Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАКУРАТУРА КАТЭГАРЫЧНА АДМАЎЛЯЕ ПАЛІТЫЧНЫЯ МАТЫВЫ ЗЬНІКНЕНЬНЯ ЗЬМІТРА ЗАВАДЗКАГА


Любоў Лунёва, Менск

Ніякіх новых важных зьвестак пра лёс апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага намесьнік генпракурора Міхаіл Сьнягір і кіраўнік сьледзтва Іван Брычаль не паведамілі. Збольшага гучала ўжо вядомая інфармацыя пра злачынную групу былога спэцназаўца Валер'я Ігнатовіча, якую абвінавачваюць у выкраданьні журналіста.

Міхаіл Сьнягір абверг зьвесткі "Хартыі-97" пра ціск на сьледзтва:

(Сьнягір: ) "Тое, што да апэратыўнай групы быў ужыты ціск, што справа мае палітычны характар, што зьніклі два тамы крымінальнай справы і дзьве відэакасэты — інфармацыя такая ня мае ніякіх падставаў".

Міхаіл Сьнягір паведаміў, што, калі і быў ціск на сьледчую групу, то толькі з боку банды.

Справа злачыннай групы былога спэцназаўца Валер'я Ігнатовіча складаецца з 17 тамоў. Праведзена больш за 170 экспэртызаў. Справа Зьмітра Завадзкага выдзеленая ў асобную, і ёй займаюцца два сьледчыя.

Іван Брычаль, кіраўнік сьледзтва, распавёў журналістам пра забойствы, у якіх абвінавачваюць Ігнатовіча і ягоных хаўрусьнікаў. Пры гэтым, паводле ягоных словаў, сьледчыя не сумняваюцца ў тым, што менавіта гэтыя людзі выкралі Зьмітра Завадзкага, але дзе цяпер апэратар ОРТ — ім невядома.

Былога спэцназаўца разам з былымі супрацоўнікамі міліцыі (прозьвішчаў іхных не называюць) абвінавачваюць у выкраданьні й незаконным пазбаўленьні волі Зьмітра Завадзкага. Матыў выкраданьня, на думку сьледчых — помста за інтэрвію Завадзкага "Белорусской деловой газете" пра Чачэнію.

Валеры Ігнатовіч быў актыўным сябрам РНЕ і, калі выйшаў нумар "Белорусской деловой газеты" з гэтым інтэрвію, лідэр РНЕ Глеб Самойлаў выдаў загад пра выключэньне Ігнатовіча з арганізацыі.

Сьледчы паведаміў, што 7 ліпеня Ігнатовіч з Чачэніі прыехаў у Менск, выкраў Зьмітра Завадзкага і ў той жа дзень ад'ехаў, каб забясьпечыць сабе алібі.

Іван Брычаль паведаміў:

(Брычаль: ) "На сапэрнай рыдлёўцы, якую знайшлі ў машыне Ігнатовіча, сапраўды былі знойдзеныя біялягічныя выдзяленьні Зьмітра Завадзкага. Гэта сьведчыць на тое, што Завадзкі быў у машыне Ігнатовіча, але гэта ня сьведчыць, што Зьміцер быў забіты".

Супрацоўнікі пракуратуры катэгарычна адмаўляюцца прызнаць палітычныя матывы выкраданьня апэратара ОРТ.

Пытаньні наконт арышту і вызваленьня палкоўніка Паўлючэнкі прадстаўнікі рэспубліканскай пракуратуры параілі задаць супрацоўнікам КГБ.

Ніякіх доказаў датычнасьці злачыннай групы Ігнатовіча да выкраданьня Юр'я Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, паводле словаў кіраўнікоў пракуратуры, сьледзтва ня мае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG