Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАДСТАЎНІК ЗША Ў АБСЭ ДЭВІД ДЖОНСАН ВЫСТУПІЎ З ЗАЯВАЮ, У ЯКОЙ ВЫКАЗАЎ РАСЧАРАВАНЬНЕ ВАРОЖЫМ ТОНАМ БЕЛАРУСКАГА МЗС І НОВЫМ ДЭКРЭТАМ ПРА СХОДЫ


Вена

“Злучаныя Штаты хочуць пацьвердзіць сваю моцную падтрымку працы амбасадара Ганса Гёрга Віка і Кансультацыйна-Назіральнай групы АБСЭ ў Менску, якія, у адпаведнасьці з мандатам, дапамагаюць Беларусі ў разьвіцьці дэмакратычных інстытуцыяў.

У той час, як Беларусь набліжаецца да прэзыдэнцкіх выбараў, праца групы АБСЭ становіцца ўсё больш важнай. Ціск на групу і перашкода працы КНГ, якая прадстаўляе нашую арганізацыю (АБСЭ) і нашыя надзеі што да Беларусі, - непрымальныя.

Мы заклікаем улады Беларусі поўнасьцю супрацоўнічаць з амбасадарам Вікам, КНГ і ўсімі інстытутамі АБСЭ, у тым ліку Бюро дэмакратычных інстытуцыяў і правоў чалавека, а таксама прадстаўніком АБСЭ ў справе свабоды сродкаў масавай інфармацыі.

У лісьце старшыні АБСЭ беларускім уладам канструктыўна ўказаныя тыя сфэры, дзе павінен быць дасягнуты прагрэс дзеля правядзеньня свабодных і справядлівых выбараў.

Мы спадзяваліся, што адказ Беларусі будзе прысьвечаны супрацоўніцтву, аднак мы расчараваныя варожым тонам, які ўжыў у адказе беларускі міністар замежных справаў. Таксама мы расчараваныя інфармацыяй пра дэкрэт 11, які ставіць новыя, “законныя”, абмежаваньні на свабоду сходаў. Гэты дэкрэт – яшчэ адзін крок у адваротным кірунку ад выкананьня ўмоваў, патрэбных для правядзеньня свабодных і справядлівых выбараў, якія магла б прызнаць міжнародная супольнасьць.

І, нарэшце, я б хацеў зьвярнуць увагу на зьніклых у Беларусі людзей, бо на гэтую тэму мы ня можам забыцца.

7-га траўня 1999 году генэрал Захаранка, былы міністар унутраных справаў, зьнік бязь вестак. 4 гады раней ён быў змушаны пакінуць пасаду міністра. У часе, калі Захаранка зьнік, ён быў адным з актывістаў кампаніі альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбараў.

ЗША глыбока заклапочаныя тым, што цягам гэтых 2-ха гадоў пасьля зьнікненьня беларускія ўлады не зрабілі сур’ёзных спробаў расьсьледваць справы Захаранкі, іншых зьніклых – намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Ганчара, ягонага сябра Анатоля Красоўскага, тэлеапэратара Завадзкага.

Сем’і зьніклых і беларускі народ маюць права даведацца праўду пра гэтыя зьнікненьні.

Мы ізноў заклікаем беларускія ўлады хутка, цалкам і адкрыта расьсьледваць гэтыя зьнікненьні. Мы павінныя пераканаць сем’і, што іхныя родныя – не забытыя”.

Пасьля амбасадар ЗША ў АБСЭ Дэвід Джонсан падзякаваў кіраўніцтву АБЭС і яе структураў за тое, што яны разглядаюць Беларусь як прыярытэт. Ён адзначыў, што, відавочна, з набліжэньнем прэзыдэнцкіх выбараў Беларусь стаіць на ростанях і “несупынная ўвага АБСЭ да сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі адыграе ключавую ролю ў рэалізацыі нашых калектыўных намаганьняў.

Далей амбасадар Джонсан зьвярнуў увагу на пытаньне візыту старшыні АБСЭ ў Беларусь, у прыватнасьці, на шэраг заўвагаў, зробленых ім пад час абмеркаваньня візыту на мінулым тыдні з Гансам Гёргам Вікам. Джонсан паўтарыў іх: “каб візыт быў пасьпяховым, ён павінен быць добра падрыхтаваным. І, як мінімум, уключыць сустрэчу зь кіраўніком ураду ў прысутнасьці амбасадара Віка, а таксама спатканьні зь лідэрамі апазыцыі. Візыт разглядаецца як важная справа, таму трэба працягваць кансультацыі з сябрамі Рады перад тым, як вырашыць арганізацыю візыту”.
XS
SM
MD
LG