Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДАКЛАДНЫХ ЗЬВЕСТАК ПРА РАСЕЙСКІЯ КРЭДЫТЫ І ФІНАНСАВАНЬНЕ ЗАХАДАМ АПАЗЫЦЫІ НАЦБАНК НЯ МАЕ


Юры Сьвірко, Менск

На сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі ў Нацыянальным банку намесьнік старшыні ягонай управы Мікалай Лузгін распавёў пра сытуацыю на валютным рынку Беларусі. Паводле ягоных словаў, рэальны курс беларускага рубля сёлета падвысіўся, бо за 4 месяцы інфляцыя склала больш як 16%, а дэвальвацыя нацыянальнае валюты ў дачыненьні да амэрыканскага даляра была за гэты ж пэрыяд меншая за 13%.

За першы квартал году банкі Беларусі прадалі людзям валюты на 33 мільёны даляраў больш, чым людзі здалі ў тыя ж банкі.

Тэрміновыя дэпазыты насельніцтва на 1 студзеня складалі 78,8 мільярда рублёў, а на 1 траўня — 154,7 мільярда рублёў.

Мікалай Лузгін тлумачыць гэты рост (амаль удвая) усталяваньнем адзінага курсу абмену і скарачэньнем “чорнага рынку” валюты. Але намесьнік кіраўніка Нацбанку прызнаў, што “чорны рынак” яшчэ захаваўся. Таму банк спрабуе кантраляваць сытуацыю разам зь Міністэрствам унутраных справаў, зь якім створаная нават адмысловая супольная група.

Паводле спадара Лузгіна, золатавалютныя рэзэрвы ня толькі захаваліся, але й павялічыліся з пачатку году. Праўда, тут “ня ўсё так бясхмарна”, сказаў Лузгін. Аднак падаць канкрэтныя лічбы ён адмовіўся, што выклікала незадавальненьне журналістаў.

Я запытаў яго: ці будзе спрыяць бясхмарнасьці на валютным рынку Беларусі крэдыт ад Цэнтральнага банку Расеі, дзеля якога гэтак званы Нацыянальны сход так сьпяшаўся ратыфікаваць пагадненьні пра стварэньне адзінае расейска-беларускае валюты.

(Лузгін: ) "Як вядома, агульная сума крэдыту складае 4,5 мільярда рублёў, першая транша — 1,5 мільярда. Цяпер канчаткова ўдакладняюцца, узгадняюцца ўмовы атрыманьня вось гэтае першае траншы з Цэнтрабанкам Расеі.

Тэрмінаў, ведаеце, у нас такіх канкрэтных не ўстаноўлена, мы вось… Карацей, узгадняюцца ўмовы гэтага крэдыту", — сказаў Мікалай Лузгін, намесьнік старшыні ўправы Нацыянальнага банку.

Карыстаючыся тэмай прэсавай канфэрэнцыі — “Сытуацыя на валютным рынку”, я задаў яму й гэткае пытаньне: мабыць, вы чулі пра тыя 500 мільёнаў даляраў, што Захад нібыта выдаткаваў беларускай апазыцыі на прэзыдэнцкія выбары; ці завезьлі іх ужо на тэрыторыю Беларусі, і калі так, дык колькі?

(Лузгін: ) "Ну, давайце… Ха-ха-ха…Мы не адсочваем гэткіх працэсаў. Напэўна, гэта іншыя органы змогуць адказаць на гэтыя пытаньні", — сказаў спадар Лузгін.

Нагадаю: пра тое, што Захад нібыта даў беларускай апазыцыі на прэзыдэнцкія выбары 500 мільёнаў даляраў, ужо некалькі разоў публічна заўляў Аляксандар Лукашэнка.
XS
SM
MD
LG