Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

СПЫНЕНЬНЕ СВАЁЙ АДМІНІСТРАЦЫЙНАЙ СПРАВЫ АПАЗЫЦЫЯНЭР АБРАМОВІЧ НАЗВАЎ ПЕРАМОГАЙ


Алесь Мікалайчанка, Менская вобласьць

У Барысаве судзьдзя гарсуду Юры Кобец у прысутнасьці падсуднага лідэра філіі БСДГ "Народная Грамада" Аляксандра Абрамовіча афіцыйна закрыў адміністрацыйную справу. Яна тычылася пікету, што прайшоў 16 студзеня ў цэнтры Барысава — тады ўдзельнікі пікету запатрабавалі псыхіятрычнага абсьледаваньня Аляксандра Лукашэнкі.

Нагадаю: тады на Аляксандра Абрамовіча, ягоных калег Алесю Ясюк і Надзею Грачуху сьледчы гарпракуратуры Сяргей Пашкевіч завёў крымінальную справу за абразу гонару і годнасьці спадара Лукашэнкі.

Але экспэрты Дзяржаўнага мастацкага музэю, да якіх зьвярнулася пракуратура, не знайшлі ў афармленьні акцыі, у плякатах, муляжах і мэдычных халатах абразы гонару і годнасьці цяперашняга кіраўніка дзяржавы. Таму 12 сакавіка сьледчы закрыў крымінальную справу — бо не было складу злачынства. А пры канцы красавіка матэрыялы перадалі ў Барысаўскі гарсуд, каб там вызначылі ўжо адміністрацыйную адказнасьць пікетоўцаў за ўдзел у акцыі.

Але ў новай-старой адміністрацыйнай справе мінулі ўсе тэрміны разгляду, і Юры Кобец закрыў і яе, пра што абвесьціў у сваёй пастанове.

Пасьля суду Аляксандар Абрамовіч так пракамэнтаваў завяршэньне справы:

(Абрамовіч: ) "Толькі што абвешчаны вырак я лічу нашай перамогай. Дзякуй за гэта сумленным экспэртам, аб'ектыўным журналістам ды ўсёй айчыннай і міжнароднай грамадзкасьці".

А ў Салігорску сёньня судзьдзя Аляксандар Макарэвіч пакараў лідэра суполкі Партыі БНФ Анатоля Лобана і беспартыйнага Сяргея Суліму на 20 мінімальных заробкаў кожнага. Яны 28 красавіка на пляцы Леніна арганізавалі несанкцыянаваны пікет, адзначаючы гадавіну Чарнобыльскай катастрофы.

XS
SM
MD
LG