Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

КРАІНА М. ЛАЯНКА ПА-БЕЛАРУСКУ. МОЎНАЯ СПОВЕДЗЬ УЛАДЗІМІРА АРЛОВА...


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Як лаяцца беларусы? Сёньня – пераважна расейскім матам. Прынамсі, так сьведчыць жыцьцё. Можа быць таму гэтага пытаньня ніхто не дасьледваў грунтоўна. Хто хоча корпацца ў непрыстойнасьцях?
Асобныя працы, кароткія і шырока недаступныя на гэтую тэму ўсё ж ёсьць, але гэта, пераважна слоўнікі.

Недзе ў 60-ых гадах мінулага стагодзьдзя паэт са Злучаных Штатаў Янка Золак, накладам усяго ў пару дзясяткаў асобнікаў выдаў маленькі слоўнічак беларускай лаянкі. У 1970 годзе ў Ню-Ёрку пабачыў сьвет “Краёвы слоўнік Лагойшчыны” Адама Варлыгі. Машынапісны дадатак лаянкі да гэтага слоўніка, таксама неперавышаў 20 асобнікаў.

Да ўсяго гэтага адукаваны беларус можа дадаць выразы тыпу: гадаўка ці костка ты несьвянцоная, якімі Сьцяпан Крыніцкі лаіцца на сваю дачку Паўлінку ў вядомай купалавай п’есе, прыгадаць “Ня сухарэбрына, ня шлюндра” з паэмы “Лысая гара”, выцягнуць зь Інтэрнэт-старонкі пра Лукашэнку слова шундубура, ды адшукаць у слоўніку Насовіча агульнавядомую курву, альбо зусім забытыя зайдоху ці галямоўжу.

Цэлая скарбонка беларускай лаянкі захоўваецца ў старых судовых кнігах. Абражаны і пакрыўджаны падаваў у суд заяву і цытаваў абразы. Архівістка Вольга Бабкова дасьледуе гэтыя дакумэнты. Адсюль і маё першае пытаньне:

(Сокалаў-Воюш: ) “Вольга, якія тыпы лаянкі былі ў Беларусі на мяжы 16-17 стагодзьдзяў?”

(Бабкова: ) “Словы, якія адносіліся да лаянкі, а таксама гэта былі пахвалкі, пасьмешкі, ці патвары, жарты, отпаведзі – яны мелі пэўныя катэгорыі. Яны называліся словамі: заражоныя, злыя, ганебныя, шкарадныя, карчомныя, пярхлівыя, ушчыплівыя, сарамотныя, просныя, плюгавыя – то бок словы, даю цытату са старабеларускай мовы: “непрыстойныя, бяз стыду ўжытыя, неўчцівыя, каторымі людзі ўчцівыя брыдзіцца звыклі і Пан Бог абражоны бывае”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Што ж гэта за словы такія, якімі, паводле нашых продкаў, можна было і Бога і людзей учцівых абразіць?”

(Бабкова: ) “Ну, напрыклад: чалавек, “папудзіўшыся гневам, будучы гневам парушаны” ужываў словы: тыран, тыранскі бісурманін, фальшэр, здрайца, згубца, сваволь, зуфалец, злодзей барадаты, садомчык, зрушыцель пакою паспалітага.

Асобна можна сказаць пра абразы, якія тычыліся кабетаў. Кабет маглі называць: курва (што паводле слоўніка Насовіча азначала любадзейка і слова гэтае было “ругацельнае”), цудаложніца, ведзьма, баба ліхая, а асабліва цікавае слова: машкара. Гэтае слова мае досыць цікавую этымалёгію. Яно сустракаецца практычна ва ўсіх славянскіх мовах, а бярэ паходжаньне, напэўна з валоскай ці гішпанскай мовы і азначае маску, карнавальную маску. А ў старабеларускім варыянце магло быць такое: здань, страхоцьце, бязгусту апранутая, распусьніца, а таксама (ёсьць такі варыянт гэтага слова) жабіная скурка зачараваная ў царэўну.

Варта дадаць, што былі такія словы, якія закраналі гонар маці і яны былі, бадай што, найбольш крыўднымі. Напрыклад: нячыстага ложа сын, няўчціве маткі сын, злое маткі сын, а часам маглі проста “сарамотне чалавеку ў матку налаяць”.

Я думаю, што ці не адсюль пайшлі мацерныя словы, але я ня думаю, што варта іх блытаць з расейскімі матнымі словамі.

(Сокалаў-Воюш: ) “І што, у тыя часы за гэтыя словы судзілі”?

(Бабкова: ) “Калі чалавек падаваў за абразу гонару й годнасьці ў суд, то – так, безумоўна, суд разглядаў гэтую справу. Не заўсёды яна даходзіла да пакараньня, але штрафы маглі быць…

Калі працягваць тэму, то, апоч закрананьня гонару маці, яшчэ была вельмі крыўдлівая форама абразы шляхецкай годнасьці. Як мы ведаем, шляхта была нізкага, высокага стану і часта можна было на полі пабачыць якога шарачковага шляхціца з сямейнікамі, які там працаваў. І вось ягоны сусед (больш высокага стану) сустрэўшы шляхціца на полі, мог назваць яго халопам, сьмердам, проста мужыком. Гэта была страшэнная абраза.

Цікава параўнаць два выразы. Адзін тадышні, які гучаў як абраза: новы шляхціц. Новы шляхціц – то бок той, які ня меў здаўна шляхецкай аселасьці, чые бацька, дзед і прадзед не былі шляхтай. А цяперашні выраз: новы Беларус. Выраз які яшчэ ня стаў выразнай абразай, хаця мае пэўную зьдзеклівую афарбоўку. Новы Беларус – значыць зьнешне заможны, удачлівы чалавек, які паўстаў на пустым мейсцы.

Маю яшчэ сказаць пра тое, што былі яшчэ пагрозы, якія таксама тычыліся асобы і былі сказаныя ў час гневу, калі чалавек лаяў, фукаў. Якімі маглі быць гэтыя пагрозы: на крыж разьбіваць, у пень парубаць, на порах пусьціць, на корань спаліць, парубаць на капусту, косамі пакасіць, рэчы замкнуць, кулачом біць, за лоб рваць, зубы стрэсьці, горла вырваць, жылы вывалачыць, дымам да гары пусьціць, са сьвета згладзіць а сьмерць прыправіць. А таксама пасылалі да д’ябла, да кудука, жадалі дыбы, галавой накласьці.

(Сокалаў-Воюш: ) “А цяпер падвядзём высновы. Скажыце, Вольга, чым, на ваш погляд, тагачасная лаянка адрозьнівалася ад сучаснай?”

(Бабкова: ) “Мне падаецца, што ня гледзячы на такую размаітасьць, старажытная лаянка была больш цырымонная, вобразна-паэтычная. Ув адрозьненьні ад цяперашняй: цынічнай, злой і больш канкрэтнай”.


(Сокалаў-Воюш: ) Мова і асоба. Сёньня на гэтую тэму мы гаворым зь пісьменьнікам Уладзімерам Арловым. Спадар Уладзімер, якім быў ваш шлях да роднае мовы?

(Арлоў: ) “Я вырас у навылёт зрусыфікаваным Полацку, дзе была толькі адна Беларускаміўная шыльда: “Лазьня”. Я, дарэчы, гадоў да дванаццаці напэўна не разумеў, што гэта такое.

Упершыню беларускую мову я пачуў дастаткова рана ў дзцінстве ад сваёй бабулі Аўгіньні на Шклоўшчыне ў Прыдняпроўі, дарэчы, за колькі кілямэтраў ад славутай цяпер Александрыі, бо менавіта адтуль, са Шклоўшчыны, паходзіць мая мама. І туды мяне малога вазілі на цэлае лета. Першыя ўрокі беларускай мовы былі адначасова і ўрокамі батанікі, таму што мая бабуля любіла браць мяне на поплаў, любіла пасадзіць там на грудок і, паказваючы на краскі, тлумачыла:

“Вось гэта – здрыжнічкі, вунь там – скрыпень, вось гэта – братаўка…”

І калі цяпер я чытаю ў сяго-таго з нашых клясыкаў літаратуры пра іван-чай, мць-і-мачеху альбо івана-ды-мар’ю, мне пачынае здавацца, што безьліч такіх прыгожых, непаўторных назваў беларускіх кветак і зёлак ведаю ўжо толькі я.

Ну, а разуменьне таго, што я беларус, абудзілі ўва мне “Песьняры”.

Калі я сканчываў школу, яны якраз толькі пачыналі ўваходзіць у славу і я памятаю, што вельмі часта лавіў сябе на тым, што сьпяваў “Александрыну”, сьпяваў Алесю сам сабе. А непасрэдным штуршком да таго, каб я загаварыў па-беларуску стала знаёмства ў студэнцкія гады з маімі аднагодкамі – гарадзкімі менскімі хлопцамі з вуснаў якіх я ўпершыню пачуў гарадзкую беларускую мову. Не са сцэны ў тэатры, не з экрану тэлевізару, ці праз радыё, а менавіта з вуснаў жывых людзей – маіх аднакурсьнікаў. І першым з гэтых хлопцаў быў Генадзь Кулажанка, дарэчы, сын эканамічнага аглядальніка Беларускай службы Радыё Свабода Ўладзімера Кулажанкі.

Генадзь, можа быць з прычыны таго, што ён быў беларускамоўным, стаў потым маім найлепшым сябрам. І калі ён не вярнуўся з Афганістану, я перажываў гэта, як сваю асабістую трагедыю…”

(Сокалаў-Воюш: ) “Спадар Уладзімер, як паўплываў на вас пераход да Беларускай мовы? Ці мова зьмяніла вас як чалавека, як асобу?”

(Арлоў: ) “Калі я загаварыў па-беларуску (здолеў пераадолець гэты напэўна кожнаму з нас знаёмы бар’ер) пачало фармавацца тое, што я потым назваў Беларускім Сьветабачаньнем, Сьветаразуменьнем і Сьветаўяўленьнем. На маю думку з гэтай трыяды і складаецца зьмест таго, што мы называем беларускай нацыянальнай ідэяй.

Прыкладна ў той час я пачаў пісаць па-беларуску. У мяне, дарэчы, ніколі не ўзьнікала ваганьня ў сэнсе выбару мовы.

У той час – гэта ўсё былі студэнцкія гады – пачатак 70-ых, разам з Генадзем, маім, згаданым ужо, сябрам, мы стварылі ў нас на гістарычным факультэце беларускага дзяржаўнага Ўнівэрсытэту Клюб аматараў піва, дзе абвясьцілі дзяржаўнай мовай беларускую. У той час ішло змаганьне з п’янствам і алькагалізмам – дзейнічала чарговая пастанова ЦК КПСС – праводзіліся бясконцыя праверкі, рэйды ў студэнцкія інтарнаты. І аднойчы нас, як кажуць, “застукала” камісыя ў часе паседжаньня Клюбу аматараў піва. Найбольш устарбавала гэтых правяральшчыкаў якраз ня колькасьць піўных пляшак у нас у пакоі, а тое, што мы гаварылі па-беларуску. І наш дэкан, у часе разборак, якія адбываліся потым, крычаў на мяне: “Арлов! В Германіі тожэ всё начыналась сь піва!”

Першыя публікацыі маіх літаратурных опусаў былі зьвязаныя з самавыдавецкімі альманахамі “Блакітны ліхтар” (ён выходзіў у Наваполацку) і “Мілавіца”, якую потым мы, як бы ў працяг “Блакітнага ліхтара”, выпускалі ў нас на гістарычным факультэце.

Той час літаратурнага дэбюту быў азмрочаны трагэдыяй маёй сям’і – невылечна хахварэў і вельмі хутка згасмой бацька. Ён, у апошнія дні свайго жыцьця якія я бавіў зь ім побач, гаварыў па-беларуску – так, як у дзяцінстве, так, як у юнацтве. Мой бацька памёр, вярнуўшыся да беларускай мовы. Гэта сьведчаньне таго, што беларуская мова зьмяніла ня толькі мяне. Яна ўплывала і на маё навакольле, на маіх блізкіх людзей”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Спадар Уладзімір, ваш папярэдні адказ быў пабудаваны на прыкладах. І ўсё ж, прыгадаце, калі ласка некалькі моўных здарэньняў са свайго жыцьця”.

(Арлоў: ) “Я, можа быць, прыгадаю, як з аўтарам гэтай перадачы Сяржуком Сокалавым-Воюшам мы аднойчы ехалі ў цягніку ў Менск з нашага Наваполацку. Натуральна, гаварылі па-беларуску і правадніца ў нас пацікавілася: “Хлопцы, – кажа, – а вы хто, – кажа, – можа быць вы філёзафы?” Мы кажам: “Чаму – філёзафы?” “Ну, вы гаворыце па-беларуску…” Мы тады сказалі, што мы амэрыканскія шпіёны, што нас рыхтавалі закідваць у Беларусь і мы таму вывучылі беларускую мову, а выявілася, што тут мы як бы адразу засьвечваемся, дзякуючы гэтай мове…

Адзін такі выпадак я ўжо апісаў у сваім эсэ “Ў нас у Серабранцы”. Рэч у тым, што паштарка мясцовага аддзяленьня сувязі ніяк не магла прачытаць літару [ў] у адрасах маёй карэспандэнцыі, у падпісных квітках. Яна ўвогуле казала, што такой літары няма ў прыродзе і ўпарта выцмаўляла [ў] як [й], называючы мяне адпаведна не Арлоў, а Арлой.

Я памятаю некалькі выпадкаў калі мяне падвозілі ня толькі прыватныя, але і дзяржаўныя таксісты і за маю беларускую мову адмаўляліся браць грошы. Ну тады, гэта было ўжо гадоў 10 таму, калі я толькі пасяліўся ў Менску. Тады гэта была яшчэ рэдкасьць. Цяпер ужо, відаць, такіх пасажыраў шмат – таму за дарма іх ніхто ня возіць.

Наогул трэба сказаць, што яшчэ ў гады майго студэнцтва беларуская мова рабілася прыкметаю адукаванасьці, прыналежнасьці да творчых прафесіяў і выклікала часьцей павагу, чым нэгатыўныя эмоцыі. Праўда, у той час можна было, ув адказ на сваю беларускую мову, пачуць зьдзіўлёнае пытаньне: “А почему вы разгаваріваеце на этам языке?” Цяпер ужо даўно такіх пытаньняў няма. Я ўжо ня памятаю калі апошні раз нешта падобнае чуў.

Цяпер пытаюцца пра іншае. Ну, напрыклад, а ці заўсёды вы гаворыце па-беларуску? А на якой мове вы размаўляеце ў сям’і?

Летась выйшла другое выданьне маіх кніг “Адкуль наш род” і “Дзесяць вякоў беларускай гісторыі”, якая напісана ў суаўтарстве зь Генадзем Сагановічам. У сувязі з гэтым я часта атрымліваю запрашэньні на сустрэчы з чытачамі і ледзь не на кожнай з такіх сустрэчаў у зале, у якой пераважна моладзь, нараджаюцца пытаньні кшталту: як стаць беларусам? Як выхаваць дзіця беларускамоўным? Як загаварыць па-беларуску?

Трапляюцца і пытаньні больш арыгінальныя, але на тую ж тэму. Да прыкладу, у маім архіве захоўваюцца цыдулкі, аўтары якіх цікавяцца: ці дапамагае беларуская мова знаёміцца з жанчынамі? Або: на якой мове я раіў бы размаўляць з жанчынамі ў ложку?

У мяне ёсьць знаёмы кінарэжысэр, які гадоў 10 таму, на пачатку 90-ых, нападпітку наракаў на сваю бяду, казаў што ў ягоным жыцьці было шмат жанчынаў, але ніводная зь ім у ложку па-беларуску не сказала ні слова. Цяпер ён ужо ня скардзіцца. Я думаю, што цяпер ужо нярэдка трапляюцца яму жанчыны, якія зь ім гавораць па-беларуску ва ўсіх сытуацыях. Значыць – набіраюць, ня гледзячы ні на што, сілу працэсы нацыянальнага адраджэньня.

(Сокалаў-Воюш: ) “Гісторыя імя і імя ў гісторыі. Геаграфічныя назвы на паперы і ў размовах… Дзьвюхмоўе ў межах адной мовы…

Ужо добры дзясятак гадоў адна частка насельніцтва Беларусі называе сталіцу краіны Менскам, а іншая частка Мінскам. У мінулай перадачы менскі гістрык Уладзімір Дзянісаў пачаў аналізаваць гэтую сытуацыю… Нагадаю – тады мы гаварылі, што назва Менск у народнай сьвядомасьці і зразумела ў мове жыла на працягу ўсёй гісторыі места у пэрыядзе ад 11 да пачатку 20 стагодзьдзя. У мове дакумэнтаў Менск фігураваў як Мінск ад часу страты беларусамі незалежнасьці прыблізна 200 гадоў таму – да сярэдзіны 1918 году. Народжаная ў Мінску, Беларуская Народная Рэспубліка працягвала жыць у Менску. Бальшавікі гэтай назвы таксама не мянялі аж да 39-га году.

І раптам, фактыча ў адзін дзень, яна зьнікае са старонак беларускіх газэтаў і іншых выданьняў і фактычна перастае ўжывацца. Чаму? Гаворыць гісторык Уладзімір Дзянісаў:

(Дзянісаў: ) “Доўгі час гэтае пытаньне было загадкавым і нідзе такія крыніцы, якія маглі б даць адказ на гэтае пытаньне не друкаваліся.

А адбылося гэта на спэцыяльнай сэсіі Вярхоўнага Савету Беларускай ССР. Для таго, каб памяняць назву сталіцы дзяржавы спатрэбілася спэцыяльная папраўка да Канстытуцыі. І вось гэтая папраўка была прынятая. Самае цікавае, што ў афіцыйных дакумэнтах нічога не гаворыцца пра тое чаму назва сталіцы была раптам зьмененая. Падрыхтоўчыя матэрыялы да гэтай сэсіі не захаваліся, а вось калі чытаеш стэнаграму, то вельмі проста: Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету палічыў мэтазгодным зьмяніць назву сталіцы БССР Менск на Мінск. Ну і канешне Вярхоўны Савет адзінагалосна прагаласаваў за гэтую папраўку”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Спадар Уладзімір, калі няма ніякіх дакумэнтаў, то ёсьць хаця б вэрсіі, тэорыі…”

(Дзянісаў: ) “Такіх тэорыяў існуе некалькі. Мне здаецца, афіцыйны адказ на гэта
трэба шукаць у былым партыйным архіве ЦК КПБ. Я думаю, што нейкія дакумэнты там захаваліся.

(Сокалаў-Воюш: ) “Але што за ўсім гэтым магло стаяць?”

(Дзянісаў: ) “Многія нашыя пісьменьнікі і культурныя дзеячы тых часоў лічылі, што гэта проста невуцтва партыйных кіраўнікоў. Але ж, можа быць, гэта быў і палітычны акт, каб уніфікаваць назву сталіцы: па-руску яна гучыць Мінск, хай і па-беларуску будзе Мінск. Карані гэтага пытаньня трэба шукаць, перад усім, у рэформе беларускага правапісу, якая адбылася на пачатку 30-ых гадоў. А ўжо ў канцы 30-ых гадоў, калі нашы культурныя дзеячы былі альбо высланыя альбо расстраляныя – пратэставаць не было каму. Хаця ёсьць згадкі, што Купала і Колас былі катэгарычна супраць гэтага перайменаваньня. Трохі пра гэтыя падзеі згадвае Кузьма Чорны ў сваіх дзёньніках. Але ё таксама піша, што гэта было звычайнае невуцтва партыйных чыноўнікаў. Але мне здаецца – гэта было ня толькі невуцтва, але і сьвядомая справа вынішчэньня нашай гісторыі, нашай гістарычнай памяці”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Спадар Уладзімір, а што адбывалася з назвай сталіцы Беларусі напрыканцы 20-га стагодзьдзя?”

(Дзянісаў: ) “Спробы вярнуць старажытную назву нашага гораду рабіліся яшчэ на пачатку 90-ых гадоў. Сэсія гарадзкога савету, які тады быў вельмі дэмакратычны, некалькі разоў прымала рашэньні аб вяртаньні назвы сталіцы Рэспублікі Беларусі – Менск. Але справа была ў зьмене Канстытуцыі. І тады наш Вярхоўны Савет, усё ж такі даволі рэакцыйны, не пайшоў на гэты крок. Спасылаліся, перад усім на тое, будуць вялізарныя матэрыяльныя выдаткі, каб памяняць афіцыйную назву на картах, дакумэнтах. І таму ў 94 годзе на гэта не пайшлі. Ну а потым, наступныя падзе паказалі, што гэта наогул немагчыма. А ўсё ж такі дэмакратычна настроеная нашая інтэлегэнцыя, моладзь, нашы дасьледчыкі, якія займаюцца дасьледвавнеьнем старажытнага Менску і ягонай гісторыі – стараюцца ўжываць назву Менск, замест Мінск.
XS
SM
MD
LG