Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЯКСАНДАР ЛУКАШЭНКА БАЧЫЦЬ СУВЯЗЬ ПАМІЖ ВАЙСКОВЫМІ МАНЭЎРАМІ НАТО І КРАІНАЎ БАЛТЫІ І ПРЭЗЫДЭЦКІМІ ВЫБАРАМІ Ў БЕЛАРУСІ


Ганна Соусь, Менск

У часе свайго ўчорашняга выступу перад вэтэранамі Аляксандар Лукашэнка быў занепакоены вучэбна-баявой дзейнасьцю замежных дзяржаваў у непасрэднай блізкасьці ад дзяржаўнай мяжы Беларусі.

Аляксандар Лукашэнка сказаў: "Ужо абвешчана аб правядзеньні ў жніўні-верасьні — заўважце, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў — на літоўскіх палігонах Пабрадэ ды Рукла паўнамаштабных вучэньняў краінаў НАТО ды Балтыі. Яшчэ раз падкрэсьліваю, паважаныя вэтэраны, мы нікому ды ніколі не пагражалі. Але мы вымушаныя правесьці такія ж вучэньні ў жніўні-верасьні ў Віцебскай вобласьці".

Гэтая заява Лукашэнкі мела розгалас у Літве. Як адзначыў у інтэрвію Радыё Свабода кіраўнік інфармацыйнага дэпартамэнту Міністэрства замежных справаў Літвы Петрас Запольскас, уступленьне Літвы ў НАТО ніякім чынам не зьвязана з пагрозамі ні зь якога боку, у тым ліку беларускага.

(Запольскас: ) "Што да ўдзелу нашах вайскоўцаў у любых манэўрах, у любых вучэньнях, як на тэрыторыі Літвы ды іншых краінаў-партнэраў, то гэта ніякім чынам не зьвязана з вучэньнямі ў іншых краінах. У нас ёсьць графік вучэньняў, і ён даволі адкрыты. Нашыя вучэньні не накіраваныя супраць нейкага боку".

Да таго ж, дадаў спадар Запольскас, такія вучэньні адбываюцца рэгулярна.

(Запольскас: ) "Нашы ўзброеныя сілы маюць добрыя дачыненьні з многімі краінамі. На тэрыторыі Літвы ў іх бяруць удзел многія нашы партнэры. Мы звычайна запрашаем усіх магчымых назіральнікаў, у тым ліку з усіх суседніх дзяржаваў — Латвіі, Беларусі, Расеі, Польшчы ды іншых назіральнікаў, чые ўзброеныя сілы не бяруць удзелу. Такім чынам, я ня бачу падставаў зьвязваць вучэньні дзьвюх суседніх краінаў у адзіны вузел".

Петрас Запольскас ня ведае дакладна тэрмінаў вучэньняў, бо з гэтай нагоды ніколі не паўставала сур’ёзных праблемаў. Тым больш, вучэньні адбываюцца часта — прыкладам, узгадаў спадар Запольскас, нядаўна ў Літве знаходзілася брыгада італьянскіх вайскоўцаў.

(Запольскас: ) "Я ня зьвязваю ніякіх вучэньняў з тым, як учора выказаўся прэзыдэнт Беларусі. Працэс падрыхтоўкі нашых вайскоўцаў ідзе бесьперапынна — як у Літве, так і на тэрыторыі іншых краінаў. Да того ж, мы ўдзельнічаем ў міратворчых місіях у сумесных батальёнах з Латвіяй ды Эстоніяй, а таксама з Польшчай", — распавёў у інтэрвію Радыё Свабода кіраўнік інфармацыйнага дэпартамэнту Міністэрства замежных справаў Літвы Петрас Запольскас.

А што да маючых адбыцца на Віцебшчыне ў жніўні манэўраў беларускіх вайскоўцаў, то, прыкладам, былы міністар абароны Беларусі Павал Казлоўскі нядаўна назваў іх перадвыбарчым бразганьнем зброі.

XS
SM
MD
LG