Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У МАГІЛЕВЕ НЯ МОГУЦЬ ЗАРЭГІСТРАВАЦЦА 7 З 8-МІ ПЕРШАСНЫХ ПРАФСАЮЗНЫХ АРГАНІЗАЦЫЯЎ


Аляксандар Сердзюкоў, Магілеў

На сёньняшнім паседжаньні выканкаму разглядалі хадайніцтва Магілеўскага абласнога суду. Паводле яго, другі раз на парадак дня адміністрацыя паставіла пытаньне пра рэгістрацыю прафсаюзных арганізацый працаўнікоў Магілеўскага аўтазаводу, ААТ “Экран” і прыватных прадпрымальнікаў.

Першапачаткова раённая адміністрацыя адхіліла паперы на рэгістрацыю арганізацыі і прапанавала ім стаць на ўлік у абласным упраўленьні юстыцыі.

Яшчэ летась, у сьнежні, Свабодны прафсаюз падаў скаргу ў суд. Ягоныя прадстаўнікі здолелі даказаць, што рэгістрацыя першасных арганізацыяў – справа раённай вэртыкалі. Але ж судзьдзя Людміла Лагуціна адмовілася задаволіць іншае хадайніцтва ініцыятараў скаргі. Яны прасілі суд абавязаць вэртыкаль зарэгістраваць усе тры раённыя арганізацыі. Судзьдзя не падтрымала гэтай прапановы.

Тым ня менш, кіраўнікоў адміністрацыі прымусілі паўторна ўзьняць гэтае пытаньне. Паводле меркаваньня чыноўнікаў, незарэгістраваныя суполкі ня мелі права арганізоўваць мітынгі і пікеты і распаўсюджваць улёткі.

Як вядома, Свабодны прафсаюз у Магілеве сёлета ўжо правёў некалькі акцыяў. Абвінавачваньні ў незаконнай дзейнасьці сталі асноўнай прычынай адмовы ў рэгістрацыі. Апроч таго, пад жорстку крытыку ўладаў патрапіў Свабодны прафсаюз аўтазаводу. У рашэньні так і адзначылі: гэтая арганізацыя дэстабілізуе псыхалягічны клімат на прадпрыемстве.

Сёньня ў Магілеве не змаглі прайсьці перарэгістрацыі сем з васьмі першасных прафсаюзных арганізацыяў. Два гады яны спрабуюць узаконіць сваю дзейнасьць, але ня могуць атрымаць даведкі пра наяўнасьць юрыдычнага адрасу.

Набліжаюцца прэзыдэнцкія выбары. Гэтыя арганізацыі пазбаўленыя магчымасьці вылучыць сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі. Вось якой бачыць будучыню Свабодных прафсаюзаў мэталістаў старшыня магілеўскай арганізацыі Юры Новікаў:

(Новікаў: ) “Нягледзячы на тое, што магілеўскія ўлады адмаўляюць у рэгістрацыі першасным арганізацыям Свабоднага прафсаюзу Беларускага, мы будзем і надалей працаваць. А таксама ў бліжэйшы час абскардзім рашэньне адміністрацыі Кастрычніцкага раёну гораду Магілеву ў Рэспубліканскім судзе”.
XS
SM
MD
LG