Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А. ЛУКАШЭНКА СТАВІЦЬ ЗАДАЧУ: БЕЛАРУСКАЕ ВОЙСКА ПАВІННАЕ БЫЦЬ НА ЗВЫШСУЧАСНЫМ УЗРОЎНІ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Новая канцэпцыя нацыянальнай бясьпекі й вайсковая дактрына — дакумэнты, на якіх будзе грунтавацца вайсковая палітыка краіны ў тым выпадку, калі ў яе кіраўніцтве сёлета не адбудуцца кардынальныя зьмены.

Канцэпцыя нацыянальнай бясьпекі адкарэктаваная ў сувязі з тым, што за 6 гадоў пасьля прыняцьця ранейшай канцэпцыі сытуацыя вакол краіны значна зьмянілася, патлумачыў прысутны на нарадзе Аляксандар Лукашэнка. Ён спаслаўся на тое, што шэраг краінаў-суседзяў уступілі ў НАТО ці чакаюць чаргі на ўступленьне.

Яшчэ адзначана, што цяпер варта больш увагі надаваць пагрозе міжнароднага тэрарызму. Аляксандар Лукашэнка, аднак, не патлумачыў, якія краіны ён мае на ўвазе. Новая рэдакцыя канцэпцыі нацыянальнай бясьпекі была прынятая адзінагалосна, паведамляюць афіцыйныя крыніцы.

У адпаведнасьці з новай канцэпцыяй перагледжаная й вайсковая дактрына. Прэсавая служба Рады бясьпекі паведамляе, што новая яе рэдакцыя, як і былая, не адносіць пэўныя краіны да верагодных праціўнікаў Беларусі, аднак прадугледжвае, што такія могуць зьявіцца.

Супрацоўнік прэсавай службы Рады бясьпекі Сяргей Верашчак патлумачыў Свабодзе:

(Верашчак: ) "Пры пэўных умовах можа так здарыцца, што пэўная краіна робіцца верагодным праціўнікам, але на сёньняшні дзень такое паняцьце ў вайсковай дактрыне адсутнічае".

Больш падрабязна пра новую дактрыну не паведамляецца. Толькі цытуюцца абяцаньні Лукашэнкі неўзабаве надрукаваць ейны тэкст.

Таксама на сёньняшняй нарадзе зацьверджаная праграма разьвіцьця ўзброеных сілаў. Аляксандар Лукашэнка паставіў задачу "вывесьці беларускае войска на звышсучасны ўзровень".

Крыніцы заўважаюць, што ў прынятай праграме няма гаворкі пра скарачэньне войска, а ўся ўвага зьвернутая на тое, каб забясьпечыць армію сучаснай баявой тэхнікай і ўзбраеньнем. Сярод іншых мераў прадугледжаныя і манэўры з выкарыстаньнем наземных сілаў і частак супрацьпаветранай абароны.

Цікава, што распрацоўнікі праграмы разьвіцьця вайска і канцэпцыі нацыянальнай бясьпекі не хаваюць, што яны ўлічвалі досьвед апошніх падзеяў у Югаславіі.
XS
SM
MD
LG