Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАЛАДЫ ФРОНТ У МЕЖАХ АКЦЫІ “ГОРАД НАШ!” ВЫВЕСІЎ БЕЛ-ЧЫРВОНА-БЕЛЫЯ СЬЦЯГІ Ў 20 БУЙНЫХ ГАРАДАХ КРАІНЫ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Акцыя мела назву “Горад наш!”. Падобныя мерапрыемствы з абавязковым вывешваньнем нацыянальных сьцягоў Малады Фронт праводзіў часта за апошнія 4 гады.

Сёлета акцыя была прымеркаваная да 6-годзьдзя рэфэрэндуму 14 траўня 1995 году і да гэтак званага “дня дзяржаўных герба й сьцяга”, які ўлады адзначалі ўчора. Але мерапрыемства “Горад наш!” мела й больш значную мэту. Гаворыць лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец:

(Севярынец: ) "Гэта ня проста традыцыйная акцыя. У перадвыбарчы год мы разгортваем акцыю “Горад наш!” у цэлую кампанію. Мы пачынаем кампанію, якая мае глыбокі сэнс.

Перад выбарамі лёзунг “Горад наш!” зьяўляецца вельмі, вельмі зьмястоўным. Таму што менавіта ў горадзе жыве больш за 70% выбаршчыкаў Беларусі. Менавіта ў горадзе большасьць моладзі, якую Малады Фронт зьбіраецца вывесьці на выбары. І менавіта горад вырашыць зыход прэзыдэнцкіх выбараў.

Задача давесьці, што горад наш, што горад галасуе не за Лукашэнку, а за вольную, дэмакратычную Беларусь".

Паводле лідэра Маладога Фронту, акцыя прайшла дзьвюма хвалямі — зь пятніцы на суботу і з суботы на нядзелю ды скончылася даволі пасьпяхова.

Большасьць бел-чырвона-белых сьцягоў вывесілі ў Менску на вышынных будынках праспэкту Скарыны, вуліц Багдановіча й Варвашэні, у мікрараёнах Уручча, Вясьнянка, Зялёны луг. Сьцягі віселі больш за паўсутак. У мікрараёнах Малінаўка, Серабранка і Ўсход сьцягі луналі яшчэ сёньня раніцай.

Падобныя акцыі таксама прайшлі ў Горадні, Магілёве, Берасьці, Пінску, Баранавічах, Бабруйску, Слуцку, Рэчыцы, Стоўпцах, Заслаўі, Салігорску, Сьветлагорску, Крычаве ды іншых гарадах Беларусі.

А ў Віцебску акрамя вывешваньня нацыянальных сьцягоў уначы яшчэ прайшла й несанкцыянаваная акцыя ўдзень, у самым цэнтры гораду. Больш за 10 хлопцаў і дзяўчат сабраліся ўчора на плошчы Перамогі Віцебску ды прымацавалі на даху грамадзкай прыбіральні чырвона-зялёны сьцяг з партрэтам Аляксандра Лукашэнкі. Сьцяг вісеў больш за гадзіну, пакуль яго не зьнялі міліцыянты.

Улады даволі пасыўна рэагавалі на дзейнасьць маладафронтаўцаў. Ва ўсіх гарадах, дзе праходзіла акцыя “Горад наш!”, не затрымалі ніводнага зь ейных удзельнікаў.

Павал Севярынец працягвае:

(Севярынец: ) "У шмат якіх гарадах улады сапраўды заплюшчвалі вочы. Больш за тое, мне здаецца, улада ўжо паціху задумваецца над тым, хто будзе здымаць чырвона-зялёныя палотнішчы празь некалькі месяцаў. А Малады Фронт рыхтуецца мяняць усе чырвона-зялёныя сьцягі на бел-чырвона-белыя празь некалькі месяцаў. Так, рыхтуем мы тканіну, палотнішчы. На поўным сур’ёзе".

Агітацыйная кампанія “Горад наш!” будзе працягвацца да прэзыдэнцкіх выбараў.
XS
SM
MD
LG