Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПОЛЬСКІ БОК ЛІЧЫЦЬ БЕССЭНСОЎНАЙ ПАЛЕМІКУ ЗЬ БЕЛАРУСКІМ ТЭЛЕБАЧАНЬНЕМ


Юры Сьвірко, Менск

"У тэлеперадачы псэўдаэкспэрты надзвычай цынічна адмаўлялі той факт, што спраўцамі забойстваў беларусаў, палякаў і прадстаўнікоў іншых нацыянальнасьцяў зьяўляліся сталінскія каты", — зазначыла пры канцы красавіка польская амбасада ў Беларусі.

"Той, хто сьвядома абараняе катаў, становіцца побач зь імі ў адну шарэнгу й адначасова зьмяшчае сябе па-за межамі этычных нормаў". Польскія дыпляматы тады выказалі спадзяваньне, што Беларускае тэлебачаньне надалей не дапусьціць падобнай практыкі, якая не спрыяе пабудове сяброўскіх стасункаў паміж двума народамі.

Аднак учора ў тэлепраграме "Панарама" выступіў Яўген Новікаў са сваім "Вопросом в лоб". Гэтае шматхвіліннае пытаньне зьвялося да наступнага: чаму польскія дыпляматы лічаць сябе гаспадарамі ў Беларусі, чаму палякі зьнішчалі вязьняў у канцлягеры ў Бярозе й габрэяў у польскім мястэчку Едвабнэ ды патрабуюць ад Расеі прабачэньняў за Катынь, нарэшце, чаму амбасада Польшчы закрывае рот беларускім тэлежурналістам, якія, паводле Новікава, "кажуць тое, што думаюць".

Я патэлефанаваў першаму сакратару польскае амбасады ў Менску Марэку Буцько.

(Карэспандэнт: ) "Ці глядзелі вы ўчора праграму "Панарама" — там, дзе быў адказ польскай амбасадзе на заяву пра фільм БТ пра Курапаты?"

(Буцько: ) "Так".

(Карэспандэнт: ) "Як Вы можаце пракамэнтаваць гэты выступ Новікава?"

(Буцько: ) "Мы нашу пазыцыю выказалі ў нашай прэсавай заяве, якая была раней і на якую яны ўчора рэагавалі. Мы цяпер проста ня будзем са спадаром Новікавым у ніякія палемікі ўступаць, таму што гэта ня мае сэнсу — ён як бы не партнэр для нас у гэтай справе.

Мы проста, паколькі Беларускае тэлебачаньне закранула тэму Курапатаў, а там жа тысячы польскіх магілаў, былі вымушаныя нашую пазыцыю выказаць у прэсавай заяве".

(Карэспандэнт: ) "Як Вы ацэньваеце пазыцыю Беларускага тэлебачаньня, якое зноў абвінавачвае палякаў у зьнішчэньні беларусаў у Бярозе-Картузкай, габрэяў у Едвабнэ й гэтак далей?"

(Буцько: ) "Мы ўжо прызвычаіліся да таго, што Беларускае тэлебачаньне непрыхільна да нас ставіцца, і проста ня мае сэнсу палеміка з гэтымі выказваньнямі ўсімі", — зазначыў спадар Буцько, першы сакратар амбасады Польшчы ў Беларусі.

Нагадаю, што кіраўнік югаслаўскае дыпляматычнае місіі ў Менску Слабадан Ярчавіч трымаецца такой жа пазыцыі: палемізаваць зь Беларускім тэлебачаньнем бессэнсоўна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG