Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАЦЯГВАЕЦЦА ГАЛАДОЎКА ЗА ПРАФСАЮЗНЫЯ ПРАВЫ


Міхал Стэльмак, Бабруйск

Сёньня Алену Захожую не дапусьцілі да працы. Як і ўчора, ёй цяжка было дабрацца да шыннага камбінату самой, дапамаглі людзі. Аднак заводзкае начальства не дало ёй працаваць. Распавядае Алена Захожая:

(Захожая: ) "Да мяне на працоўнае месца прыйшлі работнікі нашага здраўпункту, памералі мне ціск, паслухалі, агледзелі, выклікалі "хуткую дапамогу" і завезьлі мяне ў паліклініку. Там мой цэхавы доктар мяне агледзеў, зрабіў кардыяграму і прыйшоў да высновы, што мяне трэба пакласьці ў шпіталь, у кардыялягічнае аддзяленьне.

Я адмовілася класьціся ў шпіталь, бо прымаць мэдычную дапамогу я ня буду, а так проста займаць месца я ня маю права — у нас гэтых месцаў чакаюць тыднямі. Тады мяне накіравалі на працу, я пайшла на тралейбус, дабралася да свайго працоўнага месца і працавала да канца зьмены".

Алена Захожая вырашыла працягваць галадоўку. Сёньня яна атрымала адказ адміністрацыі "Белшыны".

(Захожая: ) "Гэта простая адпіска. Нам адмаўляюцца выдаць даведку пра юрыдычны адрас і робяць захады дзеля ўсталяваньня кантролю над дзейнасьцю арганізацыі".

У цэхах шыннага камбінату распаўсюдзілі сёньня ўлёткі пра акцыю падтрымкі Алены Захожай, якая мелася адбыцца а 15-й гадзіне. Акцыю салідарнасьці думалі правесьці сябры спадарыні Захожай па прафсаюзе і актывісты грамадзкай ініцыятывы "Рабочая самадапамога".

Паводле словаў лідэра "Рабочай самадапамогі" Сяргея Антончыка, кіраўніцтва "Белшыны" сарвала акцыю. Начальства на дзьве гадзіны скараціла працоўную зьмену, таму ў прызначаны час цэхі былі ўжо пустыя.

XS
SM
MD
LG