Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖЫВІЦЕ ДОЎГА. НОВЫЯ САКРЭТЫ ДОЎГАЖЫХАРСТВА. ЗНАЧЭНЬНЕ СНУ


Мікола Іваноў, Прага

Сон - магутны сродак лячэньня чалавечага арганізму. Мэдыкі цяжка хвораму чалавеку вельмі часта даюць лекарства на сон, бо менавіта падчас сну працэс выздараўленьня адбываецца ў аптымальных варунках.

Амэрыканская грамадзка-мэдычная арганізацыя Realage адзначае, што 6 – 8 гадзінаў нармальнага здаровага сну можа зьменшыць ваш рэальны біялягічны ўзрост ажно на 5 з паловаю гадоў.

Памятайце, кожная недаспаная гадзіна ня толькі пагаршае вашае самапачуцьцё, але і скарачае вашае жыцьцё.

Але для шмат каго з вас, паважаныя радыёслухачы, вельмі знаёмая сытуацыя, калі што толькі ня робіш, а заснуць не атрымліваецца. Галава цяжкая, перапоўненая трывожнымі думкамі. Да гэтага прымешваецца яшчэ і злосьць, што нельга заснуць.

Што ж такое бяссоньніца? Праблему гэтую камэнтуе адзін зь вядучых экспэртаў Усясьветнай арганізацыі аховы здароў’я Фраклін Апфэльд:

(Апфэльд: ) “Я перакананы, што вакол нас значна больш адбываецца рухаў. Вакол нас шмат больш розных хваляў: телекамунікацыйных, радыё, телебачаньня. Зразумела, што бяссоньніца зьвязаная з псыхічнымі расстройствамі. Людзі з дэпрэсіяй заўсёды пакутваюць на бяссоньніцу. Але гэтае расстройства не звязаная зь генэтыкай ці біялёгіяй. Кожны можа паспяхова змагацца са стрэсам. Заняткі спортам, здаровы вольны час і іншыя спосабы здаровага жыцьця могуць пазбавіць вас бяссоньніцы. Зьмена спосабу харчаваньня, здольнасьць добра адпачываць, розныя фызычныя практыкаваньні, у тым ліку ёга, здольнасьць перадольваць стрэс, здольнасьць кантраляваць свае пачуцьці і сваё цела – усё гэта ня толькі зможа дапамагчы вам перадольваць стрэсавыя сытуацыі, але і пазбавіць бяссоньніцы”.

Realage ў гэтым выпадку бяссоньніцы рэкамэндуе не звяртацца да снатворнага, а паспрабаваць традыцыйныя мэтады. Якія? Вось паслухайце:

1. Па-першае, трэба стварыць дакладны рытуал засынаньня і абсалютна прытрымлівацца яго штодня. Час засынаньня і прасынаньня павінен быць заўсёды аднолькавы.

2. Па-другое, паспрабуйце ўсталяваць час засынаньня як
на мага ранейшы час. Памятайце, 1 гадзіна сну да
апоўначы вартая дзьвюм пасля апоўначы.

3. Паўгадзінны шпацыр перад сном напэўна дапаможа вам заснуць.

4. Ніколі ня трэба сытна вячэраць. Поўны страўнік – вораг здаровага і моцнага сну.

5. Цёплая ванна перад сном дапаможа вам расслабіцца і лягчэй заснуць. Ванна з календулай ці мятай яшчэ больш карысная.

6. Сярод натуральных снатворных бяз шкоды для вашага здароўя можна карыстацца: шклянкай чырвонага віна, слабай настойка валерыянкі, шклянкай гарачага малака зь мёдам, настойкай мяты, эўкаліпту, пустэльніку.

7. Калі вы ўжо ў ложку, паспрабуйце ўявіць сабе закуток маляўнічай прыроды, павольную раку, бярозавы лес і інш.

8. Паспрабуйце таксама сканцэнтраваць сваю ўвагу на павольным і роўным дыханьні.

9. Можна крыху намазаць бялізну спэцыяльнымі пахучымі зёлкамі, што садзейнічаюць засынаньню. Гэта мята, леванда, душыца і інш.

10. У арганізме чалавека ёсць чульлівыя месцы, якія садзейнічаюць засынаньню. Гэта кончыкі вушэй. Памасуйце іх перад сном.

11. У ложку паспрабуйце пасьлядоўна расслабіцца: спачатку расслабце мышцы ног, пазьней тулава, рук, шыі і галавы.

12. І на заканчэньне: не забудзьце купіць сабе добры надзейны будзільнік. Бяссоніца часам можа выклікацца боязьзю праспаць раніцай час, калі трэба ісці на працу.

Гэтыя простыя, але часам даволі эфэктыўныя сродкі могуць быць больш карыснымі, чымся снатворныя-лекі.

А цяпер у нашай традыцыйнай рубрыцы “Навіны мэдычнага жыцьця” некаторыя парады
амэрыканскай арганізацыі Realage: як жыць доўга і ў добрым здароўі:

1. Заняткі спортам, бясспрэчна, карысныя для вашага здароўя. Але, калі заняткі гэтыя даволі інтэнсыўныя, у клетках вашага арганізму можа назапашвацца аксыдантыўны стрэс, які можа быць шкодны. Каб гэтага не адбылося, экспэрты Realage прапануюць спартоўцам рэгулярна прымаць вітамін Е. Ён нэйтралізуе шкодны ўплыў аксыдантыўнага стрэсу і аднаўляе пашкоджаныя клеткі. Прыгадаем, што найбольш вітаміну Е знаходзіцца ў складзе алеяў, арэхаў, грубазярністага хлебу і тлустай рыбы. Realage лічыць, што рэгулярны прыём полівітамінаў можа зрабіць ваш біялягічны ўзрост ажно на 6 гадоў маладзейшым.

2. Тое, што вы ясьцё раніцай, мае вельмі важнае значэньне для вашага апэтыту на цэлы дзень. Realage радзіць уключаць у склад мэню сьняданка аўсяную кашу. Яна вельмі багатая на мінэральныя карысныя рэчывы і вітаміны. Але каша павінна быць прыгатаваная з аўса грубага памолу. Моцна фабрычна апрацаваныя аўсяныя камячкі хутка засвойваюцца арганізмам і павышаюць апэтыт. І вам ужо праз гадзіну-дзве зноў захочацца есьці. Затое аўсянка грубага памолу дае працу вашаму страўніку на 4 – 5 гадзінаў і ў вас да абеду будзе пачуцьцё сытасьці. Эспэрты Realage лічаць, што рэгулярны сьняданак можа выразна паправіць стан вашага здароўя і зьменшыць ваш рэальны біялягічны ўзрост на адзін год.

3. Той, хто мае генэтычную схільнасць да раку кішэчніку павінен палюбіць каратын. Вынікі некалькіх апошніх дасьледваньняў амэрыканскіх навукоўцаў сьведчаць, што асобы, якія штодня спажывалі значную колькасць каратыну, ў значна меншай ступені падвяргаюцца пагрозе захворваньня на рак кішэчніку. Realage ў сувязі з гэтым раіць усім есьці як мага болей капусты брокулі, морквы, шпінату і сэльдзерэю, ў складзе якіх найбольш каратыну.

4. Каб захаваць добрае здароўя да старасьці Realage рэкамэндуе есьці смажанае мяса не больш двух разоў за тыдзень. Але, калі вашая звычка есьці мяса нагэтулькі моцная, што вы не ў стане прыслухацца да парады Realage, вельмі важнае значэньне для вашага здароў’я мае спосаб яго смажаньня. Калі мяса перасмажыць, у яго складзе зьявяцца ракатворчыя канцэрагены, калі недасмажыць, у ім застануцца хваробатворчыя бактэрыі. Таму экспэрты Realage рэкамэндуюць як мага часьцей перагортваць мяса на патэльні падчас смажаньня. Гэта дазволіць амаль ідэальна падсмажыць яго.

5. Штодзённы, нават 10-хвілінны шпацыр, як сьцвярджаюць экспэрты Realage, значна зьмяншае вашую схільнасьць да сардэчна-сасудавых захворваньняў. Але ў вас ёсць магчымасьць нават без павелічэньня часу шпацыру павысіць ягоную эфэктыўнасць для вашага здароўя. Дастаткова ўзяць у кожную руку паўтара-двухкіляграмовую торбу. У выніку за 10 хвілінаў інтэнсыўнага шпацыру вы спаліце на 20% болей калёрыяў. Больш таго, падобнае абцяжарваньне будзе вельмі карыснае для вашых каленных суставаў і ступняў. Realage прыпамінае, што рэгулярныя заняткі спортам могуць зьменшыць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 9 гадоў.
XS
SM
MD
LG