Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКАЯ АТЛЯНТЫДА. МУЖЧЫНСКАЯ СЭКСУАЛЬНАСЬЦЬ У АДВЕЧНЫХ УСЬВЕДАМЛЕНЬНЯХ БЕЛАРУСАЎ


Вячаслаў Ракіцкі, Менск

(Ракіцкі: ) "Гэтаксама, як нараджэньне, сьмерць — урачыстыя акты чалавечага жыцьця — шлюб знайшоў адлюстраваньне ў народнае творчасьці. Нават казкі ўсе заканчваюцца адным — шлюбам, балем-вясельлем.

Але ў той жа час над тэмаю рэпрадукцыі, полавых зносінаў у народнай творчасьці — завеса таямнічасьці. Народ сам аберагаў і падтрымліваў гэтае шчырае і такое інтрыгуючае, хвалюючае недагаворваньне. Цела — як каштоўнасьць, ягоныя інтымныя часткі — як таямніца і бездань сэнсаў — вось ідэі народнае творчасьці.

Пра глыбіні й існасьці жаночага нізу ў фальклёрнай спадчыне беларусаў мы ўжо гаварылі, сёньня размова пойдзе пра мужчыну, пра фальклёрную сымбалізацыю ягоных мужчынскіх здольнасьцяў і адметнасьцяў".

(Валодзіна: ) "У абсалютнай бальшыні ўсясьветных міталёгіяў Бог-творца — менавіта мужчына. Ён праектуе, стварае, парадкуе Сьвет і ўсё тое, што ёсьць у Сусьвеце. Усе вышэйшыя багі ўяўляліся, выяўляліся з падкрэсьленымі полавымі, мужчынскімі атрыбутамі.

Старажытнаіндыйскага Шыву малявалі ў выглядзе агромністага фалясу, гэтаксама як і старажытнаэгіпэцкага Асірыса. Ды й ключавая фігура беларускага язычніцтва бог Ярыла — у тым ліку. Гэта глыбока "мужчынскае" боства. Значэньне кораня "яр" — жарсьць, плоцевае каханьне і апладняльная моц.

Бог стварае сьвет, як мужчына пачынае дзіця, і таму Бог раўнуецца да фалясу, а фаляс становіцца Богам-творцам. Сам сэксуальны акт перажываецца архаічным чалавекам як сакральна-касмаганічны працэс".

(Ракіцкі: ) "Атрымлівацца, што сымболіка мужчынскага ўвабрала ў сябе ідэю тварэньня і нават "божае майстэрства". Але хто пераймаў функцыі Бога ў вясковым, колішнім быце? Хто стаўся зямным намесьнікам Перуна?"

(Валодзіна: ) "Гэта каваль, які ў сваёй дзейнасьці не абмежаваны рамкамі звычайнай кавальскае справы. Ён можа выкаваць песьню, вясельле, новы плуг, а можа і "скаваць дзіцятка". Як у беларускай прымаўцы — "Ня той каваль, што куе, а той, што жонцы спаць не дае". А ў багатай радзіннай паэзіі беларусаў славілі-велічалі маладога бацьку:

Дзякуй таму кавалю,
Што ўстроіў нам гульню.
Малаточкам ня стукаў.
І ў ручачкі ня хукаў.
А не каваў ён удзень,
А стыдаўся людзей.
А каваў ён уначы,
Не паліўшы сьвячы".

(Ракіцкі: ) "Але на ступені земляробчых цывілізацыяў архаічны чалавек Бога-творцу паяднаў і зь Небам. Неба-бацька і Маці-зямля — гэта настолькі прывычныя для нас словазлучэньні, што мы ўжо перастаем заўважаць іхную міталягізаванасьць і ўжо ня бачым якойсьці сэксуальнасьці ў іхных дачыненьнях".

(Валодзіна: ) "Між тым, кантакты Неба і Зямлі захоўваюць выразную фізіялягічную натуралістычнасьць. Маланкі, апладняючы Маці-зямлю, б’юць у яе, узрываюць цярніну, потым ападае жыватворны дождж, і зямліца панесла-зацяжарала.

А далей функцыі маланкі прымаюць на сябе плуг ды барана, а ворыва і апрацоўка глебы яскрава выяўляюць дачыненьні мужчыны і жанчыны. Як у той загадцы — "Ехаў плуг на чоран луг, за ім пара слуг…", ну і гэтак далей. Ці ў гарэзьлівай прыказцы: "Каб вы, дзеткі, часта сеяліся, да ня часта ўсхадзілі".

(Ракіцкі: ) "Мужчынскасьць, фалічнасьць плуга ды бараны зь ейнымі вострымі зубамі дастаткова відавочныя. Якія яшчэ прадметы сялянскага ўжытку маюць тую ж сымболіку?"

