Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВІЦЕБСКУ АДБЫЎСЯ ПІКЕТ У ПАДТРЫМКУ АРЫШТАВАНАГА ГРАМАДЗЯНІНА ІЗРАІЛЯ, ЯКОГА ХОЧУЦЬ ДЭПАРТАВАЦЬ ЗЬ БЕЛАРУСІ


Браніслва Станкевіч, Віцебск

Лёзунг “Свабоду грамадзяніну Ізраіля Ігару Рыжыкаву!” стаўся галоўным на сёньняшнім пікеце. Падтрымаць зьняволенага Рыжыкава прыйшлі прадстаўнікі БСДП і АГП, а таксама сваякі, знаёмыя і шараговыя віцябляне, якія даведаліся пра сумныя прыгоды Ігара Рыжыкава на беларускай зямлі з адмысловых улётак, якія раздаваліся на пікеце.

Санкцыянаваны віцебскімі ўладамі пікет адбываўся з паловы шостай вечара ў працягу гадзіны ў сквэры ўздоўж плошчы Леніна.

У зьняволеньні ізраільскі грамадзянін знаходзіцца ўжо больш як 70 дзён. Ён абвінавачаны ў парушэньні пашпартнага рэжыму, бо два гады таму, прыехаўшы ў Беларусь па турыстычнай візе, не зарэгістраваўся ў менскім гатэлі. Гэта і сталася прычынай адмовы яму ў дазволе на жыхарства ў раённым аддзяленьні пашпартна-візавай службы. З 1998 году Ігар, такім чынам, фактычна, жыў у Віцебску без дазволу, адно плоцячы штрафы за парушэньне пашпартнага рэжыму. І супрацоўнікі АВІРу яго не турбавалі. Але ж зьвяртацца да беларускіх уладаў ён быў вымушаны сам, бо за гэты час яго шэсьць разоў рабавалі, а невядомыя злодзеі скралі ягонае аўто і спалілі гаспадарчыя пабудовы ў ягоным двары. Па кожным з гэтых фактаў Рыжыкаў пісаў заяву ў міліцыю, а паколькі вынікаў ён не дачакаўся, то пачаў пісаць скрагі на бязьдзейнасьць міліцыянтаў у вышэйшыя інстанцыі. Калі ж колькасьць скаргаў перасягнула 20, яго зноў выклікалі ў АВІР і наўпрост адтуль скіравалі ў ізалятар часовага ўтрыманьня.

9 красавіка пачаўся судовы працэс, на якім Рыжыкаў аспрэчваў рашэньне аб прымусовай дэпартацыі з Беларусі.

Дзеля высьвятленьня пытаньня аб магчымай дэпартацыі Рыжыкава, мы зьвязаліся з ізраільскімі кансулятам, супрацоўніца якога паведаміла, што Рыжыкаў мусіць быць дэпартаваны за ўласныя сродкі і да таго ж мусіць аплаціць сваё ўтрыманьне ў ізалятары. Наяўных грошай у такой колькасьці ў Рыжыкава няма, а галоўнае, як сьцьвярджаюць яго сваякі, няма жаданьня пакінуць Беларусь, не дачакаўшыся законнага пакараньня сваіх крыўдзільнікаў.

Адвакат Ігара Рыжыкава Анатоль Пятроў спадзяецца дамагчыся яго вызваленьня, а ініцыятыўная група падтрымкі зьбірала на сёньняшнім пікеце подпісы пад адкрытым лістом за яго вызваленьне да Аляксандра Лукашэнкі, дзе напісана наступнае: “Пасьля выбараў і вам, магчыма, давядзецца шукаць магчымасьці пражываньня ў іншай краіне. Ня выключана, што і вы апынецеся на месцы Ігара Рыжыкава”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG