Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І ТУТ – ПА-ЗА: БЕЛАРУСКАЯ ЗБОРНАЯ ВЫБЫЛА З НАЙВЫШЭЙШАЙ ЛІГІ ЎСЯСЬВЕТНАГА ХАКЕЮ


Віталь Цыганкоў, Менск

Чэмпіянат сьвету па хакеі, што праходзіць у Нямеччыне, яшчэ ў разгары, але многія беларускія аматары спорту згубілі інтарэс да гэтых спаборніцтваў.

Рэч у тым, што зборная Беларусі ўжо завершыла ўдзел у турніры. Завершыла поўным фіяска — упершыню за апошнія чатыры гады беларуская хакейная дружына ня здолела ўтрымацца ў эліце ўсясьветнага хакею.

Паводле вынікаў чэмпіянату, беларусы занялі 14-е месца, пакінулі групу "А" і ў наступным годзе будуць змагацца за вяртаньне ў лігу наймацнейшых. Дарэчы, на папярэдніх чэмпіянатах сьвету зборная краіны займала адпаведна 8-е, 11-е, і 9-е месцы.

Верагодна, прычыны няўдачы пачнуць сьпісваць на непрыемны зьбег абставінаў, на моцных супернікаў, якія трапілі беларусам, на адсутнасць гульца "NHL" Уладзімера Цыплакова і гэтак далей.

Але на справе праблема найперш у тым, што за апошнія гады ў беларускай зборнай не зьявілася яркіх маладых хакеістаў. Вось ужо гадоў пяць каманда гуляе практычна адным і тым жа складам, усім асноўным хакеістам даўно ўжо за 30.

Ці выпадковы правал беларускай зборнай? Вось меркаваньне аглядальніка газэты "Прессбол" Сяргея Аляхновіча:

(Аляхновіч: ) "Не, гэта не выпадковасьць. Мы бы маглі, можа, яшчэ год-два пабоўтацца ў эліце ўсясьветнага хакею. Але за апошнія гады зборная амаль не абнаўлялася, і выступала коштам старых кадраў, большасьць зь якіх пачынала выступаць яшчэ ў час Савецкага Саюзу".

Нягледзячы на пабудову шматлікіх лядовых палацаў, беларускі хакей пакуль не нарадзіў новых зорак, якія гатовыя замяніць вопытных гульцоў у нацыянальнай зборнай. Сёлета, дарэчы, моладзевая зборная Беларусі таксама выбыла з групы наймацнейшых. Чаму не расьце маладая зьмена, куды зьнікаюць таленавітыя беларускія хакеісты? Адну з прычынаў называе Сяргей Аляхновіч:

(Аляхновіч: ) "Калі раней была такая тэндэнцыя — мы бралі людзей з Расеі, давалі ім грамадзянства, то цяпер ужо нашымі маладымі хлопцамі цікавяцца клюбы з расейскага чэмпіянату. Таму яны ня хочуць быць "зайгранымі" за Беларусь, каб мець магчымасьць выступаць за Расею".

Што можа стацца зь беларускім хакеем пасьля фіяска на чэмпіянаце ў Нямеччыне?

(Аляхновіч: ) "Хакей да нядаўняга часу быў любімай цацкай Аляксандра Лукашэнкі. Зараз пасьля правалу — а я на 100% упэўнены, што гэта будзе расцэнена як правал, я думаю, што гэтая цацка ўжо будзе не такой любімай. Баюся, што ўлады і прэзыдэнт НАК могуць "ахладзець" да хакею".

Кожная ўдача хакейнай зборнай спартовымі камэнтатарамі Беларускага тэлебачаньня расцэньваецца як непасрэдная заслуга Аляксандра Лукашэнкі. Але ці возьме прэзыдэнт НАК на сябе адказнасьць за найгучны правал у беларускай хакейнай гісторыі?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG