Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У КАЗЁННЫМ ЛЕСЕ ЛЯ ДРАГІЧЫНУ СЁНЬНЯ ШАНАВАЛІ ПАМЯЦЬ ЗМАГАРОЎ З ФАШЫЗМАМ І БАЛЬШАВІЗМАМ


Аляксей Дзікавіцкі, Драгічынскі раён

Хутар Сёманаўскі немцы спалілі разам з жыхарамі на пачатку вайны. Яны падазравалі тутэйшых у дапамозе Палескай паўстанцкай арміі, байцы якой змагаліся тут як з фашыстамі, так і з чырвонымі захопнікамі.

Літаральна праз 2 кілямэтры – яшчэ адзін хутар – Завылёўскі, жыхароў якога ўжо ў 45-м разам з малымі дзецьмі спалілі войскі НКВД. За тое, што ў іх быў прымач і яны, быццам бы, перадавалі інфармацыю антыбальшавіцкім атрадам, якія дзейнічалі тут аж да 1956 году.

Пра тое, што тут калісьці былі хутары, цяпер сьведчаць хіба некалькі садовых дрэваў, якія ў лесе выглядаюць неяк недарэчна, а таксама невялікія ямкі на месцы колішніх спаленых хатаў.

Сёньня сябры драгічынскай філіі БНФ разам са школьнікамі патрыятычнай арганізацыі імя Элаізы Ажэшкі ўшанавалі лясныя магілы сваіх землякоў, што загінулі ў часе, а таксама пасьля Другой сусьветнай вайны праз партызанскае змаганьне з фашыстамі і камуністамі. Гаворыць актывіст Фронту Кастусь Мысьлівец:

(Мысьлівец: ) “Рэч у тым, што мы паважаем як барацьбу нашага народу з фашызмам, гэтаксама і барацьбу супраць калгаснага ладу – за самастойную гаспадарку і самастойную дзяржаву. Нашыя продкі разумелі, што фашызм і бальшавізм – гэта адно й тое ж. Таму сёньня мы ўшаноўваем усіх змагароў, бо кожны зь іх меў свае перакананьні і ўсе яны мелі права на жыцьцё, якое забраць можа толькі Бог, а не немцы ці НКВД”.

У часе паходу сябра Фронту Васіль Пракопчык расказваў хлопцам пра мінулыя баі ды крывавыя расправы. Яны пакінулі кветкі на месцах, дзе гэтыя баі адбываліся.

Пра пасьляваенныя баі партызанаў з войскамі НКВД, якія пакінулі Казённы лес толькі напрыканцы 50-х гадоў, нагадваюць шматлікія акопы, якія захаваліся і дагэтуль. Ёсьць у лесе і сьляды ямаў, у якія партызаны ў часе цяжкіх баёў закопваліся, каб падмануць чэкістаў.

На адным з такіх месцаў маладыя сябры арганізацыі імя Элаізы Ажэшкі з павязанымі на шыю бел-чырвона-белымі шалікамі агучылі сваю своеасаблівую клятву “На вернасьць Беларусі”.

(Дзіцячы голас: ) “Беларусам я радзіўся,
Беларусам буду жыць,
Беларускую радзіму,
Беларускую зямельку
Буду шчыра я любіць
Бо радзімая старонка
Над усіх мне даражэй,
Беларуская гаворка
Над усімі прыгажэй.
Славу родную і волю
Нікому не аддам,
За народ свой беларускі
Я жыцьцё сваё аддам.
Хай загіне наша гора:
Зьдзек, пагарда і прымус,
Хай жыве для славы вечна
Край наш родны – Беларусь!
XS
SM
MD
LG