(Валодзіна: ) "Перадусім гэта таўкач, найбольш "падобны" і шмат разоў абыграны ў сытуацыях таўчэньня ў ступе — як мэтафары інтыму. Таўкач — сымбаль хлопца, прычым, хлопца актыўнага, настойлівага ў сваіх мужчынскіх намерах. Таўкач клалі ў ложак так званай нячэснай нявесьце, а ў Нараўлянскім раёне была запісаная, паводле словаў інфарматара, "ня казка, але горкая праўда":

"Адзін пан Макмыскул закахаўся ў вясковую дзеўку і стаў зь ёй жыць як з жонкай. А паня ягоная была ў Францыі. Тая дзеўка яму аж чатыры сыны радзіла. А тут прыехала паня і стала сварыцца, і загадала ажаніць тую дзеўку з таўкачом. Дык яе ўбралі як нада, а ў царкве з таўкачом абвянчалі. Во як было".

Мужчынская сымболіка характэрная для грэбеня зь ягонымі вострымі зубамі, для качаргі й хлебнай лапаты, якімі працавалі ў "жаночых" чалесьніках печы, а таксама для колючых, вострых прадметаў.

Падчас вясельля, калі маладая аказвалася цнатліваю, гасьцей частавалі так званай "салодкай гарэлкай", а мужчынскі орган прама называлі шылам:

А ў нас сягодня нешта было,
Чатыры каленцы разам было,
А пятае шыла
Гарэлку саладзіла.

Наогул, мужчынскую сымболіку заканамерна набылі прадметы даўгаватай, падоўжанай формы, прызначаныя для рознага запіхваньня, утыканьня, зьмяшчэньня ўсярэдзіну".

(Ракіцкі: ) "Безумоўна, усе названыя прадметы-сымбалі мужчыны маюць вонкавае альбо функцыянальнае падабенства, але як для такой паэтызацыі абіраюцца жывёлы? Хто са зьвярынага сьвету стае сымбалем-небясьпекаю для дзявочае цноты?"

(Валодзіна: ) "Тут вылучаецца воўк, што нападае на ахвяру ды загрызае яе. Ды й сам зьвярыны ўкус становіцца мэтафараю плоцевага акту. А воўк у народнай паэзіі — не асьцярожны спакушальнік, а напорысты альбо нават вопытны палюбоўнік, як у прыказцы — "Стары воўк знаіць толк".

Але самыя яркія мужчынскія вобразы — заяц і казёл, бо яны вядомыя асаблівай юрлівасьцю і сэксуальнай моцай. Казла і казу пускалі нават увесну на поле, каб замовіць добры ўраджай.

Ніяк нельга абмінуць і мэтафараў тыпу "пераняць каня", "напаіць каня", дзе мужчынскія органы зашыфраваліся ў шматлікіх "конскіх" варыяцыях. Але асабліва шырока тэма цялеснага нізу распрацаваная ва ўяўленьнях пра насякомых".

(Ракіцкі: ) "Дык што, насякомым усім скрозь прыпісваюцца толькі мужчынскія функцыі? І пчале таксама?"

(Валодзіна: ) "Хаця пчала ў іншых кантэкстах пераважна жаночы вобраз, але ў тэкстах з эратычнымі матывамі ёй надаецца мужчынская шлюбная сымболіка. Гэта тлумачыцца вельмі яркай асацыяцыяй джала й мэтафарай полавага акту як укусу. І тады пчала ў загадках зьвяртаецца да дзяўчат: "Не хадзі, дзеўка, па саду, бо як даганю, дык усьсяду. Я такую моду маю — як усуну, не вымаю".

Тут жа шарсень, што "ўтыкнуў жала, сэрца ж маё задрыжала", і камар, які "дзеўку ўкусіў, жывот раздуваецца", і "вылез з-пад печы таракан, задраў бабе сарафан", і жук, як у наступнай байцы:

Пайшла дзеўка ў лес гуляць,
Жучка чорныга шукаць.
Яна трошку прахадзіла,
Жучка чорныга нашла,
Са руками, са нагамі,
Са буйнэю галавой.
То, кажыся, дружок мой.
Цёмна ночка настаець,
Жук пакою не даець:
Ён надзелае клапот,
Што ня сходзіцца капот".

(Ракіцкі: ) "Безумоўна, шэраг і прадметных, і жывёльных адпаведнікаў мужчынскім органам можна прадаўжаць і прадаўжаць. Але вядома, што чалавечае цела ўжо само па сабе — цэлы Космас, прычым Космас гарманічны і ўраўнаважаны. Дык ці ня ёсьць у самім целе такія часткі, што замяшчалі б, вядома, у пэўных сымбалічных кантэкстах, ідэю нізу, у дадзеным выпадку — мужчынскага?"

(Валодзіна: ) "Так, міталёгія цела, як і ўсяго Сусьвету, падзяліла часткі й органы на ўмоўна жаночыя і мужчынскія. Жаночымі бачыліся рот, вуха, мужчынскімі — зубы, нос, язык, ногі.

Мужчынская сымболіка нагі ўгадваецца ўжо ў бытавых сытуацыях наступаньня як знаку ўвагі. Жаночай параю нагі ёсьць абутак, і тады абуваньне, таптаньне мэтафарычна пазначала інтым. А ў народзе з характэрным гумарам "трэцяй нагою" названы цікавы для нас у гэтай перадачы орган:

А дзякаваць богу,
Што даў трэцюю ногу.
Яна хоць кароткая,
Затое салодкая.

А яшчэ ў міталёгіі беларусаў фіксуецца пэрсанаж, характэрнай асаблівасьцю якога называецца насмарк, густыя соплі пад носам. У Шаркоўшчынскім раёне давялося запісаць:

"У лесі на пні жыў маленькі дзед. Ён быў дужа страшны. Калі людзі праходзілі па лясу, ён паяўляўся і казаў: "Падатры сапель", а саплі зялёныя да нізу віселі. Калі хто збаіцца, то будзе ўсю жызь баяцца, а калі не, то дзед пакажа, дзе золата ляжыць. А ў тым платочку, што саплі абціраець, поўна грошай".

Як бачым, нос набывае функцыю стваральніка багацьця і дабротаў і выступае ў падкрэсьлена вытворчай ролі, словам, прыпадабняецца да органаў полавай — стваральнай — сфэры. На атаясамленьне носу й нізу паказваюць і беларускія выразы: апарыў носа — няўдала пасватаўся, носа даваць — адмаўляць ды іншыя".

(Ракіцкі: ) "Словам, як у той прыпеўцы:

Не хадзіце, дзеўкі, у баню,
бо ў бані мыюць Ваню,
акунаюць у купарос,
каб у Вані нос падрос.

Але што паказвае на мужчынскія здольнасьці ў целе самога мужчыны? Што падкрэсьлівае ягоную сілу і жарсьць?"

(Валодзіна: ) "Лысая галава. "А чаго ты, лысы, без валос застаўся?" — "А таго што рана зь дзеўкамі спазнаўся".

Што ў нас і сёньня кажуць пра лысых? "Пагубляў валасы на чужых падушках", "Калі лысіна сьпераду — дужа разумны, калі ззаду — многа гуляе, калі праз усю галаву — гуляе з розумам".

А бабулі загадвалі пра арэх: "Тонка стаіць, слабка вісіць, сам касматы, канец лысы".

(Ракіцкі: ) "Але побач з названымі народнымі выказваньнямі ня менш вядомае называньне лысым чорта — ах ты чорт лысы! Чорта табе лысага, а ня грошай! І гэтак далей. І не хацеўшы, але напрошваюцца пэўныя паралелі".

(Валодзіна: ) "І нават не паралелі, а яскравае сумяшчэньне. Узгадаем біблейскі матыў спакушэньня Евы, кім? — д’яблам у вобразе зьмія. Першыя людзі былі бесьсьмяротныя, і толькі пасьля так званага падзеньня Евы займелі патрэбу ў размнажэньні і спазналі сэкс. І так бы мовіць, дэміюргам сэксу стаўся зьмій-д’ябал.

Як сьцьвярджаюць вераваньні й былічкі, у комплекс уяўленьняў пра зьмея і чорта сэксуальныя патрэбы ўваходзілі ад пачатку. Дык ці не таму ў народзе склалі такое, хаця і пра кросны:

Лытка ўздрыгае,
Касмаценьне ўставае.
А гладкі д’ябал
Дзіркі шукае.

Вось так, распачаўшы ад Бога і закончыўшы ля чорта, апісваецца ў народнай культуры мужчына, Мужчына-бацька, Мужчына-творца, Мужчына-каханак".

(Ракіцкі: ) "Так бы мовіць, фальклёр сучасны, адносна чалавечага цела і полавых зносінаў — гэта крок наперад ці крок у бок? Ці можна назіраць тут лучнасьць са старадаўнімі народнымі ўяўленьнямі?"

(Валодзіна: ) "Усё ж рэзкае, неасьцярожнае здыманьне межаў у наш залішне адкрыты час разьбівае тое трапяткое, паэтычна ўзьнёслае і адначасова глыбокае стаўленьне да таямніцаў цела.

У багатым эратычным фальклёры беларусаў дазваляецца прыўзьняць падолік, але ня груба садраць нагавіцы, як гэта робіцца зараз у пэўнае частцы тэле- і кніжнае прадукцыі. І таму нам, цывілізаваным і адукаваным, ёсьць чаму павучыцца ў нашых бабуляў і дзядуляў".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG