Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ДОЎГІМ ШЛЯХУ. ЦІ ЁСЬЦЬ ТАКАЯ ПАРТЫЯ. СЫСТЭМА ПАЛІТЫЧНЫХ ПАРТЯЎ ЯК ЛЮСТЭРКА ГРАМАДЗТВА


Юры Дракахруст, Прага

Гадоў 20 таму ўсе народы, што складалі былы СССР, пры ўсіх адрозьненьнях, палітычную прастору мелі абсалютна аднатыпную – у выглядзе ўсяўладнай КПСС. У 1991 годзе кожная краіна пайшла сваім шляхам. Цікава, што і ў першыя постсавецкія гады палітычныя прасторы гэтых грамадзтваў былі даволі падобнымі: амаль паўсюль былі нашчадкі былой КПСС і Народныя Фронты, што аб’ядноўвалі нацыянальна-дэмакратычныя сілы, паўсюль рабіліся спробы аднавіць гістрычная партыі, што існавалі да савецкага часу, паўсюль узьнікалі партыі – копіі эўрапейскіх аналягаў: сацыял-дэмакраты, хрысьціянскія дэмакраты да іншыя.

Але зараз, праз 10 гадоў, асабліва яскрава бачна, наколькі розныя палітычныя сыстэмы ўсталяваліся ў постсавецкіх краінах – ад усходніх дэспатыяў да эўрапейскіх парлямэнцкіх дэмакратыяў. Адрознымі сталіся і палітычныя прасторы гэтых грамадзтваў.

Якімі ж адметнасьцямі вызначаецца беларуская сыстэма партыяў, што склалася за гэтыя 10 гадоў, якое іх мейсца і роля ў грамадзкім жыцьці?
Стала ўжо банальнасьцю сьцьвяржэньне пра нямогласьць, непапулярнасьць беларускіх партыяў.

Але, прыкладам, вынікі апошніх больш менш свабодных выбараў сьведчаць хутчэй пра адваротнае. У 1995 годзе падчас выбараў Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня амаль палову дэпутацкіх мандатаў атрымалі сябры розных партыяў. Пры гэтым, нагадаем, выбары праводзіліся выключна паводле мажарытарнай сыстэмы, партыі ня мелі аніякіх перавагаў, акрамя магчымасьці вылучаць кандыдатаў. Прычым варта адзначыць, што потым, калі парлямэнт ужо быў абраны, усе фракцыі, акрамя прэзыдэнцкай “Згоды”, мелі партыйны характар.
Пра прычыны гэтага парадоксу гаворыць палітоляг Сьвятлана Навумава.

(Навумава): “У грамадзтве адбылося структураваньне палітычных інтарэсаў. Гэта сталася нягледзячы на тое, што не адбылося рэфармаваньня ўласнасьці і іншых працэсаў, якія звычайна вызначаюць палітычныя інтарэсы. На аўтарытэт партыяў вельмі станоўча таксама паўплывалі выбары. На выбарах людзі, каб вызначыцца, шукаюць як раз партыйных кандыдатаў. У свой час і самыя партыі ўзьніклі менавіта разам са ўсеагульным выбарчым правам”.

Пра пэўны давер да партыяў сьведчаць і вынікі сацыялягічных апытаньняў – хаця за кожную асобную партыю гатовыя галасаваць ня больш 5% апытаных, разам партыйна арыентаваны электарат складае прыблізна траціну насельніцтва.

Цікава, што апытаньне, праведзенае падчас апошніх парлямэнцкіх выбараў у Расеі, паказала, што за расейскія партыі, што бралі ўдзел у выбарах, гатовыя былі пры магчымасьці прагаласаваць прыкладна дзьве траціны апытаных. Гэтае параўнаньне часткова тлумачыць адносную непапулярнасьць партыяў у Беларусі: у Расеі, асабліва напярэдадні выбараў, партыйныя правадыры не вылазілі з экранаў тэлевізараў, у Беларусі, паводле падлікаў, у інфармацыйных праграмах нацыянальных радыё і тэлебачаньня на айчынныя партыі прыпадае каля 3% эфірнага часу.

Але галоўная крыніца росту моцы і аўтарытэту партыяў – гэта сапраўды выбары. Менавіта дастаткова частыя і больш менш свабодныя выбары ў нашых суседзяў, якія да таго праводзяцца паводле партыйных сьпісаў, прыводзяць як да ўзмацненьня ўплыву партыяў, гэтак і да дынамічнай перабудовы палітычнай прасторы - зьяўленьня новых палітычных арганізацыяў, зьмяненьня, зьліцьця і расколаў ранейшых.

Сёньняшні палітычны спэктар Літвы, Расеі, Украіны зусім непадобны на той, што быў 10 гадоў таму. І адбылося гэта не з прычыны забаронаў, а натуральным шляхам – выбаршчык выносіў прысуд, каму жыць , а каму паміраць.

У Беларусі такі мэханізм быў амаль заблякаваны, больш таго, у апошнія гады ўлада фактычна выпіхнула партыі з публічнага палітычнага жыцьця, палітычнае поле схлопнулася ў кропку.

Менавіта з-за адсутнасьці мэханізму натуральнага адбору праз свабодныя выбары беларускі палітычны працэс вызначаецца такой вязкасьцю, як сказаў адзін дасьціпны чалавек, у нас у палітыцы нічога не памірае, бо і не жыве.

Хуткая перабудова палітычнай прасторы ў нашых суседзяў карысная не сама па сабе. Яна ёсьць сьведчаньне таго, што палітыка выконвае сваю функцыю – хай крыва і дзіка, але ж адлюстоўвае зьмены памкненьняў, інтарэсаў, што існуюць у грамадзтве. У Беларусі ж люстэрка – экран тэлебачаньня з тварам усім вядомай асобы.

Але варта адзначыць, што нават гэтая асоба ня здольная спыніць працэс структураваньня палітычных інтарэсаў, а, значыць, і працэс разьвіцьця партыяў. Вядомая асоба, зразумела, істотна ўплывае на гэты працэс, але гэты ўплыў дае часам цікавыя вынікі.

Кіраўнік дзяржавы, прыкладам, зьяўляецца галоўным інтэгратарам партыяў. Варта прыгадаць, што да сярэдзіны 90-х гадоў шматлікія спробы скаардынаваць дзейнасьць нават дэмакратычных партыяў не прыводзілі ані да чога. І толькі менавіта пры Лукашэнку з’явіўліся і каардынацыйная рада дэмакратычных сілаў і кансультацыйная рада апазыцыйных сілаў.

Часам афіцыйныя прапагандысты крывадушна закатваюць вочы: “Ах , нацыяналісты аб’ядноўваюцца з камуністамі. Дзе ж іх партыйныя прынцыпы? Дзе такое было?” Было такое, напрыклад, у фашыстоўскай Італіі, дзе ў барацьбе з рэжымам Мусаліні камуністы аб’ядноўваліся з антыкамуністамі – прыхільнікамі былога паплечніка Мусаліні, маршала Бадол’ё. Беларускія ўлады на падабныя аналёгіі вельмі крыўдыюць, але ж, як кажуць, з песьні словаў ня выкінеш – партыі-ідэйныя антаганісты звычайна аб’ядноўваюцца толькі тады, калі ўлада пагражае самому іх існаваньню.

Яшчэ адна цікавая асаблівасьць, якой беларуская партыйная сыстэма абавазаная менавіта Аляксандру Лукашэнку – гэта адсутнасьць праўрадавых партыяў, адсутнасьць ва ўлады партыйнага апірышча. Дакладней, партыйныя групоўкі такога кшталту існуюць, але яны хутчэй спажывальнікі падтрымкі з боку ўлады, чым наадварот. І гэта пры тым, што ў суседзяў, якія таксама ня ўзор дэмакратыі, ўлада ўсё ж час ад часу робіць больш ці менш ўдалыя спробы знайсьці падтрымку арганізаваных палітычных сілаў (“Единство” ў Расеі, кааліцыя прапрэзыдэнцкіх партыяў ва Ўкраіне). У Беларусі падыход ўлады да партыйнага будаўніцтва – канцэптуальна іншы.

Ізноў гаворыць палітоляг Сьвятлана Навумава.

(Навумава): “Лукашэнка бачыць уладу як абсалютна вэртыкальную канструкцыю. Партыя выпадае з гэтай канструкцыі, якая прадугледжвае падпарадкаваньне без усялякіх агаворак.
Есьць другі чыньнік: Лукашэнка гуляе ва ўсенароднага прэзыдэнта. Усенароднасьць – гэта сутнасная рыса яго вобразу ўлады. А партыя – гэта частка грамадзтва, і Лукашэнка ні ў якім выпадку ня хоча прызнаць, што яго падтрымлівае толькі частка грамадзтва”.

Варта адзначыць, што, нягледзячы на вязкасьць, некаторыя зьмены беларускай палітычнай прасторы ішлі адначасна з суседзкімі, а тое і апярэджавалі іх. Але часам у Беларусі адбывалася тое ж, што і ў суседзяў менавіта таму, што яна не падобная на іх.

Вызвольныя рухі кшталту польскай “Салідарнасьці” і літоўскага Саюдзіса зь цягам часу здаюць свае пазыцыі, губляючы ня толькі падтрымку выбаршчыкаў, але і дамінуючае становішча ў правай частцы палітычнага спэктру сваіх краінаў. Самы сьвежы прыклад – чацьтвертае месца, атрыманае Саюдзісам на апошніх парлямэнцкіх выбарах. Магчыма, гэтыя рухі выканалі свае гістарычныя місіі і ня здолелі знайсьці сябе ў свабодным жыцьці, дзе няма мейсца ані для місіяў, ані для месіяў.

