Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБСТАВІНЫ ПРАЦЭСУ НАД БЕЛЕНЬКІМ ДАЮЦЬ ПАДСТАВЫ НЕ ДАВЯРАЦЬ СУДЗЬДЗІ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Выканаўца абавязкаў старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі сёньня зноў паўстаў перад судом. Пераглядаецца ягоная справа, якую завялі пасьля падзеяў 25 сакавіка.

Нагадаю, Беленькі быў абвінавачаны ў правядзеньні несанкцыянаванага шэсьця па праспэкце Скарыны і засуджаны да 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Зь іх спадар Беленькі адбыў за кратамі 9 дзён, бо гарадзкі суд адмяніў ранейшы прысуд і вярнуў справу на новае разьбіральніцтва. Прызналі, што пратаколы на Беленькага складзеныя са шматлікімі парушэньнямі, якіх чамусьці не заўважылі судзьдзі Цэнтральнага суду.

Сёньня суд даволі ўважліва выслухаў усіх сьведак. І міліцыянтаў, якія бачылі Юрася Беленькага ў складзе недазволенага шэсьця, і тых, хто сьведчыў, што абвінавачаны не парушаў грамадзкага парадку.

Асабліва ўважліва разглядалі сьведчаньні міліцыянта Аляксандра Барсукова, намесьніка кіраўніка Цэнтральнага райаддзелу міліцыі, на ягоны загад складалі пратаколы на Беленькага, прызнаныя потым недакладнымі.

Высьветлілася, што сам Барсукоў сьведкам несанкцыянаванага шэсьця ня быў і цалкам спаслаўся на свайго калегу, кіраўніка Маскоўскага райаддзелу міліцыі Валяр'яна Фядкевіча. Такім чынам, Фядкевіч аказаўся ключавым сьведкам. Між тым, у судзе яго сёньня не дачакаліся.

Не дачакаліся й прысуду па гэтай дастаткова яснай справе. Юрась Беленькі лічыць, што судзьдзя Паўлючук ня вынесла прысуду сёньня, бо мусіла б яго апраўдаць. А гэта, верагодна, супярэчыць атрыманаму загаду. Нездарма яна даруе галоўнаму сьведку такую выразную непавагу да суду.

(Беленькі: ) "Фядкевіч не прыйшоў у суд учора, не зьявіўся і сёньня раніцай. Потым зноў з-за яго паседжаньне адкладалі і ўсё роўна не дачакаліся. У іншых абставінах, да іншай асобы суд бы ўзяў захады за непавагу, але тут нічога ня робіцца, і мы ўсе вымушаныя чакаць невядома чаго", — казаў Юрась Беленькі.

Ягоная адвакатка Вера Страмкоўская сьцьвярджае, што сёньняшні працэс дае ўсе падставы, каб выказаць недавер судзьдзі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG