзяржкамдрук таксама не дапаможа выдаць ягоную спадчыну...


(Цалкам тэкст перадачы зьмешчаны ў адпаведным разьдзеле сайту)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG