Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАВАЛ БАРАДЗІН ЛІЧЫЦЬ, ШТО ТРЭБА ПРЫМАЦЬ КАНСТЫТУЦЫЮ САЮЗУ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Барадзін быў у Менску ўсяго адзін дзень, прычым прыбыў ён у Беларусь не самалётам, а цягніком. Раніцай ён сустракаўся з прэм’ер-міністрам Уладзімерам Ярмошыным, віцэ-прэм’ерам Леанідам Козікам, а таксама з Аляксандрам Лукашэнкам.

Падчас сустрэчы зь Ярмошыным Барадзін заявіў, што зь ягоным вяртаньнем да працы ўжо ёсьць пэўныя зрухі ў справе выкананьня бюджэту саюзу і да 20 траўня пачнуць выдаткоўвацца сродкі (400 мільёнаў расейскіх рублёў) для саюзных праграмаў.

Уладзімер Ярмошын доўга віншаваў Барадзіна з вызваленьнем, бо, маўляў, безь дзяржсакратара ўсе ранейшыя інтэграцыйныя напрацоўкі былі спыненыя. Павал Барадзін таксама заявіў, што надышоў час прымаць паўнавартасную канстытуцыю г.зв. саюзнай дзяржавы, бо распрацаваны праект канстытуцыйнага акту, на ягоную думку, не адпавядае патрабаваньням інтэграцыі.

Барадзін таксама лічыць, што трэба стварыць саюзныя парлямэнт і ўрад.

Пасьля Павал Барадзін сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Яны абмяркоўвалі выкананьне дамовы аб стварэньні саюзу, падрыхтоўку да паседжаньняў саюзных структураў, а таксама пытаньні "прыватнага характару". Хутчэй за ўсё, яны тычацца крымінальнай справы на Барадзіна, што вядзе пракуратура Швайцарыі, куды ён неўзабаве мусіць накіравацца, каб даць паказаньні.

Праўда, гаварыць з журналістамі пра свой арышт і крымінальную справу Павал Барадзін адмовіўся, заявіўшы, што ўсю інфармацыю на гэтую тэму можна атрымаць у ягоных адвакатаў.

Барадзін скардзіўся, што многія сур’ёзныя інвэстыцыйныя праекты затрымліваюцца з прычыны адсутнасьці прававой базы саюзу, і паведаміў, што хутчэй за ўсё беларуска-расейскі парлямэнцкі цэнтар будзе пабудаваны ў Маскве, а не ў Пецярбургу, як меркавалася раней.

Па-свойму адзначылі прыезд у Менск Паўла Барадзіна сябры Маладога Фронту, якія выйшлі на праспэкт Скарыны прывітаць картэж дзяржсакратара, які пакідаў горад. Гаворыць лідэр МФ Павал Севярынец:

(Севярынец: ) "Мы праводзім акцыю, прымеркаваную да візыту Пал Палыча Барадзіна, дзяржсакратара гэтак званай саюзнай дзяржавы. Акцыя завецца "Мы любім Швайцарыю! А вы, Пал Палыч?" І мы хочам нагадаць спадару Пал Палычу: ён выяжджае ў Беларусь, гэта значыць за мяжу. Нягледзячы на саюзы і ўсё астатняе, Беларусь — гэта ўсё ж Эўропа, а ў Эўропе прынята такіх, як Пал Палыч, пытаць па ўсёй строгасьці закону".

Калі машына Барадзіна зьявілася на праспэкце, маладафронтаўцы пачалі махаць маленькімі швайцарскімі сьцяжкамі й крычаць усьлед картэжу: "Мы любім Швайцарыю! А ці любіце яе Вы, Пал Палыч?"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG