Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СПАРТОЎЦЫ НЯ БАЧАЦЬ ПЭРСПЭКТЫВАЎ ВЫСТУПАЦЬ ЗА БЕЛАРУСЬ І ЗЬЯЖДЖАЮЦЬ


Ігар Карней, Менск

На сёньняшні момант Натальля Маркаўнічэнка — безумоўная міжнародная лідэрка ў сваёй дысцыпліне. Таму “палявалі” на яе вялі многія трэнэрскія штабы. Удзел у гэтым браў нават мэр Масквы Юры Лужкоў, які выдаў загад даць спартоўцы кватэру, незалежна ад ейнага рашэньня, дзе яна будзе выступаць далей.

Дагэтуль Маркаўнічэнка лічыла за гонар выступаць за Беларусь. Але ва ўчорашнім інтэрвію падкрэсьліла: надышоў час задумацца пра будучыню. Для сябе час выбару яна акрэсьліла да восені.

Адрозна ад Маркаўнічэнкі, іншыя спартоўцы робяць высновы на карысьць матэрыяльных стымулаў хутчэй. Апошнім часам Беларусь страціла цэлую плеяду як маладых, так і заслужаных спартоўцаў. Вось толькі невялікі пералік былых беларускіх майстроў: Барыс Гельфанд (шахматы, Ізраіль), Зьміцер Маркаў (скачкі з шостам, Аўстралія), Эдуард Хамеляйнэн (дзесяцібор’е, Фінляндыя), Юлія Сіняк (стральба, Расея), Ганна Смашнова (тэніс, Ізраіль), Юлія Ваткіна (гімнастыка, Аўстралія), Мадзіна Бігтагірава (лёгкая атлетыка, Расея).

Апошні перад Маркаўнічэнкай прыклад — выбар на карысьць Аўстраліі бронзавай прызэркі Алімпіяды ў Сыднэі ў стральбе Лаліты Яўглеўскай. Каб высьветліць прычыны сыходу беларускіх спартоўцаў за мяжу, я патэлефанаваў у Канбэру, дзе зараз жыве сям’я Яўглеўскай. Да тэлефону падышла якраз Лаліта.

(Яўглеўская: ) “Мы паехалі працаваць, а потым вырашылі й застацца. У Беларусі мы ня мелі таго, што маем тут. Гэтым жа кіруюцца й астатнія. Мы ўжо, прыкладам, купляем вялікі дом — у Менску гэтага сабе не дазволілі б ніколі.

А тут заробку хапае і на дом, і апранацца, і добра харчавацца, і дзяцей у нармалёвыя школы ўладкоўваць. Калі б нам у Беларусі хоць бы своечасова далі нейкае жытло (дагэтуль жылі ў аднапакаёвай кватэры, а фірма, у якой будаваліся, развалілася, і мы засталіся бяз грошай).

Але ж дзяржаўную дапамогу даць адмовілі, і муж вымушаны быў шукаць варыянтаў, каб зарабіць”.

(Карэспандэнт: ) “Такім чынам, мажліва, што наступныя вашы выступы будуць за каманду Аўстраліі?”

(Яўглеўская: ) “Від на жыхарства мы атрымалі. Цяпер, каб выступаць за Аўстралію, патрэбнае грамадзянства. Абяцалі зрабіць гэта хутчэй, бо я не магу без грамадзянства выехаць выступаць за межы краіны. Пакуль удзельнічаю ва ўнутраных спаборніцтвах.

Вядома, калі б усе умовы былі ў Менску, мы ніколі ня зьехалі б. Але што рабіць, калі пэрспэктывы ніякай? Туліцца ў аднапакаёвай кватэры ды зьбіраць на трохпакаёвую? А машыну абслугоўваць, а астатняе?” — распавяла па тэлефоне з Аўстраліі Лаліта Яўглеўская.

Дарэчы, паралельна са спартоўцамі актыўна пакідаюць радзіму й іхныя трэнэры. Корбут, Шчэрба, Байдачны, Ваткін, Шынкар ды іншыя знайшлі на розных кантынэнтах нашмат спрыяльнейшыя ўмовы для сваёй дзейнасьці.

Што да міграцыі наадварот, калі спартоўцы едуць паспрабаваць шчасьця ў Беларусь, то спэцыялісты адзначаюць толькі адзін, ды й тое не зусім удалы выпадак. Былая расейская фігурыстка Юлія Салдатава на міжнародных спаборніцтвах ужо каторы сэзон запар ня можа ўзьняцца вышэй за 20-е месца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG