Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАВОДЛЕ КАЛЕГАЎ, ПРАФСАЮЗЬНІЦА АЛЕНА ЗАХОЖАЯ – ЖАНЧЫНА ЎПАРТАЯ. ЯНА ГАЛАДАЕ 9-Я СУТКІ


Міхал Стэльмак, Бабруйск

Сёньня Алена Захожая трымала галадоўку на працоўным месцы. Вось што паведаміў нашаму радыё начальнік цэху, у якім яна працуе, Мікалай Баразна:

(Баразна: ) "Мне непрыемна, што гэтая сытуацыя ў маім цэху, я не хачу гэтага. Я ёй параіў зьвярнуцца да лекараў, бо выглядае яна вельмі кепска. Але яна жанчына ўпартая — сказала, што не патрэбная ёй мэдычная дапамога і што яна пачуваецца нармалёва. Вось і сёньня яна адмовілася ад дактароў".

Паводле словаў самой Алены Захожай, яе сёньня вызвалілі ад вытворчых заданьняў. Нават параілі пайсьці дадому — на гэта ёсьць афіцыйная выснова мэдыкаў, зробленая 8 траўня. У аўторак Алена Захожая прайшла мэдычнае абсьледаваньне, вынікам якога стала рашэньне аб тэрміновай шпіталізацыі.

Аднак прафсаюзная лідэрка ад яе адмовілася й заявіла, што ў шпіталь зьвернецца толькі пасьля таго, як адміністрацыя выканае ейнае патрабаваньне —– дасьць даведку пра наяўнасьць у прафсаюзу юрыдычнага адрасу. Але адміністрацыя рабіць гэта адмаўляецца.

8 траўня на імя Алены Захожай паступіў адказ, у якім патрабуюць дадатковых прафсаюзных дакумэнтаў. Напрыклад, даведка, што менавіта Алена Захожая, а ня хто іншы, ёсьць кіраўніком Незалежнага прафсаюзу. І пакуль, як вынікае з тлумачэньняў намесьніцы генэральнага дырэктара шыннага камбінату Натальлі Васільевай, мяняць пазыцыі адміністрацыя не зьбіраецца.

Галадоўка прафсаюзнай лідэркі “Белшыны” нэрвуе і гарадзкія ўлады Бабруйску. Вось што паведаміў сёньня на гэты конт нашаму радыё загадчык аддзелу сувязяў з грамадзкасьцю Бабруйскага гарвыканкаму Валеры Чарняк:

(Чарняк: ) "Хай яна возьме ды памрэ. Мы адмовілі ёй у рэгістрацыі, бо не прадаставіла дакумэнтаў. А зараз яна ўзначальвае незаконную арганізацыю. Варта было б прадаставіць дакумэнты ў пракуратуру, каб тая за незаконную дзейнасьць прыцягнула яе да адказнасьці".
XS
SM
MD
LG