Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ КУЛЬТУРЫ. ПАДРЫХТАВАНЫ БЕЛАРУСКА-ПОЛЬСКІ СЛОЎНІК ДЛЯ ДЗЯЦЕЙ. БЕЛАРУСКАЯ ЧАСТКА - ТАРАШКЕВІЦАЙ


Юрась Барысевіч, Менск

Ягоны пэрформанс узнавіў трагічную падзею двухгадовае даўніны, калі перад станцыяй менскага мэтро “Няміга” загінулі 53 юнакі й дзяўчаты. Пушкін, убраны як сьмерць, зрэзаў касою 53 ружы, адмыслова пасаджаныя на сходах. У фінале акцыі з-пад сходаў замест зрэзаных вырасьлі новыя ружы. Перад пэрформансам быў паказаны створаны Пушкіным кампутарны відэакліп пра гісторыю Нямігі й сучасныя палітычныя падзеі ў Беларусі.

Сёлетні фэстываль “Музы Нясьвіжу”, што распачаўся ў колішняй сталіцы князёў Радзівілаў, прысьвечаны беларускай музыцы эпохі клясыцызму й рамантызму. У выкананьні найлепшых айчынных хораў і камэрных аркестраў гучыць музыка Напалеона Орды, Міхала Клеафаса Агінскага, Станіслава Манюшкі, Мацея Радзівіла й нават Тадэвуша Касьцюшкі. У межах фэстывалю праходзяць выстава гістарычнага жывапісу й навуковая канфэрэнцыя “Шляхі й пэрспэктывы дасьледаваньня мастацкае спадчыны Беларусі”.

Каля 70 паэтаў і празаікаў з усіх куткоў Беларусі ўзялі ўдзел у сэмінары маладых літаратараў у Менску. Раней плянавалася правесьці яго з больш шырокай праграмаю ў Доме творчасьці пісьменьнікаў “Іслач”, але заснавальнікі сэмінару — Дзяржкамітэт у справах моладзі, Саюз пісьменьнікаў і Дзяржкамітэт друку — вырашылі зэканоміць. Падчас сэмінару ў Доме літаратара адбылася прэзэнтацыя кнігі “Анталёгія маладога верша”, якую ўклаў былы рэдактар часопісу “Першацвет” Алесь Масарэнка.

У Рызе адчынілася выстава, прысьвечаная віцебскаму мастацтву пачатку ХХ стагодзьдзя. Віцебскія музэі даслалі на яе карціны Юдаля Пэна й 48 літаграфіяў Марка Шагала. Дзевяць палотнаў Юдаля Пэна з калекцыі Віцебскага мастацкага музэю бяруць таксама ўдзел у прысьвечанай Шагалу выставе, якая праходзіць у Габрэйскім музэі ў Нью-Ёрку.

У Менску, Гомелі й Валожыне пачаўся фэстываль цяжарных жанчынаў “Беларуская мадонна ХХІ стагодзьдзя”. У Менску імпрэзы фэстывалю праходзяць у Нацыянальным мастацкім музэі і ў раённых ЗАГСах. У бібліятэцы МАЗа адчынілася фотавыстава “Таямніцы мацярынства”. У межах фэстывалю, прымеркаванага да Міжнароднага дня сям’і, праходзіць дабрачынная акцыя “Мама — Маме”: збор адзежы для зусім бедных сем’яў.

Прыватнае выдавецтва “Мэдысонт” падрыхтавала да друку першы ў краіне беларуска-польскі й польска-беларускі ілюстраваны слоўнік для дзяцей. Адметнасьць выданьня й у тым, што беларуская частка напісаная ў тарашкевіцы: сярод рэдактараў слоўніка — Вінцук Вячорка й Сяргей Дубавец. У слоўніку багата гумару й народных прыслоўяў накшталт “Добрае слаўцо лепш за піўцо!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG