Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАШТУНІЦА — ПАЛІТЫК ГОДУ Ў ЗША. А Ў БЕЛАРУСІ ЁН — "ПРЭЗЫДЭНТ, ЯКІ НЯ БЫЎ НІКІМ АБРАНЫ"


Юры Сьвірко, Менск

Югаслаўскі прэзыдэнт сустрэнецца ў Нью-Ёрку з генэральным сакратаром ААН, а потым паедзе ў Вашынгтон, дзе заплянаваныя ягоныя сустрэчы зь дзяржаўным сакратаром ЗША Колінам Паўэлам і віцэ-прэзыдэнтам Рычардам Чэйні. Верагодна, адбудзецца й сустрэча Ваіслава Каштуніцы зь ягоным калегам Джорджам Бушам. Гэта першы візыт спадара Каштуніцы ў Вашынгтон і першы візыт лідэра Югаславіі ў Злучаныя Штаты пасьля бамбаваньня НАТО 1998 году.

Да прэміі нью-ёрскага Інстытуту “Усход-Захад” за ўнёсак ў дэмакратызацыю Югаславіі, што прысудзілі Ваіславу Каштуніцу, зрабіла свой дадатак Беларускае тэлебачаньне. Суботнім вечарам паўторна паказалі выпуск праграмы "Тайныя спружыны палітыкі":

(Дыктар БТ: ) "Замест жалезнага Слоба да ўлады прыйшоў той самы дэмакрат Каштуніца. Паспрабуем прыадкрыць заслону над гэтай гісторыяй. Па-першае, як стало ўжо відавочным, Каштуніца нікім ня быў абраны — ён быў абвешчаны прэзыдэнтам Саюзнае Рэспублікі Югаславіі асабіста прэм’ер-міністрам Вялікабрытаніі Тоні Блэрам, які вынес свой вэрдыкт, грунтуючыся на зьвестках гэтак званых незалежных назіральнікаў. Па-другое, відавочна, што югаслаўскі катаклізм быў старанна сплянаваны".

Гэтую перадачу нарэшце змог убачыць часовы павераны ў справах Югаславіі ў Беларусі Слабадан Ярчавіч, якому я тэлефанаваў пасьля першага выхаду “Тайных спружынаў” у эфір. Тады ж прэсавы сакратар беларускага Міністэрства замежных справаў Павал Латушка заявіў, што ягонае ведамства не камэнтуе выказваньняў журналістаў тэлебачаньня.

Сёньня кіраўнік югаслаўскае місіі ў Менску Слабадан Ярчавіч заявіў:

(Ярчавіч: ) "Я бачыў і паінфармаваў сваё Міністэрства замежных справаў пра гэта. Але я ведаю, што вы думаеце — што я зрабіў тут, у Менску? Нам дастаткова таго, што спадар Латушка сказаў — што гэта ня ёсьць афіцыйным стаўленьнем ураду Беларусі".

Але мінулым разам ён абяцаў даслаць адмысловы ліст на тэлебачаньне з нагоды заявы пра нелегітымнасьць Ваіслава Каштуніцы. Паводле часовага паверанага ў справах Югаславіі, цяпер ён ня лічыць патрэбным дасылаць гэты ліст. І вось чаму.

(Ярчавіч: ) "Калі такі ліст накіраваў часовы павераны Баўгарыі, таксама ўрад Беларусі сказаў, што гэта ня ёсьць афіцыйным пунктам погляду".

Спадар Ярчавіч адмовіўся камэнтаваць праведзеныя Беларускім тэлебачаньнем паралелі наконт незалежных назіральнікаў, якія нібыта й зрабілі спадара Каштуніцу прэзыдэнтам. Слабадан Ярчавіч не пажадаў сказаць нічога й пра апошнія падзеі вакол Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Менску, якая дапамагае ў падрыхтоўцы незалежных назіральнікаў на выбарах і праз гэта атрымлівае ўсё больш гучныя пратэсты афіцыйнага Менску.

Югаслаўскі дыплямат распавёў пра свае апошнія кантакты зь беларускімі калегамі.

(Ярчавіч: ) "Каштуніца выбраны ў Югаславіі народам, і гэта дакладна. Я інфармаваў іх пра гэта, і яны згодныя з гэтым. Але я ведаю, што мы мелі складаную сытуацыю ў часе выбараў, і магу сказаць вам, што я ня быў сябрам партыі Слабадана Мілошавіча, я беспартыйны чалавек і я мушу захаваць добрыя стасункі паміж Беларусьсю і Югаславіяй — гэтае заданьне я атрымаў ад Югаславіі.

Але мы інфармавалі Міністэрства замежных справаў Беларусі, што мы ня згодныя з тым, што на тэлебачаньні сказалі — што Каштуніца не абраны", — заявіў Слабадан Ярчавіч, часовы павераны ў справах Югаславіі ў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG