Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

З ВЫКАРЫСТАНЬНЕМ ЗБРОІ БАРАНІЎ СЯБЕ ГОМЕЛЬСКІ АПАЗЫЦЫЯНЭР ВАРОНЕЖЦАЎ


Казімер Яноўскі, Гомель

Два мужчыны, з выгляду 25–30 гадоў, сталі абражаць Юр'я Варонежцава ля пад'езду ягонага дому, калі той з маленькай дачкой вяртаўся з прагулкі. Яшчэ больш раззлавала невядомых тое, што спадар Варонежцаў выклікаў па тэлефоне міліцыю.

Пакінуўшы дачку ў кватэры, Юры Варонежцаў зноў выйшаў на вуліцу, каб сустрэць сына-школьніка. І тут два незнаёмцы дагналі яго. Маладзейшы ўдарыў нагой.

Баронячыся, былы дэпутат Вярхоўнага Савету СССР, вядомы ў горадзе палітык вымушаны быў прымяніць газавы пісталет. Зрабіў чатыры стрэлы —па два ў кожнага з нападнікаў.

Сьлезацечны газ астудзіў няпрошаных гасьцей. Яны хутка пайшлі ў бок вуліцы Садовай.

Юры Варонежцаў другі раз патэлефанаваў у міліцыю і паведаміў пра ўжываньне газавай зброі. Пасьля гэтага й прыехалі два лейтэнанты — праверылі дазвол на газавы пісталет і абяцалі знайсьці нападнікаў.

Сёньня стала вядома, што ўчарашні інцыдэнт на вуліцы Пушкіна нават не пазначаны ў міліцэйскіх зводках. Відаць, мясцовыя чыны не хацелі псаваць “сьвяточнага малюнку” перад новым начальствам. Акурат сёньня гомельскім міліцыянтам міністар унутраных спраў Навумаў прадставіў новага начальніка абласной управы — палкоўніка Анатоля Куляшова, які да нядаўняга часу быў кіраўніком міліцыі Фрунзенскага раёну Менску.

Сам жа Юры Варонежцаў не выключае правакацыі ці нейкага заказнога характару ўчарашняга нападу.

(Варонежцаў: ) "Яшчэ паўгода таму я б пра гэта ня думаў. А зараз з прычыны нагнятаньня варожасьці да людзей, што займаюцца палітыкай, я дапускаю і такі варыянт. Улічваючы сытуацыю, дэмакратычныя палітыкі ды тыя, хто нас падтрымлівае, мусяць трымацца мужна і не баяцца рознага кшталту правакацыяў. Варта памятаць пра гонар і годнасьць і абараняць іх любымі законнымі мэтадамі".
XS
SM
MD
LG