Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТАНЦЫЯ БАРАВУХА: ЗМАГАНЬНЕ ЗА БЕЛ-ЧЫРВОНА-БЕЛЫ СЬЦЯГ


Вінцэсь Мудроў, Полацкі раён

Гісторыя гэтая распачалася 30-га верасьня 1999 году, калі брыгадзір чыгуначнай брыгады станцыі Баравуха Анатоль Каханьчык намаляваў на адным з прыстанцыйных будынкаў вялізарны бел-чырвона-белы сьцяг.

Намаляваў па ўсіх правілах манумэнтальнага жывапісу – алейнаю фарбаю. Пасажыры цягнікоў, пабачыўшы відэарыс сьцягу, кожны раз махалі рукамі з вагонных вокнаў.

У адрозьненьне ад пасажыраў, тутэйшае чыгуначнае вэртыкальнае кіраўніцтва адразу ж выявіла сваё незадавальненьне і стала патрабаваць ад брыгадзіра, каб той зафарбаваў палітычна небясьпечныя калёры.

Баравуху ад таго часу наведалі шмат якія начальнікі, у тым ліку і са сталіцы. І ўсе яны ўголас патрабавалі прыбраць з вачэй беларускі сьцяг.

Паводле сьведчаньняў спадара Каханьчыка, яму і ягоным сябрам даводзілася нават сярод ночы пільнаваць, каб хто не запэцкаў выявы нацыянальнай сьвятыні.

І вось нядаўна ў Віцебскім аддзяленьні беларускай чыгункі зьмяніўся кіраўнік. Ім стаў спадар Пахоўкін, які днямі завітаў у Баравуху. Пабачыўшы на будынку выяву сьцягу, новы кіраўнік у грубай форме загадаў зафарбаваць увесь будынак, паабяцаў звольніць спадара Каханьчыка з працы, а калі жанчыны-чыгуначніцы заступіліся за брыгадзіра, стаў іх абражаць.

Пасьля ад’езду Пахоўкіна ўсе наўкол сталі ўпрошваць спадара Каханьчыка ўласнаручна запэцкаць сьцяг і такім чынам застацца на працы, але той адмовіўся.

А яшчэ праз тыдзень у Баравуху патэлефанаваў віцебскі начальнік, які, даведаўшыся, што сьцяг дагэтуль не запэцканы, паабяцаў звольніць ня толькі брыгадзіра, але і начальніка станцыі, майстроў і абходчыкаў.

Наступнага ранку брыгадзір прыйшоў на працу, з болем у сэрцы ўбачыў сьцяг зафарбаваным, але яго адразу супакоілі: маўляў, зафарбавалі ўсяго толькі вапнавай рошчынай, якую змые першы ж травеньскі дождж.

Застаецца заўважыць, што Анатоль Каханьчык амаль 18-ць гадоў адпрацавацў брыгадзірам, за гэты час ня меў ніякіх заўвагаў, а вось цяпер з ласкі спадара Пахоўкіна мусіць застацца без працы. Праўда, як ён сам сказаў, тут гаворка не пра лёс асобнага чалавека, а пра лёс нацыянальнай сьвятыні, якую ў нас спрабуюць адабраць сталічныя ды віцебскія начальнікі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG