Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МОВА ЯК АПОШНЯЯ АХВЯРА ДЭМАКРАТЫІ


Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня

Заўважная ў Менску тэндэнцыя апошняга часу - апазыцыйныя акцыі па-расейску. Газэты, улёткі, налепкі, надпісы на платах... Там, дзе раней гаспадарыла беларушчына, цяпер нейк натужна і вінавата, быццам сябе саромеючыся, праяўляецца мова Лермантава і Пушкіна. Зьява ўсё больш прыкметная і адчувальная не ў кантэксьце палітыкі, а ў кантэксьце этыкі і эстэтыкі, нават літаратуры. Я спрабую ўявіць сябе на месцы менскага падпольшчыка, які ноччу фарбаю выводзіць на сьцяне рытарычнае пытаньне па-расейску: "Где Гончар?" Здымак гэтага графіці надрукавала ўся дэмакратычная прэса. І вось мае пачуцьці - чаго ў іх болей? Страху перад мянтамі, якія запратораць на пяць сутак у разьмеркавальнік, ці тае вусьцішы, якую адчувае хворы, калі перастае слухацца рука, ці таго азарту грэшніка, што спакусіўся на нешта недазволенае і сьвятое? Далібог, гэты клубок пачуцьцяў варты пяра Дастаўскага - мне жыва бачыцца такі фрагмэнт у ягоным рамане "Бесы". Дазволю сабе меркаваньне, што на глебе сёньняшняга нашага грамадзкага жыцьця мусіла б нараджацца менавіта такая літаратура.

У сёлетніх перадвыбарчых жарсьцях апошняй ахвярай беларускай дэмакратыі становіцца беларуская мова.

Гісторыя пытаньня адносна непрацяглая і ўся адбылася на нашых вачох. З пачаткам перастройкі беларуская дэмакратыя выйшла на сьвет з паўпадпольных, маладзёжных і культурніцкіх беларускіх суполак. Як тады казалі - зь нефармалаў. Менавіта мова стала першым апазнавальным атрыбутам дэмакратыі. Яна, мова, дарэчы, і цяпер, - адназначны палітычны лякмус. На мове гавораць змагары за Беларусь. На мове гаворыць апазыцыя. Некалі гэтыя дзьве катэгорыі насельніцтва былі неаддзельныя. Але сытуацыя пачала зьмяняцца.

За гэтыя 10-15 гадоў зьмянілася пакаленьне і самі дэмакраты, над якімі ўсё больш фатальна аформіўся знак бясплённасьці іхных высілкаў. Вулічныя змаганьні, улёткі ды налепкі - усё міналася, а нейкага якаснага зруху ў грамадзтве так і не наставала. І тады ўзьнікла пытаньне - а можа плёну няма таму, што дэмакратыя гаворыць з народам "на розных мовах"?

Хто першы, хто пазьнейшы, але - абруселі. Аднак вынікі мінулых гадоў паказалі, што і апошняя ахвяра плёну не дае. Не растуць наклады абруселых газэт, дый графіці на платах, шчыра кажучы, не выклікаюць даверу. Быццам гэта не мясцовая арганізацыя "Зубр", а даўнія сябры беларускай дэмакратыі - маскоўскія антыфашысты пасьпяшаліся на дапамогу. Бо хто б гэта ў нас скандзіраваў "незавісімость"?

Натуральна, мэханіка моўных працэсаў нашмат складанейшая, чым простая зьмена знакаў. Як паказалі вынікі апошняга перапісу, а таксама дасьледаваньні "Вострае Брамы", беларусы не гавораць на мове Лермантава і Пушкіна. Паводле вобразнага выразу Адама Глёбуса, гаворачы па-расейску, у душы яны гавораць па-беларуску.

Верагодна, існуе і простая формула гэткага моўнага канфлікту. Мова гаворкі і мова пісьма - гэта дзьве зусім розныя мовы. Гэта вельмі добра ведаюць супрацоўнікі беларускіх газэт, якія працуюць з рэдакцыйнай поштай.

Для сёньняшняй перадачы сталы аўтар "Вострае Брамы" Зьміцер Бартосік падрыхтаваў сваё дасьледаваньне на тэму рускамоўнай беларускай дэмакратыі.

(З.Бартосік: ) "Уважаемые белоруссы. Мы, ваши старшие русские братья, такие же граждане Белоруссии, как и вы сами, от всей своей братской души поздравляем вас с итогами последнего рефередума, где вы, в большинстве своем, проявили природную мудрость и немалое мужество, изъявив желание окончательно дорасти до великой русской культуры, придав языку Пушкина и Толстого статус государственного".

Прыкладна такі тэкст зьбіраўся адзін мой сябра раздрукаваць у выглядзе ўлётак і парасклейваць па ўсёй нашай сталіцы. Ідэя нарадзілася пасьля травеньскага рэфэрэндуму дзевяноста пятага году, як эмацыйны адказ. Як магчымае папярэджаньне будучай, лёгка прагназаванай хвалі русіфікацыі. Як нясьцерпнае жаданьне пасьля бойкі яшчэ раз махануць кулаком. Махануць наастатак, але каб надоўга запомнілася. Каб у тых, хто прачытае ўлётку, ня толькі ня большала радасьці ў душы ад такога "брацкага віншаваньня". Але й каб крыху праясьнілася, што гэта такое - пляваць у сваё.

Задума засталася нязьдзейсьненаю. Але я згадваю пра яе кожнага разу, калі на вочы трапляюцца дыхтоўна зробленыя налепкі, што заклікаюць "сказать диктатору нет". Сказаць, канечне, вельмі хочацца. Прычым ня толькі дыктатару, але й тым змагарам.

Я разумею, чаму мой прыяцель-нацыяналіст ня зьдзейсьніў тады, у дзевяноста пятым, сваю задуму. Шмат чаго можна было спрагназаваць, але толькі ня першасную ролю расейскай мовы ў змаганьні за дэмакратычную будучыню. Наадварот, менавіта тады як ніколі ярка была бачная мяжа паміж тым, што можна рабіць, а што - ні ў якім разе. І моўны чыньнік у тым падзеле выглядаў на асноўны. Тым больш, што з намі быў амаль мільён беларусаў, якія прагаласавалі за нашу адзіную мову.

... Я згадваю адзін эпізод са свайго пачатковага беларускамоўнага жыцьця. Гаспадыня кватэры, дзе я здымаў пакой, вэтэранка вайны й працы, неяк сказала мне: "Гатовая паспорыць, што кагда ты ўпярвые ўслышал беларускую мову, дык яна табе не панравілася. Яна далжна была паказацца цібе грубай". Сама яна, колішняя вясковая дзяўчына, лічыла сябе расейскамоўнаю мінчанкай. На вельмі павышаных танах я выдаў ёй прыкладна наступнае: "Калі мне нешта й падаецца грубым і ненатуральным, дык гэта менавіта ваш язык. Не называйце яго рускім. А што тычыцца вашай мовы, якой вы здрадзілі, дык можаце мне паверыць, калі расейскую зь беларускай памяняць месцамі, дык я б зараз пачуў ад вас тое самае. Вы б спрачаліся, что кали я вепршыню пачюл русский язык, дык ён мне вельми не спадабался, бо вельми резки". На такой патаснай ноце я скончыў сваю гнеўную прамову на кухні. Але як ні дзіўна, старая на мяне не пакрыўдзілася. А яе маўчаньне я прыняў як згоду...


(Цалкам тэкст перадачы зьмешчаны ў адпаведным разьдзеле сайту)


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG