Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

РЭЧЫЦКІЯ ЎЛАДЫ ВЫСЯЛЯЮЦЬ З ПАМЯШКАНЬНЯ МЯСЦОВАЕ АДДЗЯЛЕНЬНЕ “ГРАМАДЗЯНСКАЙ ІНІЦЫЯТЫВЫ”


Казімер Яноўскі, Рэчыца

Папярэджаньне аддзяленьню "Грамадзянскіх ініцыятываў" падпісаў старшыня гарвыканкаму Мікалай Заразака.

З гэтай нагоды кіраўнік аддзяленьня Аляксандар Зайцаў заявіў, што ўлады давяршаюць тое, што не ўдалося зрабіць рабаўнікам. Тры месяцы таму офіс "Грамадзянскіх ініцыятываў", якія зьяўляюцца рэсурсавым цэнтрам для ўсіх дэмакратычных суполак Рэчыцы, спрабавалі абрабаваць. Увечары з памяшканьня вынесьлі камтутарную тэхніку. На шчасьце, рабаўніка засьпеў вартаўнік, і той вымушаны быў кінуць кампутары.

Зараз улады пазбаўляюць актыўную грамадзкую структуру памяшканьня.

Фармальна прэтэнзіяў да аддзяленьня "Грамадзянскіх ініцыятываў" гарвыканкам ня мае. Проста "вэртыкальныя" чыноўнікі спрабуюць забраць будынак на вуліцы Леніна, 68 у беларуска-расейскага прадпрымальніка Ўладзімера Васільева.

У ягоным будынку і арэндуюць "Ініцыятывы" пакой, дзе праводзяць розныя сэмінары, трэнінгі, абмяркоўваюць выпуск мясцовых малафарматных выданьняў. У прыватнасьці, газэты "Зялёнка", інфармацыйных лісткоў для прадпрымальнікаў, моладзі, проста для гараджанаў.

Драўляны будынак па вуліцы Леніна, пра які ідзе гаворка, быў выкуплены ў раённага шпіталю 13 гадоў таму каапэратывам "Будаўнік". Узначальваў яго спадар Васільеў, чалавек з двайным грамадзянствам — Беларусі й Расеі. Цяпер фірма Васільева называецца "Днепр". Улады сьцьвярджаюць, што "Днепр" ня мае права ўласнасьці на згаданы будынак.

Працягвае спадар Васільеў:

(Васільеў: ) "За гэты прамежак часу ўжо два разы спрабавалі забраць памяшканьне. У 1997-м годзе мяне нават зь ведама пракуратуры два месяцы трымалі за кратамі й патрабавалі перапісаць будынак на іншага чалавека".

Відавочна, гарвыканкам спрабуе адным махам пазбавіцца і ад "Грамадзянскіх ініцыятываў", і ад непажаданага арэндадаўцы.
XS
SM
MD
LG