У Беларусі ўжо ў 1995 годзе парлямэнцкія выбары прынесьлі пэўны посьпех лібэральнай Аб’яднанай Грамадзянскай партыі і поўную паразу БНФ. Цалкам свабоднымі тыя выбары не былі, але і тлумачыць усё сьвядомымі і мэтанакіраванымі фальсыфікацыямі з боку ўладаў – справа несур’ёзная. Прыкладам, ва Ўкраіне сытуацыя, каб лібэралы прайшлі ў Вярхоўную Раду, а Рух застаўся па-за яе межамі, была ў 1995 годзе проста немагчымая. А ў Беларусі – магчымая. Ці то Фронт так рана страціў аднаасобнае лідэрства таму, што, у адрозненьне ад аналягічных рухаў у суседзяў, ня здолеў выканаць сваёй місіі, ці наадварот, таму што выканаў, але місія была іншаю.

Але самай цікавай адметнасьцю беларускай палітычнай прасторы зьяўляецца становішча на левым флангу, а, дакладней кажучы, раскол камуністычнага руху. Тут Беларусь непадобная ні на водную краіну былога СССР.

Расколы былых нацыянальных атрадаў КПСС адбываліся, зразумела, паўсюль, але звычайна ў выніку заставаўся шэраг радыкальных сэктаў і галоўная партыя – КПРФ у Расеі, КПУ ва Ўкраіне і г.т. У Беларусі ж раскол падзяліў кампартыю амаль пароўну – на пралукашэнкаўскіх чыкінцаў і антылукашэнкаўскіх калякінцаў. Цікава, што, як адзначае Сьвятлана Навумава, у ідэалягічным пляне яны і дагэтуль ня надта адрозьніваюцца.

(Навумава): “Гэтыя нашыя дзьве камуністычныя партыі паводле праграмаў, паводле рыторыкі, мала чым адрозьніваюцца. Гэты раскол меў ня столькі ідэалягічны, колькі сытуацыйны характар. Раскол зрабіў прэзыдэнт. Тыя камуністы, якія сышлі разам зь Сяргеем Калякіным, яны шчыра абаранялі ідэю парлямэнтарызму, бо адчулі яго смак. І, калі ў 1995 годзе Сяргей Калякін ішоў на выбары з лёзунгам “Я савецкі чалавек з Савецкага раёну”, то ў 1996 годзе ён ужо ня быў савецкім чалавекам, таму што ён эвалюцыянаваў у той бок, які ў 1970-я гады быў б названы эўракамунізмам. Паколькі яны сталі апанэнтамі ўлады, гэта вызначыла і іх ідэалягічную пазыцыю, бо апаніраваць Лукашэнку зьлева немагчыма. І сёньня Калякін зусім арганічна выглядае ў кааліцыі “пяцёркі”, але для нас выглядала б зусім ненармальным , калі б ён падпісаў сёньня нейкае перадвыбарчае пагадненьне з Віктарам Чыкіным. Камуністычная партыя аказалася апанэнтам Лукашэнкі зправа”.

Казаць, што камуністы-калякінцы ўжо ператварыліся ў эўрапэйскіх сацыял-дэмакратаў, наўрад ці варта, але іх адрозьненьне ад расейскіх і украінскіх калегаў усё ж назіраецца. І гэта вельмі важна, асабліва ў пэрспэктыве. У 1994 годзе пасьля прэзыдэнцкіх выбараў параза камуністычнага кандыдата Новікава стварыла ўражаньне, што Беларусь, у адрозьненьне ад іншых постсавецкіх краінаў, даволі хутка разьвіталася з традыцыйным камунізмам: ва ўсіх краінах СНД на ўсіх выбарах камуністы бяруць прыблізна чвэрць электарату. Але выснова наконт разьвітаньня Беларусі з камунізмам была памылкаю, проста прывабны вобраз народнага камунізму ў асобе Лукашэнкі выціснуў камунізм традыцыйны. На парлямэнцкіх выбарах 1995 году, калі Лукашэнка ня мог выставіць сваю кандыдатуру ва ўсіх акругах, левыя атрымалі нават палову мейсцаў у парлямэнце, прычым камуністы – стандартную для постсавецкіх краінаў чвэрць.

Ні з чаго не вынікае, што пасьля сыходу цяперашняга кіраўніка Беларусі краіна адразу ж прачнецца ў Эўропе і адпаведна з эўрапейскім палітычным ляндшафтам. Ці адразу, ці праз пэўны тэрмін камуністы зоймуць тое значнае мейсца, якое займаюць ва ўсіх постсавецкіх краінах. Але менавіта цяперашні раскол камуністычнага руху ў Беларусі і эвалюцыя ПКБ дазваляюць спадзявацца, што вяртаньне камуністаў у той ці іншай форме ня стане для грамадзтва чарговаю ямінаю на доўгім шляху.
XS
SM
MD
LG